У аўторак, 26 жніўня, у Палацы Незалежнасці на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалі пытанні, якія ўплываюць на ўзровень і якасць жыцця людзей. Цэнтральнай тэмай нарады значылася эфектыўнасць сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны, перш за ўсё ў сельскай мясцовасці. Нашы эксперты пракаментавалі нараду ў кіраўніка дзяржавы.
«Будучыня гандлю ў сельскай мясцовасці — за аўтакрамамі»
Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва надае вялікае значэнне павышэнню якасці гандлёвага абслугоўвання, у прыватнасці, у вёсцы. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА нагадала: па даручэнні Прэзідэнта сенатары сумесна з дэпутацкім корпусам з восені 2020 года актыўна ўдзельнічаюць у маніторынгу гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку па зваротах грамадзян, якія паступілі падчас асабістых прыёмаў. Сёлета маніторынгам ахоплена амаль 700 гандлёвых аб’ектаў у 75 раёнах краіны, уключаючы 116 сельскіх населеных пунктаў.
Сярод праблемных пытанняў, выяўленых падчас маніторынгу, Наталля Качанава назвала адрозненне цэн на адны і тыя ж тавары ў розных крамах, незахаванне асартыментнага пераліку і закрыццё аб’ектаў з прычыны дэфіцыту кадраў, асабліва ў сельскіх населеных пунктах.
Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей з удзелам кіраўніцтва Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Белкаапсаюза, якая адбылася ў ліпені гэтага года ў Зэльве. «Вопыт Гродзенскай вобласці па паляпшэнні якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва паспяховы, — лічыць Наталля Качанава. — Па выніках пасяджэння былі дадзены рэкамендацыі яго выкарыстоўваць у іншых рэгіёнах».
«Будучыня гандлю ў сельскай мясцовасці — за аўтакрамамі, — лічыць спікер. — Таму трэба шукаць механізмы стымулявання сеткавікоў да набыцця сучасных кліентаарыентаваных аўтакрам. Вельмі важна, каб кожны чалавек меў доступ да якасных прадуктаў харчавання і тавараў першай неабходнасці па разумных коштах, паколькі гэта не толькі ўплывае на ўзровень жыцця, але і служыць асновай для сацыяльнай стабільнасці, з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на павышэнне дабрабыту насельніцтва».
«Мы не ў баку ад гэтай праблемы»
Па завяршэнні выязнога пашыранага пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося 27 жніўня на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА звярнуўся да парламентарыяў з просьбай не здымаць з дэпутацкага кантролю пытанні, звязаныя з работай гандлю ў вёсцы.
Напярэдадні спікер прыняў удзел у нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі, якая была прысвечана эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі. Гандаль у сельскай мясцовасці заўсёды быў пад пільнай увагай дэпутацкага корпуса. Ігар Сергяенка адзначыў, што напярэдадні нарады ў кіраўніка дзяржавы кожная камісія прадставіла сваё бачанне сітуацыі з улікам меркаванняў і ацэнак выбаршчыкаў. І высновы, якія зрабілі дэпутаты, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, на 100 % карэлявалі з тымі падыходамі, якія на нарадзе агучыў Прэзідэнт.
«Вы чулі задачу, якую дакладна паставіў кіраўнік дзяржавы, — да 1 студзеня распрацаваць эфектыўную сістэму гандлёвага абслугоўвання па ўсёй Беларусі, дайсці да кожнага раёна, — нагадаў дэпутацкаму корпусу спікер. — Задача пастаўлена, вядома ж, кіраўнікам абласцей, раёнаў. Але і мы не ў баку ад гэтай праблемы. У час выездаў у акругі трэба паглядзець, дзе рэальна ёсць пытанні, звязаныя з работай сельскіх магазінаў, спажыўкааперацыі, гандлёвых аб’ектаў іншых форм уласнасці, аўтакрам».
Ігар Сергяенка заклікаў дэпутатаў ставіцца ўважліва да тых праблем, якія да іх паступаюць, у тым ліку, па яго словах, гэта датычыцца пытанняў закрыцця крам, ФАПаў, школ, дзіцячых садкоў у вёсцы. Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на неабходнасць работы ў звязцы з мясцовымі органамі ўлады, пры гэтым глядзець на ўсё сваімі вачамі і рабіць уласныя высновы.
«Прэзідэнт заўсёды з клопатам ставіцца да сельскіх жыхароў»
«Клопат аб людзях і іх дабрабыце павінен быць галоўнай мэтай любога кіраўніка», — нагадала фразу, сказаную Прэзідэнтам практычна паўтара дзясятка гадоў таму, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына ДАЎГАЛА. Па словах дэпутата, гэты пасыл гучаў з новым напаўненнем і на нядаўняй нарадзе.
