Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай працягваецца. У аўторак беларускі лідар працаваў ужо ў Пекіне. Праграма насычаная, хоць некаторыя мерапрыемствы мелі закрыты характар. Новыя праекты, якія ўмацуюць беларуска-кітайскія адносіны і іх эканамічную аснову кіраўнік дзяржавы абмеркаваў на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх бізнес-колаў.
Мы чакаем вас у Беларусі
Беларускі лідар сустрэўся з кіраўніцтвам кампаніі «Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы» на чале са старшынёй праўлення Ванам Шаўбо. Высокатэхналагічнае прадпрыемства спецыялізуецца на праектаванні, будаўніцтве і поўным абслугоўванні сучасных цяпліц. Кампанія пабудавала больш за 180 агароднінных баз і сучасных заводаў па вытворчасці расады ў 30 правінцыях і гарадах Кітая. Больш за 80 цяплічных комплексаў узведзены ў 40 краінах і рэгіёнах. Кампанія імкнецца актыўна ўдзельнічаць у глабальным працэсе мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, прытрымліваючыся канцэпцыі ініцыятывы «Пояс і шлях».
«Вельмі прыемная сустрэча не толькі таму, што я маю нейкія адносіны да зямлі, але і таму, што, вывучыўшы вашы магчымасці, вы для нас вельмі цікавыя. І нават нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка ў нас мае вельмі высокі ўзровень развіцця і многія прадукты харчавання мы пастаўляем у Кітай», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта кампанія ўжо не навічок на рынку Беларусі, супрацоўнічае са Светлагорскім ЦКК. Летась паміж бакамі быў падпісаны кантракт на будаўніцтва цяпліцы 4-га пакалення для вырошчвання таматаў.
«Вы вельмі інтэнсіўна і актыўна супрацоўнічаеце з нашымі рэгіёнамі. У вас найноўшыя тэхналогіі, наколькі я валодаю сітуацыяй, па праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі цяплічных комплексаў. Таму мы вас чакаем у Беларусі. Зямель і глебы, прыдатнай для цяпліц, у нас хапае. Калі вы выкарыстоўваеце штучнае арашэнне і падкормку раслін, мы крыху ўмеем гэта рабіць. Людзі, якія могуць працаваць на гэтых комплексах, у Беларусі ёсць», — прапанаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на канкурэнтныя перавагі Беларусі для развіцця дзейнасці ў гэтым напрамку: «У нас прымальны кошт прыроднага газу, лішкі электраэнергіі (мы плануем пабудаваць другую атамную станцыю, мы яе абавязкова пабудуем). Таму вы можаце сур’ёзна разгарнуцца ў Беларусі, на нашым рынку. Што вельмі важна, мы вельмі шмат такой прадукцыі сёння прадаём у Расіі. Расійскі рынак неабсяжны. У Еўропе вельмі патрэбна гэта прадукцыя. Таму калі хутка разгорнемся, мы можам атрымаць любую агародніну і прадаць на неабмежаваных рынках». Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў у далейшым пастаўляць вырашчаную прадукцыю ў Кітай. «Я ведаю, што вы цяпер часткова гатовы інвесціраваць у будаўніцтва цяплічных камбінатаў. Але я ўпэўнены, што літаральна праз год вы захочаце пабудаваць свае, кітайскія, са 100-працэнтным капіталам камбінаты для работы на тых рынках, — сказаў ён. — Словам, вы можаце разлічваць на падтрымку нашага ўрада ў Беларусі па вытворчасці агародніннай прадукцыі ў закрытым грунце. Можаце для Кітая вырабляць. Вось колькі вырабіце, столькі і забераце ў Кітай».
Вы самыя жаданыя госці ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з кіраўніцтвам «Шаньдун Хуалян Грынхаус Інжынірынг» на чале з Чэнь Хунлянам. Гэта кампанія спецыялізуецца на вырошчванні кветак, уключаючы архідэі. «Вы, напэўна, самыя багатыя і самыя жаданыя госці будзеце ў Беларусі. Я маю на ўвазе тое, што мы адкуль толькі не завозім кветкавую прадукцыю. Аж з Эквадора. Таму, спадар Чэнь, вам вароты адчынены. Рынак не асвоены беларускі і расійскі, ды і еўрапейскія рынкі. Канкурэнцыі практычна няма ніякай. Калі заўтра пачнеце прадаваць сваю цудоўную кветкавую прадукцыю, у тым ліку і архідэі, мы будзем вам вельмі ўдзячныя», — адзначыў беларускі лідар.
Плануецца, што ў Віцебскай вобласці з’явіцца сумеснае прадпрыемства па будаўніцтве цяплічных комплексаў 4-5-га пакалення агульнай плошчай не менш за 10 га для вырошчвання кветак (ружы, хрызантэмы, архідэі і іншыя).
Прэзідэнт запэўніў, што з беларускага боку будзе аказана самае шырокае садзейнічанне: «Будзем падтрымліваць! Будзеце разгортваць вытворчасць па тых тэхналогіях, па якіх палічыце патрэбным».
Чэнь Хунлян падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэцца, а таксама расказаў і аб пагадненні з Віцебскай вобласцю, распрацаваных адпаведных планах. «У нас вельмі добрыя тэхналогіі, каб ажыццявіць наш агульны праект. Мы будзем прыкладаць агульныя намаганні, каб развіваць яго. У нас ёсць мноства гатункаў розных кветак, так што мы б хацелі з вамі супрацоўнічаць па продажы гэтых кветак», — сказаў ён.
«Трэба прывозіць у Беларусь. І не толькі ў Беларусь. Мы з Беларусі будзем гандляваць і на Расію», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Мы гатовыя быць вам карыснымі
Таксама ў графік Прэзідэнта была ўключана сустрэча з прадстаўнікамі буйной кітайскай аўтамабілебудаўнічай кампаніі, якая мела закрыты характар. Аднак па тых заявах беларускага лідара, што трапілі ў эфір можна меркаваць, што на іх абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў прамысловасці, прамкааперацыі і ў прыватнасці аб вытворчасці рухавікоў.
«Я, перш за ўсё, хачу вас падзякаваць за тое, што вы, у гэты няпросты для нас час, звязаны з рознага роду ціскам на Беларусь, вырашылі працаваць, актыўна працаваць, у Беларусі. Мы гэта бачым, мы гэта вельмі цэнім, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мая галоўная задача сёння на сустрэчы з вамі — запэўніць вас у тым, што мы свята будзем выконваць узятыя на сябе абавязацельствы». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прадукцыя, якую выпускае гэта кампанія вельмі патрэбна Беларусі. «Мы ўмеем рабіць рухавікі. У вас кампанія вельмі прасунутая, гэта будзе вельмі добрая лінейка, якой, мы на жаль у Беларусі не валодаем, але імкнёмся зрабіць. З вамі гэта будзе хутчэй. Усё гэта для нас сёння актуальна і трэба», — сказаў ён.
Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння вельмі важна рухацца ў краіны, якія развіваюцца ў Азіі і Афрыцы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіны Афрыкі, якія вызваліліся ад каланіяльнага прыгнёту, хочуць мець раўнапраўныя адносіны з іншымі дзяржавамі. «Таму мы сваю прадукцыю гатовыя з вамі вырабляць і прадаваць на рынках, якія развіваюцца. Вы як чалавек практычны, разумееце, што мала вырабіць — зрабіць мы можам усё. А вось прадаць пры такой вострай канкурэнцыі... Мы гатовыя быць вам карыснымі ў гэтым пытанні», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ на адной сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ішла размова аб аўтамабілебудаванні. «Ведаю, што вы праяўляеце пэўную цікавасць да працы ў Беларусі. Нам патрэбна ваша прадукцыя. Вы ведаеце, на што мы здольныя ў аўтамабілебудаванні», — сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, беларускаму боку цікавы сумесная вытворчасць у аўтамабілебудаванні і продаж прадукцыі на рынках, якія блізкія да нашай краіны.
У тэму
Мы пачалі цыкл інвестыцыйных праектаў, якія зменяць тэхналагічную структуру краіны
Па выніках перагавораў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў расказаў журналістам пра тое, які эфект чакаецца ад сумеснага тэхналагічнага развіцця з Кітаем. Менавіта на гэтым краіны маюць намер зрабіць акцэнт у наступныя гады. Старт гэтаму працэсу далі лідары Беларусі і Кітая на праведзенай у Цяньцзіні сустрэчы, і праца ўжо запушчана. «Мы фактычна ўжо сёлета пачалі цыкл інвестыцыйных праектаў (не чакаючы 2026-2027 гадоў), якія, на мой погляд, праз 2-3, максімум 4 гады, цалкам зменяць тэхналагічную структуру нашай краіны», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
Мікалай Снапкоў звярнуў увагу, што вынік даюць і сустрэчы, якія Прэзідэнт праводзіў падчас візіту ў Кітай у пачатку чэрвеня. Шэраг падпісаных інвестыцыйных канкрэтных праектаў на агульную суму на дадзены момант каля 130 мільёнаў долараў. Але гэтая сума не ўлічвае кошту тых тэхналогій, якія Кітай перадае Беларусі, а выдаткі на іх распрацоўку вельмі высокія. «Напрыклад, адна з кампаній, з якой сёння падпісаны канкрэтны інвестыцыйны праект, марнуе ў год два мільярды долараў на НДВКП — навукова-даследчыя работы. Гэта, па вялікім рахунку, кажа аб узроўні канчатковага кошту падпісаных дакументаў», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.
Перш за ўсё гаворка ідзе аб тэхналогіях у машынабудаванні, аўтамабілебудаванні, у тым ліку і ў сельгасвытворчасці. У сваю чаргу Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў заявіў аб зацікаўленасці машынабудаўнічага комплексу ў сучасных кітайскіх тэхналогіях. «Новыя тэхналогіі дапамогуць мець больш канкурэнтны прадукт, які будзе выпускаць наша краіна», — сказаў міністр. Ён адзначыў, што для абодвух бакоў гэта ўзаемавыгадныя адносіны, дзе кожны чэрпае тое, што трэба для дынамічнага развіцця.