Top.Mail.Ru

Каб шлях быў зручным

27.08.2025 | 15:56

Са сваімі набалелымі пытаннямі на адрас рэдакцыі звярнуліся жыхары г. Лепеля Віцебскай вобласці:



— Мы пражываем па завулку 2-і Полацкі ўжо не адзін дзясятак гадоў. Пытанне, з якім звяртаемся да вас, хвалюе не толькі нас, а і ўсіх жыхароў вуліцы, а таксама нашых суседзяў , што пражываюць па завулках 1-ы Полацкі і Азёрны. Дарогі ўздоўж названых вуліц не заасфальтаваны. З наступленнем восені, калі пачынаецца перыяд моцных дажджоў, а таксама вясной, калі сыходзіць снег, дарогі ўздоўж нашых вуліц моцна размывае, і без гумавых ботаў па іх прайсці немагчыма. Так, з боку жыллёва-камунальнай службы вядзецца адпаведная работа — ажыццяўляецца падсыпка дарог. Аднак праз пэўны час праблема ўзнікае зноў. Вельмі хацелася б, каб гэта пытанне было ўзята на кантроль.

Хвалюе нас і яшчэ адна праблема. Многія жыхары мікрараёна Пясчанка, якія не маюць уласных аўтамабіляў, да цэнтра горада, бальніцы дабіраюцца на рэйсавым аўтобусе. І калі ў буднія дні пасля 18 гадзін на гарадскім аўтобусе можна даехаць да бальніцы, то ў выхадныя дні апошні аўтобус адпраўляецца ў 16 гадзін. Для жыхароў мікрараёна, асабліва пажылых людзей, якія жадаюць наведаць сваіх родных у бальніцы, прыезд сюды становіцца праблемай. Вельмі хацелася б, каб рэйс гарадскога аўтобуса ў выхадныя дні быў арганізаваны і ў больш позні час, пасля 18 гадзін.

З першым пытаннем нашых чытачоў наконт дрэннай якасці дарог па вуліцах 1-ы, 2-і Полацкі і Азёрны завулкі мы звярнуліся да Мікалая Латышава, намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мікалай Віктаравіч пацвердзіў, што там сапраўды няма асфальту, але пры гэтым адзначыў: «Для падтрымання належнага стану дарог па завулках 1-ы, 2-і Полацкі, а таксама завулка Азёрны рэгулярна праводзіцца іх грэйдзіраванне. Аднак штомесяц праводзіць падсыпку немагчыма...» Намеснік старшыні райвыканкама паабяцаў, што напярэдадні восеньскіх дажджоў спецыялістам жыллёва-камунальнай службы будзе дадзена даручэнне з улікам спецыфікі глебы ў мікрараёне Пясчанка, дзе пражываюць нашы чытачы, дабаўляць у сумесь для падсыпкі дарог даламітавы шчэбень. Гэта дапаможа дарозе пратрымацца ў прымальным стане даўжэй.

***

Адказ на другое пытанне чытачоў мы атрымалі ў дырэктара ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14 г. Лепель» Міхаіла Казімірчыка, які паведаміў наступнае:

«Так, у буднія дні арганізаваны рэйс гарадскога аўтобуса № 5, які дастаўляе пасажыраў да бальніцы. У свой час быў арганізаваны рэйс гэтага ж аўтобуса ў 18 гадзін 22 хвіліны, які рухаўся з аўтавакзала ў напрамку мікрараёна Пясчанка і ў выхадныя дні. Аднак, на вялікі жаль, гэтым рэйсам карысталася мінімальная колькасць пасажыраў, усяго адзін-два чалавекі. Нярэдка людзей не было зусім, таму рэйс адмянілі па прычыне яго немэтазгоднасці».

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю