«Гэта кліч сэрца»
Вадзім Краўцэвіч родам з Ліды. Урачом малады чалавек вырашыў стаць у дзявятым класе. Падабалася вывучаць біялогію і анатомію, даследаваць чалавечы арганізм. Калі прыйшоў час паступлення, сумненняў не было.
— Думаю, гэта кліч сэрца, — гаворыць малады чалавек. — Мне шчыра хацелася дапамагаць людзям. Таму паступіў на лячэбны факультэт. Вырашыў быць урачом агульнай практыкі. Гэтая вобласць дае шырокія веды і выдатна падыходзіць для атрымання досведу. Трэба сапраўды шмат ведаць. І ўжо набраўшыся вопыту, можна ісці ў вузкую спецыялізацыю. Цікавасць выклікае дэрматалогія, хацелася б развівацца ў гэтым кірунку.
Суразмоўца шчыра прызнаецца, што пяцігадовая адпрацоўка, якую прадугледжвае мэтавае накіраванне, крыху палохала. Але, падумаўшы, вырашыў, што гэта надзейная траекторыя паступлення, якая дазволіць вучыцца там, дзе хацелася. Да таго ж не трэба хвалявацца аб пошуку работы, ды і статус маладога спецыяліста застаецца на працягу ўсіх пяці гадоў.
— Калі гаварыць адкрыта, то прызнаюся яшчэ і ў тым, што было ніякавата, калі даведаўся пра сваю пасаду. Адразу пасля ўніверсітэта стаць кіраўніком.... Слаба гэта ўяўляў і вельмі хваляваўся, — гаворыць Вадзім. — Але, бясспрэчна, прыемна, што даверылі. У амбулаторыі я атрымаў каласальны вопыт. Вяду змешаныя прыёмы. Гэта значыць, што да мяне прыходзяць і дарослыя, і дзеткі. З калектывам вельмі пашанцавала: падтрымліваюць. У раённай бальніцы таксама ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. Заўсёды можна было пракансультавацца ў пастаноўцы дыягназу. Несумненна, гэты вопыт спатрэбіцца. Вельмі рады, што знайшоў агульную мову і з жыхарамі аграгарадка.
«Усім сэрцам люблю прафесію»
Навучанне ва ўніверсітэце аказалася няпростым: трэба было апрацоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, набываць практычныя навыкі. Але гэта закладвае падмурак будучай кар’еры, бо праца ўрача патрабуе пастаяннага самаўдасканалення.
— Аб сваім выбары не шкадую і ўсім сэрцам люблю гэтую прафесію. А калі любіш тое, што робіш, нічога не страшна. Вядома, не будзеш да ўсяго гатовым. Асабліва запомніўся адзін выпадак. Я толькі пачынаў працаваць. Чалавеку стала дрэнна, аказалася, што гэта інфаркт міякарда. Разам з калегамі змагаліся за жыццё пацыента. На шчасце, ён выжыў. Гэты выпадак назаўжды застанецца ў памяці. Да гэтага часу шчаслівы, што нам удалося выратаваць жыццё чалавеку, таму што далёка не ўсё залежыць ад урача, ёсць шмат звязаных з гэтым фактараў.
Вадзім адзначае, што добрым доктарам можна назваць таго, хто падкаваны практычна і тэарэтычна. Важна ўмець спачуваць пацыентам, быць уважлівым, шчыра хацець дапамагаць, не саромецца прасіць дапамогі.
Дарэчы, будынак Мажэйкаўскай амбулаторыі, які быў узведзены ў 1870–1880 гадах як флігель сядзібы пана Брахоцкага, з’яўляецца помнікам архітэктуры XІX стагоддзя. Ён ахоўваецца дзяржавай. Гэта пабудова, якая прайшла праз стагоддзі і шматлікія змены, з 1986 года служыла фельчарска-акушэрскім пунктам. Пасля рэструктурызацыі ў 2005 годзе — урачэбная амбулаторыя. Малады ўрач гаворыць, што працаваць у такім незвычайным будынку вельмі цікава.
Бліц-апытанне
Звязаліся з маладымі ўрачамі, якія скончылі Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, каб даведацца, як яны асвоіліся на сваіх працоўных месцах.
Выпускнік лячэбнага факультэта Арцём Капыціч у 2022 годзе атрымаў званне найлепшага студэнта СНД, а ў 2023-м стаў найлепшым маладым вучоным СНД:
— Працую ўрачом-траўматолагам-артапедам у Мінскай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласной клінічнай бальніцы, дзе таксама праходжу інтэрнатуру. Разам з калегамі займаемся работай з пацыентамі і афармленнем дакументацыі. Пасля паступлення пацыента ў стацыянар пад кантролем урача-настаўніка праводжу агляд і прызначаю неабходнае лячэнне. Затым асісцірую настаўніку падчас аперацый. Пасля аперацыі працягваю працаваць з пацыентам да самай яго выпіскі. Такім чынам, я ўдзельнічаю ў лячэнні пацыента на ўсіх этапах. Не абмяжоўваюся працай у сваім аддзяленні. Разам з калегамі выязджаю ў іншыя медыцынскія ўстановы для правядзення кансультацый і аперацый. Цяпер зведваю цэлы спектр эмоцый ад інтэнсіўнай практычнай працы з пацыентамі. Асабліва прыемна было ўпершыню пачуць: «Які ўважлівы малады лекар!» Хачу выказаць падзяку калегам за настаўніцтва — нас не пакідаюць сам-насам з цяжкасцямі, а дапамагаюць, навучаюць і падтрымліваюць.
Выпускніца медыка-псіхалагічнага факультэта Ксенія Жыгадла:
— Сваю кар’еру я пачала ў Брэсцкім абласным псіханеўралагічным дыспансеры, дзе працую псіхіятрам-нарколагам. Цяпер праходжу інтэрнатуру ў дзіцячым амбулаторным псіхіятрычным аддзяленні. Гэты досвед адкрывае новыя гарызонты прафесійнага росту. Я ўрач-інтэрн на ўчастку, вяду прыём пацыентаў. Штодня ўсведамляю важнасць выбранай прафесіі. Мне пашанцавала працаваць у выдатнай камандзе прафесіяналаў. Настаўнікі і калегі — згуртаваны калектыў, гатовы падтрымаць, растлумачыць і дапамагчы асвоіць новыя навыкі. Такая атмасфера натхняе і матывуе на развіццё.
Выпускніца лячэбнага факультэта Наталля Траццякова:
— Размеркавалася ўрачом-хірургам у Гомельскую гарадскую клінічную паліклініку № 14, інтэрнатуру праходжу ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. На першым працоўным месцы мяне замацавалі за настаўнікам, пад кіраўніцтвам якога я выконваю розныя маніпуляцыі. Напрыклад, аглядаю пацыентаў, асісцірую на аперацыях. Таксама ў мяне праходзіць цыкл па амбулаторна-паліклінічнай хірургіі ў Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе пад кіраўніцтвам начальніка медыцынскай службы я прымаю і аглядаю пацыентаў. У першыя дні інтэрнатуры вельмі хвалявалася, але ў выніку ўражанні самыя прыемныя. Мяне добра прынялі і дапамагаюць вырашаць любыя праблемы, адказваюць на пытанні і навучаюць.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара.