Чарговую тысячу тон рэкардсмены адзначалі не на родных палетках — у «Кухчыцах» ужо ўсё зжата, — а на палях суседняга Слуцкага раёна, куды выехалі на дапамогу. Ураджай на Случчыне сёлета багаты: з палёў сабралі рэкордныя 200 тысяч тон — фактычна дзясятую частку ўраджаю вобласці, якая традыцыйна лідзіруе ў краіне па намалоце. Унёсак Міншчыны ў агульны каравай ужо перасягнуў 2 мільёны тон. Так што ў старшыні Мінскага аблвыканкама Анатоля Кушнарэнкі, які на полі ў Слуцкім раёне ўшаноўваў рэкардсменаў-тысячнікаў і віншаваў раён з ураджайным дасягненнем, ёсць нагода і для гонару, і для добрых слоў у адрас герояў жніва.

Павел ШУЦІЛА ставіць рэкорды на айчынным камбайне.
«Ураджай разам з рапсам складае 2 млн 100 тысяч тон, без рапсу — 1 млн 830 тысяч тон збожжавых. Гэта амаль на 100 тысяч больш, чым летась, — падвёў ён вынікі ў размове з журналістамі. — І работа працягваецца. За такімі лічбамі стаіць сістэмная праца аграрыяў Міншчыны, рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў. Для многіх гаспадарак і раёнаў Мінскай вобласці гэтыя ўраджаі рэкордныя, як і ў Слуцкім раёне, дзе намалочана звыш 200 тысяч тон збожжа з рапсам».
Андрэй АЛЯКСЕЙЧЫК спыняцца на дасягнутым не збіраецца.
«За гэтымі вялікімі лічбамі стаіць ваша штодзённая карпатлівая праца, стаўленне да справы, любоў да роднай зямлі, — звярнуўся да герояў жніва Анатоль Кушнарэнка. — Гэта не проста лічбы. Гэта сведчыць аб тым, што мы адказна падышлі да выканання тых задач, якія перад намі ставяцца. Галоўная з іх — забеспячэнне харчовай бяспекі Беларусі. Ён падкрэсліў, што такія вынікі — прыклад для ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці, які заслугоўвае павагі і самых высокіх узнагарод.- Паводле слоў кіраўніка Міншчыны, за высокімі ўраджаямі заўсёды бачна няпростая, карпатлівая праца спецыялістаў, якія напрацоўвалі пэўны вопыт з папярэдніх уборачных шляхам правядзення эксперыментаў, укаранення сучасных тэхналогій. «Мы з гонарам можам гаварыць, што ўраджайнасць збожжавых на 8 ц/га вышэйшая, чым летась. Пры гэтым аграрыі, зараджаныя на вынік, разумеюць, што гэта далёка не мяжа. У краіне зроблена ўсё, створаны ўмовы для таго, каб атрымліваць такія высокія ўраджаі», — цытуе яго БелТА.
Павел Шуціла, які прымаў віншаванні з рэкорднымі васьмю намалочанымі тысячамі, працуе ў роднай гаспадарцы 18 гадоў, з іх 15 — на камбайне, дарэчы, айчынным: «Гомсельмаш» не падводзіць. «Камбайн выдатны, малоціць чыста», — лаканічна хваліць машыну Павел. Дапамагае ставіць рэкорды не толькі якасная тэхніка — любімая жонка і трое сыноў натхняюць на працу. Малодшаму, дарэчы, яшчэ няма трох гадоў, але на камбайне тата яго ўжо пакатаў. Магчыма, будзе змена, жартуе Павел.
Вадзіцеля Андрэя Аляксейчыка чакаюць дома жонка і дзве дачушкі. Яны прывыклі, што летам бацька на полі ад світання да змяркання (працуе мужчына ў гаспадарцы ўжо 13 гадоў). А ён дзеля іх і стараецца, прызнаецца, што адна з найлепшых матывацый паспяховай працы — годная зарплата. Свае дасягненні тлумачыць проста: «У асноўным гэта дзякуючы калектыву, падтрымцы сям’і, родных, блізкіх, кіраўніка. У нас зямля добрая, дае такія ўраджаі. Ёсць рабочы працоўны азарт. Асабліва калі пераступаеш рысу, якой ты дасягнуў летась. Хочацца яшчэ больш».
- Знаходзіцца на хлебнай ніве месца і для рацыяналізатарскіх рашэнняў, якія таксама даюць плён. Павел Шуціла і Андрэй Аляксейчык разам апрабавалі новую тэхніку — выгрузкі на хаду. «Вельмі спадабалася. Нашмат хутчэй набіраем тону. Паспрабавалі — атрымалася. Пачалі працягваць у тым жа духу», — дзеліцца Андрэй.
І ўсё ж асноўны фактар дасягненняў агучыў у інтэрв’ю «Звяздзе» кіраўнік гаспадаркі, дзе працуюць хлебаробы-рэкардсмены, дырэктар ААТ «Кухчыцы» Сяргей Здрок: «Нашы людзі — гэта без перабольшання гонар не толькі гаспадаркі, але і ўсёй Беларусі. Гэта яны ўслаўляюць наша прадпрыемства, а не валавыя аб’ёмы, намалоты, іншыя лічбы»...
Фота БелТА.