Прыемная навіна для 2,3 мільёна пенсіянераў...
Пераразлік працоўных пенсій і іх павышэнне адбудзецца з 1 верасня ў сярэднім на 5 %. Гэта прадугледжана ўказам, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
З 1 верасня павышаюцца ўсе віды працоўных пенсій (па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля). У Мінпрацы звярнулі ўвагу, што гэта другое павышэнне сёлета. Першае адбылося з 1 лютага на 10 %.
Паводле папярэдняй ацэнцы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў верасні складзе Br980. Гадавое павелічэнне (у параўнанні з такім жа часам летась) складзе Br167, ці 20,5 %. Прыбаўка ў кожнага пенсіянера будзе свая — у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заробку, улічаных пры вылічэнні пенсіі, устаноўленых даплат.
У цэлым у верасні расходы на выплату пенсій складуць каля Br2,2 млрд, з іх на павышэнне пенсій будзе накіравана Br107 млн. Атрымальнікамі працоўных пенсій з’яўляюцца больш за 2,3 млн пенсіянераў.
... І для 800 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы
З 1 верасня памер базавай стаўкі для аплаты працы ў бюджэтнай сферы складзе Br273, паведамілі ў прэс-службе ўрада. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

У Міністэрстве працы і сацабароны дадалі, што гэта ўжо другое павышэнне базавай стаўкі. З 1 студзеня яна была павялічана на 6,7 % — з Br253 да Br270. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам сярэднегадавы памер базавай стаўкі павялічыцца на 8 %. Прымаюцца меры па павелічэнні памераў стымуляцыйных выплат асобным катэгорыям работнікаў усіх галін сацыяльнай сферы. Павышэнне базавай стаўкі з верасня закране больш як 800 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы. У выніку прынятых мер іх сярэднямесячная заработная плата за першае паўгоддзе павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам летась на 18,8 % і склала Br2010,8. Рэальная ж заработная плата ўзрасла з тэмпам 111,8 %.
У цэлым на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы сёлета плануецца накіраваць каля Br20,7 млрд, у тым ліку на дадатковыя стымуляцыйныя выплаты асобным катэгорыям работнікаў — каля Br2,69 млрд.
Час кірмашоў
Пачынаецца сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. У прыватнасці, у сталіцы ён стартуе 20 верасня. Аб гэтым у эфіры на «Радыё-Мінск» паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная. «Ужо актыўна прыцягваем усе вобласці, каб і фермеры, і вытворцы, і прадпрыемствы Белкаапсаюза маглі прыехаць на зручную для іх пляцоўку», — адзначыла спецыяліст.
На кірмашах прадставяць прадукцыю больш як 50 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з усёй Беларусі. У асартыменце — бульба, цыбуля, морква, капуста, буракі, мясныя вырабы і сала, хатнія нарыхтоўкі, саленні, варэнні, мёд і прадукты пчалярства, кветкі, расада і саджанцы, а таксама прадукцыя фермерскіх гаспадарак: малочныя прадукты, каўбасы, вяндліна. Для пажылых людзей, інвалідаў і іншых маламабільных катэгорый грамадзян будзе арганізавана дапамога ў дастаўцы тавараў.
Яблыкі пад кантролем
Беларусь з 1 верасня на шэсць месяцаў уводзіць ліцэнзаванне вывазу яблыкаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўрада. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм’ер-міністр. Вываз гэтай прадукцыі незалежна ад краіны яе паходжання за межы рэспублікі будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
Рашэнне аб магчымасці выдачы такой ліцэнзіі будзе прымацца ўпаўнаважанымі органамі, зыходзячы з ацэнкі суадносін свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі ў Беларусі і патрэбнасці краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі. Пастанова прынята ў мэтах забеспячэння ў поўным аб’ёме ўнутранага рынку яблыкамі ў міжсезонны перыяд.

Пра самакатчыкаў і таніроўку
З пачаткам восені ўступаюць у дзеянне асноўныя нормы Указа № 295, які прадугледжвае пэўныя змяненні ў Правілах дарожнага руху. Так, з 1 верасня веласіпедысты і самакатчыкі будуць абавязаны спешвацца падчас перасячэння праезнай часткі дарогі. Хуткасць руху на электрасамакатах, сегвеях і манаколах абмяжуюць (да 25 км/г па веладарожцы і да 10 км/г па тратуары), а прыладам з масай больш за 35 кг забароняць рух па тратуары. Пры гэтым пад сродкамі персанальнай мабільнасці будзе разумецца транспарт з электрарухавіком, які развівае хуткасць не больш за 25 км/г.
Уладальнікі электратранспарту, які па тэхнічных характарыстыках можна аднесці да мапедаў і матацыклаў, атрымаюць права ўдзельнічаць у дарожным руху. Для гэтага трэба пацвердзіць яго тып, аформіць электронны пашпарт і зарэгістраваць у ДАІ.

Пасля 1 верасня не ўзнікне праблем з праходжаннем тэхагляду аўтамабіляў, якія маюць таніроўку на шкле. Пра гэта паведамляецца ў каментарыі Мінтранса, МУС і Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Адзначаецца, што наяўнасць жалюзі, шторак або плёначных пакрыццяў на заднім і бакавым шкле транспартных сродкаў не супярэчыць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту, бо агляд з вадзіцельскага месца не абмяжоўваецца.
Расцэнкі на платных дарогах
Тарыфы на праезд па платных дарогах вырастуць у Беларусі з 1 верасня. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый. Для транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны, якія маюць дзве восі, тарыф складзе 0,117 еўра/км, для транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 т, якія маюць тры восі, — 0,146 еўра/км, для транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 т, якія маюць чатыры восі і больш, — 0,176 еўра/км.

Разам з тарыфамі на аплату праезду за кіламетраж мяняецца і кошт электронных віньетак. Віньетка тэрмінам дзеяння на 15 дзён захоўвае кошт 20 еўра. Аднак на 30 дзён падаражэла да 32 еўра, на каляндарны год — да 110 еўра.