Top.Mail.Ru

Як праходзілі першыя дні курсантаў Інстытута пагранічнай службы

01.09.2025 | 14:30
Курс маладога байца — гэта сур'ёзна

Сёлета ў пагранічную ВНУ паступілі 110 чалавек, 16 з іх — дзяўчаты. Для маладых людзей гэта не проста новая старонка жыцця, а свядомы выбар — служыць сваёй краіне, абараняць яе інтарэсы. На працягу першага месяца ім даецца магчымасць параўнаць свае чаканні з рэальнасцю.

У Інстытуце пагранічнай службы курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі традыцыйна праходзіць на базе вучэбнага цэнтра ў Смаргонскім раёне. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання і эфектыўнай падрыхтоўкі: сучасная інфраструктура, тэхніка і абсталяванне, спецыялізаваныя аўдыторыі. Усё для вывучэння асноў ваеннай справы — інжынернай і агнявой падрыхтоўкі, тактыкі пагранічнай службы і вядзення бою.

Адаптацыя да ваеннай службы

Начальнік вучэбнага цэнтра падпалкоўнік Мікалай Сямашка расказаў, што сёння навучальны цэнтр Інстытута — гэта, у першую чаргу, калектыў прафесіяналаў. Безумоўна, выкладчыкі валодаюць усім неабходным для навучання: вучэбна-матэрыяльнай базай і сучасным абсталяваннем, якое сёння выкарыстоўваецца ў тэрытарыяльных органах пагранічнай службы. 

Асноўным вынікам навучальнага збору з’яўляецца адаптацыя маладых людзей да ўмоў ваеннай службы. На працягу месяца навабранцы інтэнсіўна вывучаюць страявую, інжынерную і агнявую падрыхтоўку, тактыку пагранічнай службы і асновы спецыялізаваных дысцыплін. Вопытныя афіцэры і выкладчыкі ствараюць умовы для хуткай «акліматызацыі», дапамагаюць курсантам развіць псіхалагічную ўстойлівасць, важную ў вучобе і будучай службе.

«Я здзівіла бацькоў»

Першакурсніца Карына Старавойтава паступіла ў Інстытут на прафілізацыю «Ідэалагічная работа». Дзяўчына прызналася, што марыла стаць менавіта пагранічнікам. Паводле яе слоў, кожны дзень у вучэбным цэнтры не падобны на папярэдні, заняткі праходзяць насычана і займальна.

— Фізічная нагрузка адчувальная, але я ведала, што будзе нялёгка. Усё, што мы робім, — гэта падрыхтоўка да будучыні. Як кажуць, цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі. Мне падабаецца, што мы падтрымліваем адно аднаго, у нас ужо згуртаваны калектыў, — адзначыла Кацярына. — Дарэчы, калі я паведаміла бацькам пра свой намер вучыцца ў Інстытуце пагранслужбы, яны былі моцна здзіўлены. Мама спачатку была літаральна ў шоку, калі даведалася, што я паступіла. А цяпер яна вельмі ганарыцца мною.

Ёсць агонь у вачах

Старшы выкладчык кафедры агульнавайсковых і спецыяльных дысцыплін Інстытута пагранічнай службы маёр Руслан Альхімёнак прызнаўся, што ў курсантаў ёсць агонь у вачах, а набор гэтага года даволі моцны. Афіцэр упэўнены ва ўсвядомленым выбары першакурснікаў і іх жаданні вучыцца пагранічнай службе: «На працягу ўсяго жыцця мы нечаму вучымся, і з першага разу атрымліваецца не ўсё. Хлопцы дапускаюць памылкі, але пры гэтым усё роўна стараюцца. У нас, выкладчыкаў і афіцэраў курсавога звяна, хапае часу на ўсіх: працуем пры неабходнасці з кожным індывідуальна, абавязкова навучаем асабістым прыкладам».

Сяргей КАРЖЫЦКІ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю