Павелічэнне валавога збору да выніку 2024 года склала больш за 187 тыс. тон. Лідарам на ўборачнай кампаніі стаў Баранавіцкі раён, дзе намалацілі больш за 180 тыс. тон збожжа. Упершыню ў вобласці 8 раёнаў — Баранавіцкі, Пружанскі, Камянецкі, Кобрынскі, Пінскі, Драгічынскі, Іванаўскі і Столінскі — перасягнулі мяжу па намалоце ў 100 тыс. тон.
«Ёсць у нас гаспадаркі-лідары. Больш як 50 тыс. тон намалочана на «Птушкафабрыцы „Дружба“ Баранавіцкага раёна. Акрамя таго, звыш 30 тыс. тон атрымана ў чатырох гаспадарках — „Белавежскі“ (Камянецкі раён), „Крошын“ (Баранавіцкі раён), „Ружаны-Агра“ (Пружанскі раён), „Астрамечава“ (Брэсцкі раён). Звыш 10 тыс. тон сабралі ў 37 гаспадарках», — адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
Сярэдняя ўраджайнасць на палях Брэсцкай вобласці сёлета складае 45,1 ц/га, што на 7,8 ц/га больш за леташнюю. «Напрыклад, Драгічынскі атрымаў плюс 13,5 ц/га, Іванаўскі — плюс 12,3 ц/га, Жабінкаўскі — плюс 11,2 ц/га. Маларыцкі і Пінскі прыбавілі больш за 10 ц/га, а Столінскі — амаль 10 ц/га. Сярэдняя ўраджайнасць звыш 50 ц/га ў трох раёнах — Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Столінскім. Хацеў бы адзначыць рэгіёны, якія не маюць асабліва ўрадлівых зямель, але пры гэтым за кошт захавання тэхналогій, адказнасці людзей, высокага ўзроўню арганізацыі работы атрымалі таксама ўраджайнасць амаль 50 ц/га. Лідарамі па ўраджайнасці сярод гаспадарак Брэстчыны сталі «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна — 77,4 ц/га, «Крошын» — 76,3 ц/га, УП «Грушава-мілк» Столінскага раёна — 68,6 ц/га.
Першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама падкрэсліў, што рэкорднаму ўраджаю паспрыяла сукупнасць фактараў. І ў першую чаргу тэхналагічны падыход (пачынаючы ад этапу пасяўной, работы з мінеральнымі ўгнаеннямі, абароны збожжавых культур).
У Брэсцкай вобласці 752 экіпажы намалацілі больш за 1 тыс. тон збожжа, 93 — больш за 2 тыс. тон, сем — больш за 3 тыс. тон, адзін — больш за 4 тыс. тон і яшчэ адзін — больш за 5 тыс. тон. У перадавікі выйшаў экіпаж з «Крошына». Ігар Гаўрык і Аляксей Малейка намалацілі больш як 5 тыс. тон збожжа. У гэтай жа гаспадарцы працуе вадзіцелем Вячаслаў Трус, які перавёз амаль 8,9 тыс. тон збожжа.
«Шчырыя словы падзякі кожнаму хлебаробу. Вынік — унёсак розных пакаленняў нашых аграрыяў: і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і механізатараў, аграномаў, інжынераў, усіх і кожнага, хто рабіў задзел для атрымання ўраджаю, даглядаў, прыкладаў намаганні для збору ўраджаю з мінімальнымі стратамі», — рэзюмаваў Дзмітрый Гарадзецкі.
Паводле БелТА.