Top.Mail.Ru
0

Грошы не пахнуць. А чым пахне страхоўка?

02.09.2025 | 16:30

Адказ на гэтае пытанне далі ў міністэрстве на падатках і зборах. 



Тут растлумачылі, што падатковымі органамі праводзіцца пастаянная работа па выяўленні і спыненні парушэнняў у розных сферах прадпрымальніцтва, хай і вельмі спецыфічных. Адно з самых дзіўных спалучэнняў «два ў адным» у нядаўнім мінулым — бізнэс сеткі платных туалетаў і пасрэдніцкая дзейнасць. І, як высветлілася, абодва — «афшор» па падатках.

Так, у Брэсцкай вобласці падатковымі органамі ў ходзе аператыўных мерапрыемстваў выяўлены факты ўтойвання наяўнай выручкі пры аказанні паслуг платных туалетаў. Сума схаванай ад падаткаабкладання наяўнай выручкі перавысіла 150 тысяч рублёў, а таксама ўстаноўлены факты яе выкарыстання на выплату заработнай платы «ў канвертах». Пад дэвізам «грошы не пахнуць» гэтым жа суб’ектам быў арганізаваны бізнес па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, якія выязджаюць у краіны Еўрасаюза, ад імя страхавой арганізацыі, створанай за межамі Беларусі. Толькі плацельшчык не ўлічыў, што ў адпаведнасці з Законам «Аб страхавой дзейнасці» такая пасрэдніцкая дзейнасць з’яўляецца незаконнай і забараняецца. Даход ад рэалізацыі страхавых полісаў склаў больш за 200 тысяч рублёў.

Як паведамілі ў профільным міністэрстве, суб’ект гаспадарання і 6 яго касіраў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў за парушэнні парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў. Распачаты адміністрацыйны працэс за ажыццяўленне забароненай прадпрымальніцкай дзейнасці, за што суб’екту пагражае штраф у памеры да пяцісот базавых велічынь і канфіскацыя да ста працэнтаў сумы даходу, атрыманага ў выніку забароненай дзейнасці.

— Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці не вызваляе ад выплаты падаткаў у дачыненні да ўтоенай выручкі, у тым ліку з выплачанай заработнай платы «у канвертах», — дадалі на заканчэнне ў падатковым ведамстве.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю