— Уладзімір Мікалаевіч, не кожная ініцыятыва, тым больш культурнага плана, жыве столькі часу. А тут — ажно цэлы фестываль, арганізаваны вамі некалі на грамадскіх пачатках...
— Так, і самому не верыцца... 20 гадоў таму ў горадзе над Сожам упершыню прайшоў І Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі». І так штогод, па 3-4 напружаныя фестывальныя дні, праца на форуме за дваццацігадовы перыяд звыш 700 творцаў з-за мяжы Беларусі, амаль паўтары тысячы творчых сустрэч, розныя апрабаваныя формы кантактавання-супрацоўніцтва з чытачамі, сотні конкурсаў, дзясяткі беларуска-расійскіх праектаў...
Прызнаюся: з калегамі нядаўна збіраліся на творчы аргкамітэт, і самі здзівіліся таму, як незаўважна вырасла наша «дзіця» і шмат чаму навучылася ды іншых навучыла за гэтыя даволі няпростыя гады. У нас, на Гомельшчыне, сярод пісьменнікаў, бібліятэкараў і тых, хто падтрымлівае нас у арганізацыі вялікай літаратурнай падзеі (а гэта і органы ўлады, адукацыі, культуры, грамадскія арганізацыі, простыя людзі, якія любяць кнігу), нават бытуе выраз «Ад «Дажынак» да «Дажынак»...
— Дык падзяліцеся: чым жа парадуеце землякоў і гасцей Гомельшчыны сёлета?
— Найперш устойлівай традыцыяй: у свята пісьменнікі будуць шмат працаваць — і адначасова новым падыходам у арганізацыі творчых сустрэч.
Безумоўна, галоўным застаецца адно: разам беларускія і рускія майстры слова выяўляюць праз творчыя конкурсы і падтрымліваюць маладых майстроў пяра, накіроўваюць увагу да асаблівасцяў перакладчыцкага супрацоўніцтва, якое вельмі важнае для яднання і глыбокага ўнутранага разумення-пранікнення ў духоўны свет прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, разам прапагандуюць найлепшыя ўзоры мастацкай літаратуры і абменьваюцца вопытам працы. А чытача мы традыцыйна стараемся парадаваць і новымі кнігамі, калектыўнымі зборнікамі і новымі альманахамі «Літаратурная Гомельшчына» і «Літара», цікавымі творчымі сустрэчамі, міратворчай акцыяй і тэматычнымі выставамі...
Усе папярэднія гады культурна-адукацыйна-асветніцкія і міратворчыя мерапрыемствы форуму з удзелам як беларускіх аўтараў, так і расійскіх, і ўкраінскіх, мы арганізоўвалі ў асноўным на базе бібліятэк горада над Сожам, раённых цэнтраў і аграгарадкоў. 2025-ы фестывальны год стане крыху іншым. Перш за ўсё мы актыўна, па-някрасаўску кажучы, будзем сеяць разумнае, добрае, вечнае ў школьных класах, аўдыторыях каледжаў, гімназій і ВНУ, што называецца не адрываючы іх ад навучальнага працэсу, бо толькі што пачаўся навучальны год. І гэта наш, пісьменнікаў, свядомы выбар, паколькі Гомель сёлета — маладзёжная сталіца Беларусі. Але і дарослага чытача мы не пакрыўдзім: з 1 да 30 верасня сіламі абласной пісьменніцкай арганізацыі праводзіцца месячнік сучаснай патрыятычнай літаратуры, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, Дню народнага адзінства і Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне. Творчыя сустрэчы з лаўрэатамі Нацыянальнай і абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага пройдуць не толькі ў бібліятэках, але і ў розных установах, на прадпрыемствах вобласці.
— Калі правільна разумею, фестываль сёлета будзе больш маладзёжным, крыху зменіць мэтавую чытацкую аўдыторыю?
— У значнай ступені — так. Сёлета пісьменнікі рэгіёна, абапіраючыся на падтрымку гасцей (вядомых літаратараў Саюзнай дзяржавы і Прыбалтыкі — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, Асацыяцыі пісьменнікаў БРІКС), вызначылі працу з будучыняй нацыі найперш сваёй звышзадачай: пастарацца праз непасрэдныя, жывыя зносіны «зарадзіць» любоўю да якаснай кнігі наша маладое пакаленне. Гэта, вядома, выключна цяжкая задача. Вельмі няпростая. Але мы пастараемся.
— Апроч самога міжнароднага форуму, за тры дні пройдуць, напэўна, і іншыя значныя культурна-асветніцкія і патрыятычныя мерапрыемствы ў статусе фестывалю?
— Разам з міжнародным форумам набірае абароты і VІІ Рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага». Дарэчы, дэвіз гэтых фестываляў адзін, як ініцыятар я яго свядома не змяняю
20 гадоў: «Пісьменнікі-славяне! За маральныя ідэалы, за ўзвышэнне душы чалавека!» Таксама асобнымі мерапрыемствамі на Гомельшчыне ў гэтыя дні пройдуць VІІІ Форум маладых літаратараў «Слова» ў фармаце семінара (Гомель), ІV Рэгіянальны фестываль народных традыцый «Беларусь — мая мова і песня» ў фармаце конкурснага спаборніцтва (Тураў — Жыткавічы), а таксама ў фармаце паэтычнага брыфінгу пройдзе ІІІ З’езд праваслаўных літаратараў Саюзнай дзяржавы «Божая сцежка» (Гомель).
Важна падкрэсліць, што ўсе падзеі прысвечаны святой даце — 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Раскажыце аб галоўным творчым спаборніцтве — ІV Міжнародным конкурсе паэтычных перакладаў «Беларусь — Расія. Сожскія Берагі дружбы — 2025»?
— Сумесным рашэннем Савета абласнога аддзялення СПБ і нашых партнёраў з Расійскай Федэрацыі гэтаму конкурсу мы ў пачатку года прысвоілі імя ініцыятара многіх сумесных беларуска-расійскіх праектаў, сына Расіі і Беларусі, выпускніка гомельскай СШ № 33, унікальнага расійскага паэта, славяніна-патрыёта Леаніда Юр’евіча Севера. Дарэчы, да 1 верасня ў краязнаўчым музеі ў роднай школе паэта з’явіцца і памятны стэнд, прысвечаны яму. А што датычыцца непасрэдна конкурсу, то ў ім ўзялі ўдзел амаль 200 маладых перакладчыкаў Саюзнай дзяржавы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў. Спаборніцтва, скажу вам, няпростае. Напрыклад, да юбілею вядомых славянскіх пісьменнікаў расійскія аўтары перакладалі творы беларускага пісьменніка-франтавіка Паўлюка Пранузы, а беларускія паэты-пачаткоўцы — паэзію сучаснага расійскага паэта з Бранска, які нядаўна пакінуў нас, — Уладзіміра Сарочкіна. Пераможцы маладзёжнага праекта (восем маладых аўтараў з розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі) пацвердзілі ўдзел у нашых вераснёўскіх форумах...
Дарэчы, прадстаўнікоў пісьменніцкага цэха Саюзнай дзяржавы таксама чакаюць і творчыя падарункі...
— Падзяліцеся: што ж цікавае ім падрыхтавалі?
— Напрыклад, перакладзеная на беларускую мову і спецыяльна выдадзеная да славянскага форуму кніга прозы «Шчасце» маскоўскага празаіка Васіля Дварцова, а таксама апублікаваныя ў альманахах Гомельскага аддзялення СПБ творы 60 расійскіх і ўкраінскіх аўтараў. Чытачоў мы падрабязней пазнаёмім і з беларуска-расійскім двухтомным праектам «Мір Каўказа» на дзвюх дзяржаўных мовах.
З нецярпеннем чакаюць сустрэч у Беларусі і расійскія пісьменнікі: свае творчыя падарункі з творамі беларускіх аўтараў падрыхтавалі, напрыклад, мае калегі ў Бранску і Курску. І прывязуць у падарунак нашым чытачам кнігі. Так, з Растова-на-Доне жонка паэта Леаніда Севера Ірына Север прывязе ў Гомель томік паэтычных перакладаў беларускіх паэтаў «Гарачаю крывёю сэрца». Гэта цікавы вынік нашай сумеснай працы. А Краснадарская краявая пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі аддала частку часопіснай плошчы «Літаратурнага Краснадара» для гамяльчан, у Гомелі старшыня аддзялення Святлана Макарава будзе яшчэ прэзентаваць адразу тры зборнікі, прысвечаныя подзвігу савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны...
— А дзе будуць праходзіць галоўныя сустрэчы з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі?
— Сваю работу 2 верасня мы пачнём творчым семінарам, на якім з удзелам растоўскіх калег разгледзім вынікі працы нашых маладых беларускіх перакладчыкаў і іх настаўнікаў. 3 верасня пройдуць 20 творчых сустрэч і прэзентацый (што сімвалічна: фестываль 20-ы!) з назвай «Мы — адзіныя! Славім нашу перамогу!». Славянскія пісьменнікі і лаўрэаты прэмій імя К. Тураўскага, «Палескіх рос», «Вернасць Слову» правядуць іх з навучэнцамі і педагогамі педагагічнага каледжа ім. Л. С. Выгоцкага, а таксама пройдуць 20 творчых сустрэч «Усе адтуль, дзе Радзіма» — са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Прэзентацыя новых твораў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Айчыннай вайны, адбудзецца адначасова і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
Паколькі рэгіянальны фестываль «На зямлі Кірылы Тураўскага» пройдзе сёлета ўжо ў сёмы раз, у сямі ўстановах адукацыі і культуры выступіць ганаровы госць форуму, легенда савецкай эстрады, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Эдуард Сямёнавіч Ханок. Ганаруся сяброўствам з гэтым вялікім чалавекам, які ўжо пяць гадоў запар працуе на нашых форумах ў Гомелі! А яшчэ ва ўстановах адукацыі Жыткавіч, Турава і Гомеля пройдуць па сем урокаў міру і памяці «Жыве народ, жыве памяць», прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. Таксама ладзім міратворчую акцыю «Гадзіна міру і дружбы ў горадзе над Сожам» у абласной бібліятэцы. Адкрыццё ж ХХ «Славянскіх літаратурных дажынак» адбудзецца 3 верасня ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры. Культурна-асветніцкія падзеі VІІ Рэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» разгорнуцца на старажытнай Турава-Жыткавіцкай зямлі. Там жа адбудзецца ІV Рэгіянальны фестываль-конкурс народнай творчасці «Беларусь — мая мова і песня», у якім возьмуць удзел народныя калектывы з васьмі палескіх раёнаў. А яшчэ літаратары Саюзнай дзяржавы і госці з Прыбалтыкі таксама ў рамках літаратурных форумаў адкрыюць для сябе эканамічны патэнцыял рэгіёна, наведаюць шэраг прамысловых прадпрыемстваў, аддадуць даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і мірным жыхарам: ускладуць кветкі да памятных месцаў Гомеля, Турава, мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр нацысцкіх канцлагераў у Азарычах. Фестываль 5 верасня завершыцца ў ДК ААТ «Гомсельмаш». Тут адбудзецца міжнароднае літаратурнае свята «Вера. Слова. Памяць» са святочнай канцэртнай праграмай «Жыві, славянскае слова!».
І ў Ліду на свята паедзем: пазнаёмім будучых чытачоў з новымі творамі ўладальнікаў літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, урачыста падорым цэлую кніжную бібліятэчку кніг лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу з аўтографамі.
Гутарыла Валянціна Канстанцінава