«Мы ўсе пакупнікі (не важна, рэальныя або віртуальныя) і хочам набыць любыя тавары і паслугі хутка, якасна, з добрым выбарам і па даступнай цане, — лічыць парламентарый. — Сёння гараджанам не трэба скардзіцца на адсутнасць пэўных тавараў або паслуг. Шырокі асартымент, цэнавы дыяпазон, крокавая даступнасць — адным словам, бяры — не хачу. А вось жыхары сельскай мясцовасці не заўсёды і не ўсюды могуць пра гэта з упэўненасцю гаварыць. Калі аўтакрама і прыязджае, то асартымент небагаты ды і цэннік завоблачны. Многія працуюць па так званым заяўным прынцыпе: збіраюць заяўкі ад жыхароў і, адпаведна, прывозяць іх замовы. Так і людзям добра, і рэалізацыя тавараў у гандлёвай арганізацыі ідзе».
Самым затратным у гэтым плане, па словах дэпутата, з’яўляецца транспартнае забеспячэнне. «Вядома ж, дзяржава не можа проста даць сродкі на пакрыццё транспартных страт, таму Прэзідэнт і настойвае, каб гэта былі крэдытныя сродкі, — заўважыла Ірына Даўгала. — Сеткавыя супермаркеты, якія літаральна авалодалі гандлёвай прасторай краіны, адчуваюць сябе выдатна. Таму абсалютна абгрунтаванае патрабаванне нашага Прэзідэнта, каб яны неслі сацыяльную нагрузку».
Парламентарый звярнула ўвагу на тое, што пры правядзенні маніторынгу цэн (а гэта ўжо неад’емная частка работы дэпутатаў) устаноўлены факты, калі ў шэрагу тых жа супермаркетаў, як кажуць пакупнікі, «касмічныя» цэны на дурніцы, клубніцы, маліны (кошт у дыяпазоне 60–115 рублёў), на абрыкосы — 83 рублі, персікі — 67 рублёў. А цяпер, калі ўжо ёсць ураджай сваіх яблыкаў, на прылаўках — польская садавіна.
Усё гэта, як падкрэслівае намеснік старшыні Пастаяннай камісіі, выклікае ўстойлівую незадаволенасць сярод пакупнікоў. Асабліва сярод пенсіянераў, людзей сярэдняга дастатку, шматдзетных і маламаёмасных. «Таму ўсім (і рэспубліканскім, і мясцовым органам улады) кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтную задачу: патрэбна эфектыўная сістэма абслугоўвання ў маштабах краіны, — канстатавала дэпутат. — Прэзідэнт заўсёды з клопатам ставіцца да сельскіх жыхароў, бо ў першую чаргу дзякуючы менавіта ім забяспечваецца ў нашай краіне харчовая бяспека. І каго, як не іх, неабходна забяспечыць усім. У нашага Прэзідэнта словы не разыходзяцца са справай, і калі асновай асноў з’яўляецца сацыяльная справядлівасць, то яе забеспячэнне — ключавая задача. А сацыяльная справядлівасць для сельскіх жыхароў — гэта і ёсць сацыяльная абароненасць».
Размова аб якасці жыцця нашых грамадзян — у кожным кутку краіны
— Чарговая нарада ў Прэзідэнта зноў пацвердзіла простую, але фундаментальную ісціну: моцная эканоміка пачынаецца з клопату пра чалавека, — у сваю чаргу звяртае ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяна Ігнацюк. — Пытанне, якое ўзняў Аляксандр Рыгоравіч, далёка не толькі аб гандлі. Гаворка пра якасць жыцця нашых грамадзян — у кожным, нават самым аддаленым, кутку краіны.
Сенатар звяртае ўвагу на важнасць разумення таго, што гандлёвае абслугоўванне — гэта не проста паліцы з таварамі, гэта аблічча дзяржавы, яе стаўленне да людзей:
— І гэта аблічча павінна быць добразычлівым, сучасным і даступным.
Асаблівую важнасць, на яе думку, набывае даручэнне аб стварэнні адзінай эфектыўнай сістэмы гандлёвага абслугоўвання па ўсёй краіне, уключаючы сельскія населеныя пункты:
— Гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, мудры і своечасовы курс на павышэнне якасці жыцця. Бо ў рэшце рэшт эфектыўная сістэма гандлю — не толькі пра тое, што і дзе прадаецца. Наша дзяржава, як руплівы гаспадар, адчувае клопат аб кожнай сям’і, дзе б яна ні жыла.
Парламентарый заклікае:
— Давайце разам увасобім гэты клопат у рэальныя справы. Ад нас з вамі залежыць, каб ужо ў новым годзе па прадукты быў не доўгі шлях, а кароткая і прыемная дарога да якасці і дабрабыту.
«Усе павінны жыць камфортна і мець аднолькавую магчымасць купляць прадукты і тавары»
Як звяртае ўвагу член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Алена ПАРХІМЧЫК, з’яўляючыся народным Прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка на нарадах заўсёды ўзнімае актуальныя тэмы, якія маюць вялікае значэнне для кожнага жыхара краіны.
«У Беларусі вельмі шмат робіцца для таго, каб людзі, якія працуюць у рэальным сектары эканомікі, мелі дастойны ўзровень жыцця і ўсё неабходнае, — пераканана дэпутат. — Не мае значэння, працуе чалавек у горадзе або забяспечвае харчовую бяспеку краіны, апрацоўваючы зямлю і вырошчваючы сельскагаспадарчых жывёл, — усе павінны жыць камфортна і мець аднолькавую магчымасць купляць прадукты і тавары.
З гэтым пасылам кіраўнік дзяржавы неаднаразова звяртаўся да ўрада і ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў. Таму тэмы гандлю і іншыя, якія абмяркоўваліся ў Палацы Незалежнасці, не новыя, але па-ранейшаму вельмі важныя».
Працуючы ў выбарчай акрузе, маючы зносіны з насельніцтвам і на пастаяннай аснове вывучаючы асартымент, цэны ў крамах як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці, дэпутат прызнае, што праблемы існуюць. У гэтай сувязі прыводзіць свежы прыклад. Зусім нядаўна ў адным з аграгарадкоў Пухавіцкага раёна, які ў тым ліку ўваходзіць у выбарчую акругу парламентарыя, закрылася крама сістэмы Белкаапсаюза, якая карысталася вялікай папулярнасцю як у мясцовых жыхароў, так і ў дачнікаў, якія з вясны і да позняй восені жывуць на тэрыторыі населенага пункта.
«Крама задавальняла розныя патрэбы насельніцтва і мела вельмі зручнае размяшчэнне ў цэнтры аграгарадка, — канкрэтызавала Алена Пархімчык. — Таксама была магчымасць заказваць пэўныя прадукты ці тавары, у якіх была неабходнасць. Пры гэтым крама прыватнай уласнасці такой папулярнасцю не карыстаецца. З просьбай захаваць краму Белкаапсаюза людзі прыходзілі да мяне на прыём грамадзян, тэлефанавалі на прамую лінію. На жаль, крама зачынілася. Прадавец пенсіённага ўзросту не пагадзілася працягваць кантракт. На гэта ў тым ліку паўплывалі патрабаванні, звязаныя з лічбавізацыяй, на што скіроўваў увагу і Прэзідэнт. У сельскай мясцовасці, як правіла, у гандлі, задзейнічаны людзі перадпенсіённага або пенсіённага ўзросту, якіх палохае ўсё новае».
Дэпутат звярнула ўвагу на тое, што неадназначна ў сельскай мясцовасці ставяцца і да электроннага гандлю. Па яе словах, многія ў сілу свайго ўзросту не разумеюць, як ажыццявіць пакупку ў інтэрнэце. І калі ў летні перыяд гэта праблема часткова здымаецца, бо да пажылых жыхароў прыязджаюць дзеці і ўнукі, то ў іншую пару года электронны гандаль на вёсцы — дакладна не актуальны.
Член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы адзначыла, што ўборачная кампанія — адна з ключавых на парадку дня, але цыкл сельскагаспадарчых работ доўжыцца круглы год. «І, вядома, тыя людзі, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, нашы аграрыі, павінны мець магчымасць набываць усё неабходнае ў сваім населеным пункце, — лічыць дэпутат. — Бо, калі ідзе гарачая пара жніва, у іх проста фізічна няма магчымасці кудысьці выязджаць па пакупкі. Гэта датычыцца і збору дзяцей у школу, і набыцця штодзённа неабходных прадуктаў харчавання».
Задача — скараціць разрыў якасці жыцця ў горадзе і на вёсцы
Палітолаг Аляксей Дзермант у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» заўважыў, што пытанні, якія датычацца канкрэтных людзей, займаюць такое ж важнае месца ў палітыцы кіраўніка дзяржавы, як і пытанні больш «высокага» ўзроўню:
— Прэзідэнт уважлівы да ўсіх пытанняў, ён арыентуе дзяржаўны апарат адказных людзей на тое, каб гэтымі пытаннямі займацца. Прычым кіраўнік дзяржавы валодае інфармацыяй з розных крыніц, у тым ліку і крытычнай. Бо чыноўнікі і кіраўнікі, бывае, прадстаўляюць некаторыя моманты ў больш выгадным святле, каб не выклікаць крытыку. Дык вось, Прэзідэнт валодае рознай інфармацыяй, таму, калі (у грамадстве. — Заўв. рэд.) наспяваюць пэўныя праблемы, ён склікае нараду, каб гэтыя праблемы пазначыць, выслухаць варыянты вырашэння і прызначыць адказных за выкананне.
