Top.Mail.Ru

У Астраўцы ўрачыста адкрылася новая школа на 510 месцаў

Падарунак да Дня ведаў

1 верасня ў Астравецкім раёне адбылася доўгачаканая падзея! 

Адкрылася новая школа, разлічаная на 510 навучэнцаў. Урачыстая цырымонія сабрала ганаровых гасцей, сярод якіх былі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан АБРАМЧЫК, старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей МЯДЗВЕЦКАС, генеральны дырэктар РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Сяргей БАБОВІЧ.

Новая школа ўражвае сваім сучасным абсталяваннем і архітэктурнымі рашэннямі. У яе светлых і прасторных класах устаноўлена найноўшае абсталяванне, якое стварае ідэальныя ўмовы для камфортнага і эфектыўнага навучання. Для паглыбленага вывучэння лічбавых тэхналогій і замежных моў прадугледжаны сучасны камп’ютэрны клас і два лінгафонныя кабінеты. Як адзначыў Юрый Караеў, гэта не проста адукацыйная ўстанова, гэта сімвал імкнення да будучыні, прагрэсу і інавацый.

  • — Школа, якую мы сёння адкрылі, — гэта вынік зладжанай работы каманды прафесіяналаў: ад будаўнікоў, якія ўсімі сіламі імкнуліся паспець у тэрміны, да педагогаў, якія ўзмоцнена дапамагалі ва ўсім. Дзякуючы іх намаганням мы атрымалі сучасную, камфортную і бяспечную школу, якая стане стартавай пляцоўкай для будучых пакаленняў. Мы імкнёмся стварыць умовы, у якіх кожнае дзіця зможа раскрыць свой патэнцыял, атрымаць якасную адукацыю і зрабіць свой унёсак у развіццё нашай краіны. Беларуская атамная электрастанцыя стала сімвалам прагрэсу і інавацый, і мы ганарымся тым, што ў горадзе з’явілася школа, якая адлюстроўвае гэты дух. У нас найлепшая сістэма навучання ў свеце, і я жадаю, каб дзеці ўзялі ад яе ўсё магчымае. Іх веды і навыкі будуць працаваць на карысць роднай краіны, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Асобая ўвага ўдзелена практычнаму навучанню і развіццю творчага патэнцыялу вучняў. У школе абсталяваны майстэрні, дзе дзеці змогуць удасканальваць навыкі ў розных галінах. Прасторная актавая зала на 154 месцы стане пляцоўкай для яркіх і запамінальных мерапрыемстваў і выступленняў.

Сяргей Мядзвецкас павіншаваў усіх прысутных са святам і адзначыў, што сёлета 14 устаноў Астравецкага раёна прымуць больш за 3000 вучняў. Асабліва хвалявальным гэты дзень стаў для 318 першакласнікаў. Старшыня пажадаў вучням, каб школа стала для іх другім домам, а настаўнікам і бацькам — цярпення, дабрабыту і крэатыўных падыходаў у навучальным годзе.

Інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр з сучаснай чытальнай залай — сапраўдная скарбніца ведаў, дзе вучні змогуць дакрануцца да свету кніг і займацца самаадукацыяй. Для заняткаў фізкультурай прадугледжана ёмістая спартыўная зала плошчай 520,19 м2 і трэнажорная зала, дзе юныя спартсмены будуць развіваць свае ўменні.

Усе гэтыя навінкі ацанілі і бацькі вучняў. Марына Бурдук прывяла ў першы клас дачку Эрыку.

— Я вельмі рада, што школу пабудавалі побач з домам. Цяпер не трэба далёка хадзіць, і я спакойная за дзіця. Для нас, шматдзетнай сям’і, гэта вялікая справа. Інфраструктура ў раёне вельмі добрая: з’явілася шмат развіваючых цэнтраў і гурткоў, дзецям ёсць чым заняцца. Мы нядаўна атрымалі кватэру і жывём тут ужо другі год. Вельмі задаволеныя нашым горадам, які становіцца ўсё лепш і лепш, — падзялілася Марына.

На тэрыторыі ўстановы адукацыі размешчаны сучасныя спартыўныя пляцоўкі і стадыён з дзвюма валейбольнымі і дзвюма баскетбольнымі пляцоўкамі, футбольным полем і бегавымі дарожкамі. Гэта дазволіць навучэнцам займацца спортам на свежым паветры круглы год, умацоўваючы здароўе і гартуючы характар.

У цэлым жа новая школа ў Астраўцы, безумоўна, стане важным адукацыйным цэнтрам, дзе дзеці атрымаюць якасную адукацыю і ўсебаковае развіццё.

Вераніка Казлоўская

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю