— Таццяна Мікалаеўна, як не дапусціць гіпертаніі?
— Павышаны артэрыяльны ціск з’яўляецца сур’ёзным станам арганізма, які можа прывесці да розных небяспечных ускладненняў, калі не кантраляваць яго ўзровень. На сёння гіпертэнзія з’яўляецца адной з самых распаўсюджаных праблем сярод дарослых. Павышаны ціск на сценкі артэрый можа выклікаць іх пашкоджанні, што, у сваю чаргу, павялічвае рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, інфарктаў, інсультаў і іншых ускладненняў.
Асноўныя фактары рызыкі развіцця гіпертэнзіі — няправільнае харчаванне, недастатковая фізічная актыўнасць, лішняя вага, стрэс, ужыванне алкаголю і нікаціну, а таксама генетычная схільнасць.
Таму важна сачыць за сваім ладам жыцця, правільна харчавацца, займацца спортам, пазбягаць шкодных звычак і рэгулярна кантраляваць артэрыяльны ціск.
Для прафілактыкі гіпертэнзіі рэкамендуецца ўмеранае ўжыванне солі. У адным граме харчовай паваранай солі змяшчаецца 387 мг натрыю (амаль 40%). Пры празмерным спажыванні натрый прыводзіць да затрымкі вады ў арганізме і, як следства, да павышэння артэрыяльнага ціску. З кожнай солевай малекулай затрымліваецца мінімум 10 малекул вады. У выніку аб’ём крыві (і ў цэлым вадкасці) у сасудах і тканках пачынае павялічвацца, а нагрузка на сэрца — узрастаць.
Важна абмежаваць тлушчы. Пры спажыванні тлушчаў спецыяльнага прызначэння, такіх як маргарын, пальмаядравы і соевы алей, іншых замяняльнікаў малочнага тлушчу, павышаецца ўзровень халестэрыну, што ўскладняе хваробу. У сасудах утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі, якія абцяжарваюць рух крыві. Чым менш прасвет сасуда, тым вышэйшая верагоднасць інсульту або гіпертанічнага крызу. Таксама неабходна знізіць спажыванне прадуктаў, якія павышаюць узровень халестэрыну: напрыклад, замяніць тлустае мяса марской рыбай. У рацыёне гіпертоніка абавязкова павінны быць агародніна і садавіна, трэба імкнуцца штодня з’ядаць 4-5 порцый гародніны і садавіны (1 порцыя = 100 грамаў).
Важна сачыць за фізічнымі нагрузкамі і выконваць практыкаванні для прафілактыкі гіпертаніі.
— Дарэчы, ці можна займацца спортам людзям, якія пакутуюць ад высокага ціску?
— Кожны ўрач скажа, што актыўны лад жыцця заўсёды карысны. Артэрыяльная гіпертэнзія і спартыўныя заняткі адназначна сумяшчальныя, але пры гэтым трэба ўдакладняць, якім менавіта відам спорту можна займацца. Заняткі павінны праходзіць пад назіраннем, каб нагрузка не справакавала максімальна дапушчальнага павышэння артэры-яльнага ціску. У перыяд абвастрэння (крызавага цячэння) заняткі можна адмяніць. Гіпертонікам проціпаказаны сілавыя заняткі: нельга падымаць гіры, займацца падводным плаваннем, падымацца на горы, займацца ўсімі відамі барацьбы, цяжкай атлетыкай.
Любая дзейнасць, якая павялічвае частату сардэчных скарачэнняў і дыхання, лічыцца аэробнай актыўнасцю. Гэта язда на веласіпедзе, падыманне па лесвіцы, танцы, работа ў садзе, бег трушком, плаванне, прагулкі пешшу. Усё пералічанае дапамагае кантраляваць павышаны артэрыяльны ціск, з’яўляецца важным фактарам для зніжэння вагі і халестэрыну, умацоўвае сэрца і памяншае ўзровень стрэсу. Таму варта старацца мець як мінімум 150 хвілін умеранай аэробнай актыўнасці або 75 хвілін актыўнай у тыдзень.
— Як зразумець, што нагрузка не празмерная?
— Нагрузка ўмеранай інтэнсіўнасці павялічвае частату сардэчных скарачэнняў, суправаджаецца адчуваннем цяпла і лёгкай задышкі, але дазваляе пры гэтым камфортна гутарыць з іншым чалавекам. Важна пачынаць трэніроўкі паступова і з невялікіх нагрузак. Пры пачатковых прыкметах артэрыяльнай гіпертэнзіі людзям маладога ўзросту можна дазволіць бег або хуткую хаду.
Пры выкананні фізічнай нагрузкі ўзровень артэрыяльнага ціску можа павялічвацца, таму важна кантраляваць яго да пачатку заняткаў і пасля заканчэння. У норме паказчыкі ціску вяртаюцца да зыходнага значэння ў межах 10 хвілін. Калі гэтага не адбываецца, неабходна зменшыць інтэнсіўнасць фізічных практыкаванняў.
— Што рабіць, калі прызначаныя лекі не дапамагаюць?
— Як правіла, у такой праблемы ёсць вытлумачальныя прычыны, якія паддаюцца карэкцыі. Невыкананне рэкамендацый урача — гэта галоўны фактар адсутнасці эфекту ад прэпаратаў. Калі правільна прызначаныя прэпараты прымаюцца не ў той час, не ў тым аб’ёме і не так, як трэба, яны не працуюць. Акрамя таго, сярод прычын — салёная ежа: вы можаце не саліць ежу зусім, але ўжываць утоеную соль у падліўках, каўбасных вырабах, паўфабрыкатах і фастфудзе, сыры, выпечцы і хлебе, гатовых стравах на вынас.
Павялічвацца і трымацца высокі сісталічны і дыясталічны ціск можа з-за злоўжывання кафеінзмяшчальнымі напоямі. Таксама, як з-за ўжывання алкаголю — эпізадычнага або рэгулярнага. Сярод прычын, якія нівеліруюць лячэбнае дзеянне лекаў, — атлусценне або набор вагі. Уплывае і наш настрой. Калі пацыент жыве ў пастаянным стрэсе, то нават самыя лепшыя таблеткі не прывядуць да зніжэння ціску. Уплывае і сіндром абструктыўнага апноэ сну — распаўсюджаная паталогія, звязаная з рэзкім памяншэннем або поўным прыпынкам дыхання падчас начнога адпачынку.
Часта да адсутнасці выніку ў лячэнні прыводзіць замена прэпаратаў у аптэцы. У большасці выпадкаў пасля «рэкамендацый у аптэцы» пацыенты вяртаюцца зноў да ўрача.
Акрамя таго, справа можа быць у тым, што лекі яшчэ не працуюць у «поўную сілу». Трэба разумець, што максімум дзеяння некаторых прэпаратаў развіваецца не адразу, а толькі праз 14–21-ы дзень прыёму. Трэба проста пачакаць. Здараецца, што няправільна падабраны дозы і кампаненты лячэння. Гэтае пытанне вырашаецца толькі ў кабінеце ўрача заменай схемы тэрапіі.
Ёсць і рэзістэнтная артэрыяльная гіпертэнзія, якая, нягледзячы на ўсе спробы дактароў і розныя падыходы, устойлівая да лячэння. Але такое бывае вельмі рэдка — менш, чым у 10% выпадкаў.
Алена КРАВЕЦ