На мінулым тыдні прайшлі два знакавых хакейных турніры, на якіх вядучыя беларускія клубы далі зразумець, што новы сезон будзе цікавым. Прынамсі стартаваў ён шматабяцальна.
Хакеісты «Дынама-Мінск» выступалі на турніры з удзелам шасці каманд Кантынентальнай Хакейнай Лігі «Кубак мэра Масквы». Усе спаборніцтвы «зубры» прайшлі ўпэўнена. Спачатку абыгралі ніжагародскае «Тарпеда» — 7:3, пасля аднаклубнікаў з Масквы — 3:2. У фінальным матчы «Дынама-Мінск» сустрэлася з маскоўскім ЦСКА. Менавіта з гэтай камандай мінчане ўпэўнена справіліся ў першым раўндзе плэй-оф КХЛ. Але ў Маскве ўсё было не так проста. З вынікам 3:2 Кубак мэра Масквы заваявала маскоўская каманда, у мінчан — серабро турніру.
Аднак вылучыцца мінскія хакеісты ў Маскве ўсё ж здолелі. Віталій Пінчук прызнаны лепшым нападаючым турніру. А разам з форвардам «Шанхая» Гейджам Куіні раздзяліў званне лепшага бамбардзіра спаборніцтваў.
- «Нам трошкі не хапіла. У канцы нават пры гульні „6 на 4“, „6 на 5“ у штангу патрапілі. А ў прынцыпе, добры турнір правялі. Ёсць над чым працаваць, як звычайна», — падзяліўся ўражаннямі нападаючы «Дынама-Мінск» Вадзім Шыпачоў. Галоўны трэнер «зуброў» Дзмітрый Квартальнаў таксама высока ацаніў турнір у Маскве: «Вядома, тры дні — тры гульні, было цяжкавата. Справіліся, яшчэ ёсць час, адпачнём. Ёсць нейкія моманты, якія будзем выпраўляць». Сілы спатрэбяцца. Бо ўжо 9 верасня стартуе рэгулярны чэмпіянат КХЛ. Яго мінская каманда пачне выязным матчам супраць маскоўскага «Спартака».
Хакейныя баталіі разгарнуліся і на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» ў Мінску. Тут вызначалі ўладальніка Кубка Салея — другога па значнасці трафея ў беларускім хакеі. У фінале сустрэліся даўнія сапернікі: мінскае «Юнацтва» і салігорскі «Шахцёр». Каманды ўжо сустракаліся на групавым этапе — тады з вынікам 5:1 перамагло «Юнацтва». Фінал з вынікам 2:1 таксама выйграла мінская каманда. Для «Юнацтва» гэта ўжо восьмая перамога ў Кубку Салея. Сталічная каманда забірала трафей восем разоў, у мінулым сезоне мінчане таксама былі яго ўладальнікамі. Пяць разоў кубак заваёўваў «Гомель», чатыры перамогі ў мінскага «Дынама».
«Віншую „Юнацтва“ з заваяваннем Кубка Руслана Салея! Як прынята казаць у спорце, дамагчыся перамогі аднойчы — складана, але паўтарыць сваё дасягненне — яшчэ складаней. Мінчане зноў гучна заяўляюць пра свае амбіцыі на старце сезона і пакідаюць у сябе галоўны летні трафей беларускага хакея. Але я таксама хацеў бы аддаць належнае „Шахцёру“ — салігорскі клуб упэўнена прайшоў усю дыстанцыю, я думаю, і ў сезоне ён яшчэ не раз парадуе сваіх заўзятараў. Каманды падарылі нам прыгожы фінал, годны памяці легендарнага Руслана Салея. Жадаю камандам і балельшчыкам паспяховага сезона!» — адзначыў Аляксандр Багдановіч, старшыня Беларускай федэрацыі хакея.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц