Сучасная ўстанова адукацыі разлічана на 471 месца. У пачатковай школе будзе чатыры паралелі, а дзіцячы садок разлічаны на восем груп — ад ясельнай да старэйшай. 1 верасня тут прынялі дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў, больш за 90 з якіх — першакласнікі. Павіншаваць маленькіх беларусаў са святам і пажадаць поспехаў у вучобе прыехаў Прэм’ер-міністр Аляксандр ТУРЧЫН.
Гэта падзея, па словах кіраўніка ўрада, яшчэ раз гаворыць аб тым, што найважнейшым прыярытэтам для нашай дзяржавы з’яўляецца сфера адукацыі: «Мы рамантуем дзеючыя ўстановы адукацыі, укладваем немалыя сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Але самае галоўнае ў сістэме адукацыі, вядома ж, — педагогі. Для мяне педагогі — гэта перш за ўсё неабыякавыя людзі, прафесіяналы сваёй справы. Яны не толькі даюць адукацыю нашым дзецям, але і разам з бацькамі фармуюць іх як асобу. І ад гэтага залежыць будучыня нашай краіны».
- Звяртаючыся да школьнікаў, Аляксандр Турчын пажадаў ім добрага настрою і цудоўных эмоцый у новай школе: «Шануйце гэты час, таму што яго каштоўнасць зразумееш, толькі калі вырасцеш, калі станеш дарослым. Але, на жаль, у дзяцінства ўжо нельга будзе вярнуцца». Па словах Прэм’ер-міністра, свет імкліва ідзе наперад — разумныя тэхналогіі, штучны інтэлект і лічбавыя памочнікі істотна палягчаюць наша жыццё, але, каб дасягнуць нейкіх мэт, трэба мець уласны багаж ведаў.
Бацькам кіраўнік урада пажадаў цярпення ў выхаванні дзяцей, у іх адукацыі і фарміраванні як сапраўдных патрыётаў краіны. «Мне хацелася б пажадаць нам усім мірнага неба над галавой і каб у нашым жыцці было як мага больш такіх радасных падзей», — зазначыў ён. У якасці падарунка да Дня ведаў Аляксандр Турчын уручыў пачатковай школе грашовы сертыфікат на 20 тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Дарэчы, будаўніцтва школы вялося два гады. За гэты час на пустыры плошчай больш за два гектары з’явіўся яркі будынак у сіне-зялёна-белых тонах. На пляцоўцы каля дзіцячага садка абсталявана спартыўнае ядро, на тэрыторыі школы — футбольнае поле, бегавыя дарожкі, варкаўт-зона, пляцоўка для валейбола, баскетбола і міні-футбола. Зоны аснашчаны ценявымі навесамі і мяккім бяспечным пакрыццём.
Унутры будынка шырокія калідоры, прасторныя і светлыя навучальныя і гульнявыя аўдыторыі. Укамплектаваны ўсе зоны — ад навучальных да гульнявых, ёсць басейн, сэнсарны пакой, шахматны куток і нават свой камп’ютарны клас, дзе дзеці будуць вывучаць асновы праграмавання. Таксама арганізавана безбар’ернае асяроддзе. Тут могуць знаходзіцца дзеці з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, для школьнікаў з асаблівасцямі ёсць поручні, пад’ёмнік і ліфты. Тыя, каму патрэбна дапамога ў карэкцыі вуснай і пісьмовай мовы, будуць наведваць кабінет дэфектолага. Уважліва ва ўстанове ставяцца і да бяспекі навучэнцаў — звонку і ўнутры дзейнічаюць 69 камер відэаназірання
Як паведаміла дырэктар установы адукацыі Таццяна ХАЦЬКО, у школе вялікі і дружны педагагічны склад: «Сярод нашых педагогаў 16 маладых спецыялістаў, якія з лёгкасцю ўліліся ў калектыў і вельмі творча падыходзяць да навучальнага працэсу. І я вельмі рада, што ёсць такое маладое пакаленне, гатовае працаваць у сістэме адукацыі. Сёння ва ўстанове налічваецца 436 дзяцей: 142 — у дзіцячым садку і 294 — у школе. У першы клас прыйшлі 92 дзіцяці».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА