Дзень беларускага пісьменства ідзе ў Ліду, прычым у літаральным сэнсе: за некалькі дзён да свята, 3 верасня, удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» пачнуць свой шлях са сталіцы Беларусі, дзе адбудзецца малебен. Бо справа Божая, надзвычай адказная — жыватворны агонь (той самы, што ў Вялікую суботу сышоў у храме Уваскрэсення Хрыстовага ў Іерусаліме) пранесці праз усе пункты, аб’яднаныя пэўным маршрутам. Сёлета ён пачнецца ад Святога Поля (каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна), пройдзе праз Зэльву, Казлоўшчыну, Дзятлава, Ашмяны, Іўе і скончыцца ў Лідзе.
Звычайна падчас такіх экспедыцый іх удзельнікі наведваюць мясціны, звязаныя з беларускай гісторыяй, у тым ліку ваеннай. Святары імкнуцца асвяціць помнікі і брацкія магілы. Адбываюцца сустрэчы з прыхаджанамі храмаў, працоўнымі калектывамі, людзьмі, што знаходзяцца ў сацыяльных установах. Задач у экспедыцыі шмат, усе яны маюць вялікае грамадскае значэнне. Таму напачатку (3 верасня) у нашай краіне рыхтуюць да падпісання абноўленае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой. Пра гэта паведаміў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ.
Духоўны пачатак (як у прамым, так і ў пераносным сэнсе) сёлета мае глыбокае гістарычнае абгрунтаванне: 500-годдзе выдання «Апостала» Францыскам Скарынам — гэта апошняя кніга нашага першадрукара, які імкнуўся да таго, каб друкаваныя выданні неслі асвету ў масы. Заснаваная ім традыцыя працягваецца, што падкрэсліць Фестываль кнігі і прэсы. Паводле слоў намесніка міністра, сёлета ўпершыню вялікія павільёны будуць прысвечаны рэгіёнам. Кожная вобласць прадставіць свой літаратурны патэнцыял, будзе магчымасць жывога кантакту з пісьменнікамі. «Гэта сур’ёзны крок, таму што мы звычайна больш увагі ўдзялялі рэспубліканскім кнігавыдавецтвам і арганізацыям, — адзначыў ён. — Але не менш цікавае жыццё адбываецца ў рэгіёнах».
У канцэпцыі свята сёлета адлюстравана яшчэ адна знакавая дата — 80-годдзе Перамогі, а таксама Год добраўпарадкавання. Здаецца, розныя тэмы, але яны насамрэч знітаваныя, бо адлюстроўваюць падзеі, працэсы, якія адбываліся на нашых землях і ідуць цяпер. Гэта павінна прасочвацца ва ўрачыстым канцэрце, які звычайна акцэнтуе ўвагу на значных для Беларусі грамадскіх і культурных з’явах. Частка з іх ужо асэнсаваная ў гістарычным кантэксце. Таму напярэдадні Дня беларускага пісьменства (6 верасня) пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні», у арганізацыі якой бярэ ўдзел Нацыянальная акадэмія навук. На думку Дзяніса Езерскага, гэта важкі ўнёсак у рэгіянальную навуку, бо дае плён працы мясцовым гісторыкам і архівістам, а ўсе напрацоўкі застаюцца ў гарадах, дзе адбываецца свята.
Лідскі край адметны сваёй гісторыяй, што пастараюцца асабліва падкрэсліць арганізатары свята пісьменства. Напрыклад, быў распрацаваны новы турыстычны маршрут «Месцы сілы Лідчыны» — іх змогуць наведаць госці свята. Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Ігар КАШКЕВІЧ паведаміў, што горад гатовы да сустрэчы вялікай колькасці гасцей: у рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі каля славутага замка, пачысцілі возера і рэчкі, замянілі асфальтавае пакрыццё на вуліцах горада і абсталявалі велапешаходную дарожку. Кажуць, жыхары Ліды дзякуюць за тое, што горад пераўтварыўся за апошні час. А паколькі галоўная ўсё ж тэма пісьменства і асветы, то падчас свята будзе адкрыта абноўленая кніжная крама. Зменіцца пасля рамонту і цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, прычым не толькі ўнутры, але і звонку — асобны мурал прысвяцілі класіку беларускай літаратуры.
Тое, што вялікае свята для беларускай культуры нясе пераўтварэнні нават на зямлі і ў мясцовасці, цалкам зразумела, а сёлета абгрунтавана яшчэ адной з галоўных тэм — Годам добраўпарадкавання. Але ёсць нешта эксклюзіўнае, толькі для Ліды: падчас свята адкрыецца адмысловы арт-аб’ект «Верабейка», які вырабіў бясплатна мясцовы скульптар Рычард Груша. На гэту працу яго натхніў першы верш Валянціна Таўлая, які быў актыўным удзельнікам вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і пасля ўз’яднання працаваў у Лідскай раённай газеце «Уперад», ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай. Адметнасць скульптурнай кампазіцыі ў інклюзіўнасці: гэты верш Таўлая змогуць прачытаць усе і нават людзі з абмежаванымі магчымасцямі па зроку, таму што ён напісаны не толькі звычайнымі літарамі, але і шрыфтам Брайля. Ідэя стварэння скульптурнай кампазіцыі належыць Лідскаму гісторыка-культурнаму музею, а каля яго філіяла — дома Валянціна Таўлая — яна знайшла сваё месца і павінна прыцягнуць увагу як мясцовых жыхароў, так і гасцей горада.
Ларыса ЦІМОШЫК