Аляксей Дзермант адзначыў: трэба пагадзіцца, што ёсць нейкі разрыў паміж якасцю жыцця людзей у сталіцы і рэгіёнах. Задача дзяржавы — скараціць гэты разрыў.
— Калі мы кажам, што ў Мінску дасягальны (да набыцця. — Заўв. рэд.) любы пералік тавараў, то і на сяле павінна так быць, — падкрэсліў палітолаг. — Ёсць вельмі небяспечная тэндэнцыя для дзяржавы: калі нібыта праз неэфектыўнасць пачынаюць скарачаць колькасць гандлёвых пунктаў, аўталавак, то-бок узровень даступнасці забеспячэння неабходнымі рэчамі для вяскоўцаў зніжаецца. З’яўляюцца буйныя гандлёвыя сеткі, але да вёскі яны не даходзяць. Гэтыя гандлёвыя сеткі дзейнічаюць у рамках манапалістычнай логікі — зжыраюць усё, што можна, падмінаюць пад сябе, але пры гэтым вельмі часта церпіць гэтая даступнасць, якасць жыцця. Таму што буйной сетцы больш выгадна стварыць вялікую краму, каб туды сцякаліся ўсе пакупнікі, чым кропкава развозіць кудысьці прадукцыю і тавары. І гэта праблема. Так, з аднаго боку, мы павінны стымуляваць развіццё бізнесу, гандлю, а з другога — не павінны забываць пра канкрэтных людзей і іх праблемы. У гэтым сэнсе трэба знайсці аптымальны механізм для работы.
Пры гэтым, дадаў Аляксей Дзермант, палітыка Беларусі накіравана на інтарэсы чалавека. Паводле яго слоў, у дзяржаве не думаюць пра тое, як буйному бізнесу атрымаць больш прыбытку з людзей, а, наадварот, вырашаюць праблемы з даступнасцю тавараў і паслуг у сельскай мясцовасці.
— Вядома, ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны закрыцця, напрыклад дэмаграфічныя, але ёсць і суб’ектыўныя, калі хтосьці перастае бачыць для сябе фінансавую перспектыву на вёсцы і закрывае (гандлёвы пункт. — Заўв. рэд.) у рамках аптымізацыі, — зрабіў акцэнт Аляксей Дзермант. — Калі людзі пачынаюць пакутаваць праз гэта, павінна ўмешвацца дзяржава. І гэта заўсёды было прыярытэтам нашай палітыкі.
Таму Прэзідэнт і праводзіць падобныя мерапрыемствы, дзе разбірае праблемы канкрэтных людзей, падкрэсліў Аляксей Дзермант. Паводле яго, у гэтым уся сутнасць. Прычым важна разумець, што гэта не ўваходзіць у функцыянальныя абавязкі кіраўніка дзяржавы, для гэтага ёсць іншыя людзі, але ён бачыць праблемы і кажа аб рашэннях.
Даступнасць па разумных цэнах
На думку члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандра Гарошкіна, гандлёвае абслугоўванне насельніцтва — гэта не толькі пытанне даступнасці тавараў і паслуг, але і важны аспект сацыяльнай стабільнасці і якасці жыцця грамадзян:
— Ва ўмовах глабалізацыі і змены спажывецкіх пераваг Беларусь сутыкаецца з неабходнасцю адаптацыі сваёй гандлёвай сістэмы да новых умоў. Прэзідэнт падкрэсліў, што эфектыўная гандлёвая сістэма павінна забяспечваць не толькі шырокі асартымент тавараў, але і іх даступнасць па разумных цэнах.
Сенатар нагадаў, што кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння ўмоў для роўнага доступу да тавараў для ўсіх грамадзян, а таксама падтрымкі айчынных вытворцаў і фермераў. Ён падкрэсліў, што развіццё мясцовай вытворчасці не толькі спрыяе эканамічнаму росту, але і забяспечвае насельніцтва якаснымі і свежымі прадуктамі.
— Нарада ў Прэзідэнта стала важным этапам у працэсе рэфармавання сістэмы гандлёвага абслугоўвання. Прынятыя рашэнні і выпрацаваныя рэкамендацыі павінны стаць асновай для далейшых дзеянняў, накіраваных на стварэнне эфектыўнай і даступнай гандлёвай сістэмы, якая спрыяе паляпшэнню якасці жыцця грамадзян і развіццю эканомікі краіны, — адзначыў суразмоўца. — Важна, каб усе ўдзельнікі працэсу працавалі ў адзіным кірунку, імкнучыся да дасягнення агульнай мэты — дабрабыту і росквіту Беларусі.