Беларускі лідар падзякаваў Старшыні КНР за цёплы і сардэчны прыём, найвышэйшы ўзровень арганізацыі сумеснай работы, а таксама павіншаваў Кітай з паспяховым старшынствам у ШАС. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы паслядоўнай і выверанай рабоце пад кіраўніцтвам кітайскага боку на працягу года ў рамках арганізацыі праведзена больш за сотню мерапрыемстваў рознага ўзроўню і фармату. «Гэта значна ўмацавала ўзаемадзеянне ўнутры ШАС і спрыяла пашырэнню палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі-членамі», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь гатова падключыцца да ініцыятывы Кітая па глабальным кіраванні.
«Паважаны спадар Сі Цзіньпін, вы толькі што вылучылі глабальную сваю чацвёртую ініцыятыву, якую вы назвалі „глабальнае кіраванне“. Мы цалкам у Беларусі падтрымліваем вашу ініцыятыву. І перш за ўсё за тое, што гэта ініцыятыва заснаваная выключна на раўнапраўі і справядлівасці. Гэта тое, чаго сёння вельмі не хапае ў развіцці міжнародных адносін. Ад паважанага Старшыні Сі мы пачулі выразную ацэнку сітуацыі і ключавыя прынцыпы, абапіраючыся на якія можна вырашаць рэальныя праблемы краін і народаў: суверэнная роўнасць, прымат міжнароднага права, шматбаковасць. Мы гатовыя падключыцца да гэтай ініцыятывы і ў ШАС, і на пляцоўцы ААН», — сказаў беларускі лідар.
- Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Лаос з падключэннем да ШАС у статусе партнёра па дыялогу. На пасяджэнні беларускі лідар таксама павіншаваў усе міралюбныя дзяржавы з 80-годдзем агульнай перамогі ў Другой сусветнай вайне. «Гэта падзея стала паваротным момантам у глабальнай гісторыі. Мы заплацілі высокую цану дзеля свабоды і міру. Для Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга жыхара ў гады апошняй вайны, захаванне гістарычнай памяці і павага да подзвігу пераможцаў — маральны абавязак і найважнейшы элемент нацыянальнай ідэнтычнасці. Цяпер, калі гісторыю спрабуюць падвергнуць скажэнню, а гераізм нашых продкаў — забыццю, мы асабліва выразна ўсведамляем: памяць пра перамогу — гэта падмурак, на якім павінен будавацца сучасны светапарадак», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Галоўная тэма пасяджэння ў фармаце «ШАС плюс» — увасабленне ў жыццё шматбаковасці, забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі і садзейнічанне ўстойліваму развіццю. Прэзідэнт працытаваў Канфуцыя, які казаў: «Калі ты хочаш змяніць свет, пачні з сябе». Беларускі лідар звярнуў увагу ўдзельнікаў саміту на шэраг асноватворных прынцыпаў і прыярытэтных кірункаў сумеснай работы ў «сям’і ШАС» па стварэнні ўмоў для рэгіянальнай бяспекі і ўстойлівага развіцця.
Шматбаковасць
«Мы перакананы, што толькі праз сапраўдную шматбаковасць і раўнапраўнае партнёрства, заснаваных на ўзаемнай выгадзе, можна выбудоўваць міжнародныя адносіны. Нашы агульныя мэты павінны ўвасабляцца ў канкрэтных праектах, кааперацыйных ініцыятывах і выніках, якія будуць адчувальныя выключна для ўсіх», — заклікаў Прэзідэнт.
Забеспячэнне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі
«Мір на еўразійскай прасторы павінен быць не марай або лозунгам, а рэальнасцю. Любыя аднабаковыя агрэсіўныя дзеянні, накіраваныя супраць суверэнных дзяржаў, непрымальныя і небяспечныя. Яны дэстабілізуюць абстаноўку і падрываюць асновы міжнароднага права. Асабліва хачу падкрэсліць, што мы падобныя канфлікты ні ў якім разе не павінны правакаваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён выступіў за ўдасканаленне механізмаў ШАС па супрацьдзеянні пагрозам і выклікам бяспекі, а таксама за ўзмацненне каардынацыі па лініі спецслужбаў і абаронных ведамстваў. Беларусь падтрымлівае ініцыятывы ШАС па сумеснай барацьбе з тэрарызмам, кіберпагрозамі, транснацыянальнай злачыннасцю. «Менавіта краінам, якіх аб’ядноўвае „шанхайскі дух“, па сілах адыгрываць актыўную ролю ў прадухіленні канфліктаў і прасоўванні мірнага дыялогу», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Устойлівае развіццё як аснова стабільнасці ў рэгіёне
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь няўхільна прытрымліваецца глабальнага парадку ўстойлівага развіцця: «Мы ў ліку першых інтэгравалі мэты ўстойлівага развіцця ААН у нацыянальную стратэгію з фокусам на чалавечы капітал, устойлівую эканоміку, экалагічную раўнавагу і лічбавую трансфармацыю».
Харчовая бяспека
Прэзідэнт звярнуў увагу, што без харчовай бяспекі ні ў адной краіне не можа быць ніякай стабільнасці. Ён расказаў, што Беларусь цалкам забяспечвае сябе харчаваннем і займае высокія пазіцыі ў сусветным рэйтынгу экспарцёраў асноўных груп харчовых тавараў. Беларуская прадукцыя пастаўляецца больш чым у 100 краін свету.
Сумеснае развіццё праз індустрыяльны і навукова-тэхнічны патэнцыял
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь валодае развітой прамысловай базай і кваліфікаванымі кадрамі, і заклікаў да паглыбленай прамысловай кааперацыі ў рамках «шанхайскай сям’і».
«Прапануем развіваць сумесныя вытворчасці, абменьвацца сучаснымі тэхналогіямі, пашыраць супрацоўніцтва ў сферах машынабудавання, сельскагаспадарчай тэхнікі, транспарту, медыцыны, робататэхнікі і штучнага інтэлекту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз падзякаваў Кітаю за вялікую дапамогу па развіцці гэтых перспектыўных кірункаў. «Выступаем за стварэнне навукова-тэхналагічных платформ, даследчых цэнтраў і адукацыйныя абмены ў рамках ШАС», — прапанаваў ён.
Шматпалярнасць ужо наступіла
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь як паўнапраўны член ШАС і надзейны партнёр гатовая дзяліцца вопытам, браць на сябе адказнасць і актыўна ўдзельнічаць у развіцці «шанхайскай сям’і». Ён асабліва адзначыў, што Беларусі, яе народу і прэзідэнту быў аказаны высокі давер стаць паўнапраўным членам ШАС. Гэта адзіная краіна — член аб’яднання, тэрыторыя якой цалкам размешчана ў Еўропе. «Запэўніваю вас, што мы будзем адданыя заўсёды прынцыпам ШАС і вы да нас ніколі не будзеце мець ніякіх прэтэнзій. Мы перакананы, што толькі праз павагу, раўнапраўе і салідарнасць зможам умацаваць рэгіянальную бяспеку, забяспечыць устойлівае развіццё і годную будучыню для народаў нашых краін», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што на саміце ШАС шмат гаварылася пра шматпалярнасць і пра тое, што «вось-вось заўтра яна прыйдзе».
«Ды не, гэтая шматпалярнасць ужо і не стукаецца ў дзверы. Яна ўжо прыйшла. І наша пасяджэнне на радзіме нашай арганізацыі гаворыць аб тым, што гэтая шматпалярнасць наступіла, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — ШАС і БРІКС становяцца сур’ёзнай процівагай. Не на шкоду іншым арганізацыям — і „сямёркам“, і „дваццаткам“, і гэтак далей. Мы нават не збіраемся канкурыраваць з імі. Хаця жыццё прымусіць. Мы працуем у імя нашых народаў. Гэта магутны полюс на нашай планеце. Мы павінны зрабіць усё, каб не падмануць людзей нашай планеты і не знішчыць тую надзею, якую народы сілкуюць, гледзячы на нашы арганізацыі. Перш за ўсё Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва».
На заканчэнне кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў Кыргызстан з прыняццем старшынства ў ШАС на наступны перыяд і запэўніў ва ўсямернай падтрымцы з боку Беларусі.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Фота БелТА