Як адзначыў старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр КАМЕНДАНТ, рэгіён моцна стаіць на нагах, тут працуе каля 250 буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія актыўна развіваюцца.
Было падлічана, што эканамічны патэнцыял Гродзеншчыны складае каля 11 % ад усёй эканомікі нашай краіны. Як патлумачыў Аляксандр Камендант, гэты паказчык толькі часткова залежыць ад сельскай гаспадаркі (10 % ад усіх аб’ёмаў), у той жа час адна трэць эканомікі адпавядае прамысловасці. Менавіта таму за 2021–2024 гады рэальныя даходы прадпрыемстваў Гродзеншчыны павялічыліся амаль удвая (196 %). У гэты час рост намінальна налічанай зарплаты адзначыўся тэмпам 190 %.
Па прамысловай вытворчасці рэгіён павялічыў свае паказчыкі амаль на траціну (133,5 %), у сельскай гаспадарцы — 114 %. За чатыры гады ў вобласці пабудавана і здадзена ў эксплуатацыю каля 1,9 мільёна квадратных метраў жылля. Прырост рэгіянальнага валавога прадукту да ўзроўню 2020 года складае больш за 13 %. Старшыня камітэта эканомікі лічыць, што гэта годны паказчык.
Маляўнічай візітоўкай вобласці з’яўляецца наяўнасць старадаўніх замкаў і іншых славутасцяў. Гродзенская вобласць рэалізоўвае 25 праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Па словах Аляксандра Каменданта, многія рэгіёны знайшлі цікавыя нішы, стварыўшы ў сябе новыя вытворчасці і даўшы тым самым стымул для сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў: «Дзесьці гэта турызм, дзесьці — харчовая прадукцыя і гэтак далей. Шэраг праектаў ужо завершаны. Плануецца, што 14 завершацца да канца гэтага года.
І ў нас 8 праектаў, якія пераходзяць на наступны год. Гэта вялікія праекты, у рамках якіх нават пабудуюць асобныя прадпрыемствы, якія, перакананы, унясуць значны ўклад у эканоміку нашай краіны».
Сяргей КУРКАЧ