Пасля ўрачыстага адкрыцця новай пачатковай школы Прэм’ер-міністр наведаў Слуцкі сыраробны камбінат і Слуцкі мясакамбінат. Азнаёміўшыся з работай найбуйнейшых прадпрыемстваў Слуцкага раёна, кіраўнік урада ў размове з журналістамі падвёў вынікі сваёй рабочай паездкі.
Мэта наведвання — далейшае развіццё прадпрыемстваў
Па словах Аляксандра Турчына, названыя прадпрыемствы нават у маштабах краіны адыгрываюць істотную ролю, паколькі дзяржава ўкладвае шмат сродкаў у мясцовую сыравіну, развіццё малочнай і мясной вытворчасці. Не менш важным у развіцці мяса-малочнай прамысловасці кіраўнік урада назваў інвестыцыі: «Як толькі прадпрыемства дзесьці прапускае або парушае інвестыцыйны цыкл, гэта цягне за сабою праблемы ў недалёкай будучыні. Адной з мэт майго наведвання гэтых двух прадпрыемстваў стала далейшае іх развіццё».
Першым у графіку Прэм’ер-міністра стаў Слуцкі сыраробны камбінат. Сёння на яго базе рэалізуецца інавацыйны праект па вытворчасці бычынага лактаферыну, які будзе выкарыстоўвацца ў вытворчасці прадукцыі дзіцячага харчавання, малочных прадуктаў функцыянальнай накіраванасці. Вышэйназваны карысны бялок абараняе ад вірусаў і падтрымлівае імунітэт. Аб гэтым кіраўніку ўрада расказаў генеральны дырэктар ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Аляксандр ГЕРАСІМЁНАК. Кіраўнік прадпрыемства таксама паведаміў Прэм’ер-міністру аб эканамічных паказчыках, рэалізуемых інвестпраектах і планах на будучыню
«Сёння мы рэалізуем каля шасці інвестыцыйных праектаў. Яны звязаны ў першую чаргу з нарошчваннем аб’ёмаў вытворчасці ўласнага малака, канцэнтрату малочнага бялковага, сыроў з працяглымі тэрмінамі паспявання, для чаго будуюцца новыя камеры паспявання. Адзін са знакавых інавацыйных праектаў камбіната — вытворчасць лактаферыну. Яго рэалізацыю прадпрыемства пачало яшчэ ў 2023 годзе. Тады быў распрацаваны бізнес-план і выкананы перадпраектныя работы. Цяпер на камбінаце ідзе будаўніцтва пляцоўкі пад дадзены праект. Чакаецца, што гэта будзе паўнавартасная новая лінія вытворчасці данага прадукту. Штодня на камбінаце перапрацоўваецца каля 3,35 тысячы тон малака. Адпаведна, выпускаем запатрабаваныя прадукты як на ўнутраным рынку, так і на экспарт. Нашу прадукцыю ведаюць у 37 краінах свету. Гэта Расія, краіны далёкай дугі, Малайзія, Алжыр, В’етнам і многія іншыя», — дадаў генеральны дырэктар прадпрыемства.
«З боку ўрада мы такія праекты падтрымліваем, у тым ліку і праз нашу банкаўскую сістэму. Ужо відаць, куды прадпрыемства павінна рухацца далей. У яго ёсць перспектывы», — адзначыў Аляксандр Турчын.
Не толькі эканоміка, але і сацыяльная стабільнасць і адказнасць
Пасля Прэм’ер-міністр наведаў Слуцкі мясакамбінат. «Гэтае прадпрыемства нядаўна ўвайшло ў агракамбінат „Дзяржынскі“. І сёння, зноў жа, мы бачым перспектывы яго развіцця, у тым ліку ў выхадзе на больш сур’ёзныя экспартныя рынкі і нашых краін-суседзяў, і на рынкі краін далёкай дугі», — адзначыў Аляксандр Турчын.
Кіраўнік урада дадаў, што яго пры наведванні прадпрыемстваў цікавіла і найбольш актуальная для беларусаў цэнавая палітыка. «Наведваючы прадпрыемствы, я пераканаўся, што пастанова, прынятая ўрадам яшчэ ў красавіку, была правільнай. Нагадаю, яе сутнасць у тым, што нашы вытворцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, маглі падняць узровень цэн да рэнтабельнасці, склалася ў іх за тры папярэднія гады. Мы бачым, што ўзровень рэнтабельнасці, калі мы гаворым пра натуральную малочную прадукцыю на Слуцкім сыраробным, — каля 6 %, на мясакамбінаце — не больш за 10 %. Гэта адказны падыход нашых вытворцаў. Яны паднялі цану да мінімальна магчымых памераў, якія дазваляюць ім функцыянаваць з прыбыткам», — растлумачыў Аляксандр Турчын.
- Прэм’ер таксама дадаў, што вытворчасці ў невялікіх населеных пунктах не закрываюцца. У якасці прыкладу Аляксандр Турчын прывёў сырны цэх Слуцкага сыраробнага камбіната ў Халопенічах Крупскага раёна. «Мы разумеем, што калі яго закрыем, то іншай работы для людзей, якія там жывуць, проста не будзе. І ўсё адаб’ецца на развіцці пасёлка ў цэлым. Таму гэта ўсвядомленае рашэнне, што такія прадпрыемствы застаюцца ў малых населеных пунктах і ў райцэнтрах. Часта для невялікага раённага цэнтра, напрыклад для Клецка, такі філіял з’яўляецца градаўтваральным прадпрыемствам. Там працуе каля 500 чалавек, якія атрымліваюць вельмі нядрэнную па мясцовых мерках зарплату. Гэта не толькі ўжо эканоміка, а сацыяльная стабільнасць і сацыяльная адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў», — зазначыў кіраўнік урада.
Гаворачы аб агракамбінаце «Дзяржынскі», ён адзначыў, што гэта найбуйнейшы аграпрамысловы холдынг, прадпрыемствы якога размешчаны амаль ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці. «Упэўнены, што ў хуткім часе ён пачне маштабавацца і за межы Міншчыны. Калі правільна пабудавана эканоміка, якраз вось на такіх аб’ёмах і дасягаецца максімальны эканамічны эфект. Ключавы момант — эканамічная эфектыўнасць. Яна павінна быць ва ўсім», — падагульніў Аляксандр Турчын.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