Top.Mail.Ru

Качанава: Сістэма адукацыі — уклад у будучыню краіны

Адна з найстарэйшых сталічных школ адкрылася пасля рэканструкцыі


За парты навучальнай установы, размешчанай па вуліцы Чырвонаармейскай, селі 550 вучняў. Для іх і для педагагічнага складу створаны камфортныя ўмовы для навучання і працы. Акрамя таго што школа № 4 папрыгажэла знешне (пры гэтым гістарычнае аблічча будынка поўнасцю захавана), змянілася яе ўнутранае напаўненне. Утульныя класы, абсталяваныя найноўшай тэхнікай, гуказапісвальныя пакоі і лінгафонныя кабінеты, спартыўная зала, бібліятэка, музей — усё натхняе не толькі на добрую вучобу, але і на шматпланавы выхаваўчы працэс.

Гісторыя сярэдняй школы № 4 у Мінску пачалася ў 1906 годзе з адкрыцця прыватнай мужчынскай гімназіі С. Зубакіна і К. Фальковіча, якая размяшчалася на месцы цяперашняга гістарычнага факультэта БДУ. У 1918 годзе гімназія была пераўтворана ў школу № 4 другой ступені, а праз тры гады атрымала статус сямігадовай школы. У 1934 годзе ўстанове адукацыі было прысвоена імя С. М. Кірава.

Будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, 11, дзе школа размяшчаецца цяпер, навучальная ўстанова займае з 1936 года. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна была поўнасцю разбурана, але ў 1947-м адноўлена. У 1979-м да асноўнага корпуса прыбудавалі шасціпавярховы будынак, і школа атрымала статус установы з музычным ухілам. З 2009 года музычныя прадметы выкладаюцца тут на факультатыўнай аснове.

З пачаткам новага навучальнага года настаўнікаў, дзяцей, а таксама іх бацькоў павіншавала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. «Наша краіна адзначае Дзень ведаў па добрай традыцыі, — падкрэсліла падчас урачыстай лінейкі ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску. — Для вас, хлопцы і дзяўчаты, і педагогаў гэтай школы — гэта двайное свята: пасля сур’ёзнай рэканструкцыі адчыняе свае дзверы адна з найстарэйшых школ нашай сталіцы».

  • Кажучы аб важнасці сістэмы адукацыі, спікер падкрэсліла, што гэта адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі Беларусі. «Прэзідэнт нашай краіны вельмі пільную ўвагу ўдзяляе сістэме адукацыі, разумеючы, што гэта ўклад у будучыню нашай краіны, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Тое, якой будзе наша краіна, будзе залежыць ад вас, дарагія навучэнцы, — тых, хто заўтра будзе працаваць, ствараць, працягваць славутыя традыцыі нашай роднай Беларусі».

Наталля Качанава выказала ўдзячнасць кіраўніцтву горада і будаўнікам, якія спяшаліся завяршыць работы, каб 1 верасня дзеці прыйшлі ў абноўленую школу. Звяртаючыся да старшакласнікаў, якія неўзабаве будуць вызначацца са сваім прафесійным выбарам, спікер адзначыла, што ў нашай краіне шануюць кожнага выпускніка. «Мы шчыра спадзяёмся на тое, што вы зробіце ўсё для таго, каб наша краіна заўсёды заставалася такой цудоўнай, суверэннай і незалежнай», — акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі.

Звяртаючыся да педагагічнай супольнасці, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску канстатавала, што праца настаўніка — вельмі няпростая, але яна на карысць будучыні Беларусі. «Вы сваёй душой, сваім розумам, талентам робіце ўсё для таго, каб хлопцы і дзяўчаты не толькі спасцігалі веды, а раслі сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны», — падкрэсліла спікер, пажадаўшы настаўнікам, акрамя іншага, удзячных вучняў. — «Не важна, які шлях выбера малады чалавек. Важна, каб ён быў сапраўдным патрыётам краіны, сапраўдным грамадзянінам».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю