Месца правядзення выязнога пасяджэння было вызначана невыпадкова: навучальная ўстанова з’яўляецца кузняй падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі ў галіне пажарнай бяспекі, абароны ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. У гэтым пераканаліся і парламентарыі, азнаёміўшыся з вучэбна-матэрыяльнай базай Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, дзе будучыя ратавальнікі праходзяць падрыхтоўку.
Фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту і новыя кампетэнцыі
Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, работа па ўдасканаленні законаў у сферы дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях носіць паслядоўны і сістэмны характар. «У 2024 годзе былі зацверджаны абноўленая Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — нагадаў ён. — У прыватнасці, у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі адным з напрамкаў нейтралізацыі ўнутраных пагроз нацыянальнай бяспецы вызначана далейшае ўдасканаленне дзяржаўнай сістэмы папярэджанняў і ліквідацый надзвычайных сітуацый».
Акрамя таго, у ходзе мінулай сесіі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прыняты законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах», які ўступіў у сілу 16 жніўня. Па словах спікера, гэты закон будзе садзейнічаць павышэнню аператыўнасці ў ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і больш устойлівай дзейнасці вытворчага сектара пры іх узнікненні.
19 чэрвеня Саветам Міністраў у Палату прадстаўнікоў быў унесены праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях». Адно з асноўных новаўвядзенняў — змена парадку фінансавання забеспячэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
«З крыніц іх фінансавання прапануецца з 1 студзеня выключыць абласныя бюджэты і бюджэт горада Мінска, уся нагрузка пры гэтым ляжа на рэспубліканскі бюджэт, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Гэтая навацыя павінна знайсці адлюстраванне ў Законе «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год». Адпаведным пастаянным камісіям пастаўлена задача праводзіць работу над двума законапраектамі ў цесным звязку.
Акрамя таго, прапануецца надзяліць органы дзяржаўнага пажарнага нагляду кампетэнцыяй па ажыццяўленні дзяржаўнага пажарнага нагляду на аб’ектах па вытворчасці і захоўванні выбуховых матэрыялаў. Таксама вызначаецца парадак прымянення работнікамі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях спецыяльных сродкаў.
У прыярытэце — папярэджанне і прафілактыка
Як адзначыў у размове з журналістамі міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ, было прынята рашэнне паказаць прафесію ратавальніка комплексна, паколькі дэпутатам прадстаўлены на разгляд законапраект, які датычыцца дзейнасці ведамства. Па яго словах, на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС можна ўбачыць, што сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў комплексная, шматузроўневая і практыка-арыентаваная.
Што датычыцца карэкціроўкі заканадаўства, якое мае непасрэднае дачыненне да дзейнасці ратавальнікаў, кіраўнік ведамства падкрэсліў, што ёсць неабходнасць удасканалення і развіцця шэрагу заканадаўчых норм. «Усё гэта ідзе не толькі ў дынаміцы развіцця службы ратавання, але і ў дынаміцы заканадаўчай базы», — канстатаваў Вадзім Сіняўскі і заўважыў, што на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ведамства прадставіла законапраект па змяненні чатырох законаў.
Міністр звярнуў увагу на тое, што асноўная дзейнасць МНС накіравана на выратаванне чалавечых жыццяў, аказанне дапамогі людзям, якія церпяць бедствы. «І важнае месца ў гэтым напрамку займаюць пытанні папярэджання і прафілактыкі, — удакладніў ён. — Вельмі важны элемент — навучанне нашых грамадзян, дзяцей пытанням бяспекі жыццядзейнасці, якім мы дастаткова сур’ёзна займаемся».
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.