— У нашай краіне насамрэч вельмі шырокая падтрымка кнігавыдавецкай дзейнасці. Дзяржава на сённяшні дзень захавала паняцце сацыяльна-значнай літаратуры, і сёлета (так як і ў папярэдні год) у нас па гэтай лініі выходзіць больш за 150 найменняў кніг. Такой падтрымкі няма на цяперашні час ні ў адной з краін СНД. Мы пастаянна пралангіруем існуючыя ці адкрываем новыя пасведчанні для тых, хто выпускае друкаваную прадукцыю, прычым, у большай ступені для прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Гэта своеасаблівы эканамічны паказчык, калі ў дадзеную сферу ідзе прыватны бізнес — не толькі вытворцы, але і распаўсюджвальнікі (а ў нас акрамя традыцыйнай дзяржаўнай сеткі «Белкніга» ўсе рытэйлеры займаюцца рэалізацыяй кніжнай прадукцыі). У краіне шмат прыватных кніжных крам. Значыць, гэта выгадна і выклікае цікавасць. І зноў-такі, пра гэта сведчыць сацыялогія: беларусы — адна з тых нацый, што найбольш чытаюць. Цікавасць да кнігі ёсць. І яшчэ адзін нюанс: беларусы скептычна ставяцца да таго, што рана ці позна папяровую кнігу можа замяніць электронная. Мне здаецца, што ў нашых людзей на ментальным узроўні ёсць пэўная любоў да папяровай кнігі і наогул да чытання. А калі ёсць любоў, тфо і вытворцы будуць імкнуцца рабіць нашу кнігу цікавай і якаснай. Таксама адна з задач — зрабіць кнігу яшчэ больш даступнай, не страціўшы ўзроўню кнігавыдання, які ў нас даволі высокі. Пра гэта сведчыць конкурс «Мастацтва кнігі», вынікі якога падводзяцца традыцыйна ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Сёлета было шмат заявак і намінантаў, сябрам журы было насамрэч складана вызначыцца з пераможцамі. Але адна з яго мэт — адбор прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь на конкурс «Мастацтва кнігі» ў рамках СНД. Тут у нас ашаламляльны вынік: Беларусь 11 разоў станавілася пераможцам гэтага конкурсу, атрымаўшы самую вялікую колькасць Гран-пры сярод іншых краін-удзельніц. Нам ёсць што паказаць.
Чым будзе адметны Дзень пісьменства ў Лідзе? Сутыкненнем гісторыі і сучаснасці. Паводле слоў Дзяніса Езерскага, асноўныя акцэнты гэтай тэмы пройдуць праз усе мерапрыемствы. Акрамя таго, Гродзенская епархія Беларускай праваслаўнай царквы рыхтуе вялікую выстаўку, якая ў большай ступені будзе датычыцца царкоўнай кнігі, але старадрукі і рэдкія фаліянты маюцца ў калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая на сваім стэндзе можа адлюстраваць кніжную гісторыю краіны.
На Дні беларускага пісьменства пройдзе Фестываль кнігі і прэсы, сёлета больш увагі ўдзеляць рэгіёнам: ім будзе прысвечана больш лакацый. Кожная вобласць прэзентуе свой літаратурны патэнцыял, кніжныя навінкі. Сярод іх, дарэчы, шэраг выданняў прысвечаны менавіта Лідчыне. Супольна з Лідскім раённым выканаўчым камітэтам выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала кнігу «Лідскі край», дзе не толькі гісторыя, але і сучаснасць, эсэ ўраджэнцаў Ліды і тых, хто працаваў у раёне на розных участках. Яшчэ адно выданне — з творчай спадчыны Валянціна Таўлая, Міхася Васілька і Сяргея Новіка-Пяюна, заходнебеларускіх паэтаў, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу «Край наш вольны, край любімы» ў серыі «Беларусь літаратурная», якая прысвечана ў тым ліку сучаснай літаратуры Лідчыны.
Гасцей свята чакаюць сустрэчы з вядомымі літаратарамі краіны: іх афіцыйная дэлегацыя складае 116 чалавек, паведаміў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. У яе склад увойдуць прадстаўнікі ўсіх абласцей, але найбольшае прадстаўніцтва забяспечыць Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое ўзначальвае Людміла Кебіч. Запланаваны вечар народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца, якога падтрымае кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок.
Вядома, канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця свята маюць адметную канцэпцыю. Але ёсць новаўвядзенне, якое датычыцца рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Яго фінал ужо адбыўся і засведчыў, што рух чытальнікаў пашыраецца, адзначыў старшыня журы, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр Бадак. Сёлета гала-канцэрт удзельнікаў «Жывой класікі» (прычым не толькі гэтага году) адбудзецца ўпершыню на галоўнай сцэне. А калі класіка жыве і кола яе прыхільнікаў пашыраецца, то, значыць, свята пісьменства дае свой плён.
Ларыса ЦІМОШЫК