Top.Mail.Ru

Што можна знайсці ў праграме «Белай вежы»?

З 5 па 12 верасня ў Брэсце збярэ сваіх прыхільнікаў ХХІХ Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа». Маштабнае мерапрыемства за гады існавання стала адным з брэндаў рэгіёна. 



І сёлета на форуме рыхтуюцца здзіўляць гледачоў насычанай праграмай, у якой 30 спектакляў з шасці краін.

Арганізатарамі «Белай вежы» выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі аблвыканкам і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Праходзіць фестываль пры фінансавай падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц краін СНД. У чарговы раз ён аб’яднае таленавітыя тэатральныя калектывы з розных краін свету, каб прадэманстраваць усім прысутным, што тэатр і ў наш час застаецца жывым, дынамічным і актуальным мастацтвам.

У працэсе прафесійнага адбору экспертны савет сфарміраваў праграму, у якую ўвайшлі тры дзясяткі спектакляў ад калектываў з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Традыцыйна гледачы знойдуць у афішы і шырокі спектр жанраў, дзе ёсць класічная драма, інтэрактыўная камедыя, музычная казка. Заяўлены містычны трылер, электра-вулічны нуар, гераічны эпас і іншыя. Паказ спектакляў пройдзе на пяці мовах: беларускай, рускай, армянскай, татарскай і казахскай (пастаноўкі на замежнай мове будуць суправаджацца перакладам на рускую). Што да пляцовак, на якіх адбудуцца паказы, то іх таксама пяць: вялікая і малая залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, фае тэатра, Брэсцкі тэатр лялек і Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр.

Вядома, у 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівае месца ў фестывальнай праграме займаюць пастаноўкі аб бессмяротным подзвігу народа, які цаной неймаверных пакут захаваў сваю незалежнасць. Так, 5 верасня адкрые форум дакументальная драма «Горкі хлеб» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага (Беларусь). А 6 верасня гледачам пакажуць драму «Матроская цішыня» Разанскага дзяржаўнага ордэна «Знак Пашаны» абласнога тэатра драмы (Расія). Адбудзецца таксама паказ спектакля «Мацярынскае поле» ад Ніжнякамскага дзяржаўнага татарскага драматычнага тэатра імя Т. А. Міннулліна (Расія, Татарстан). Ваенную драму «А досвіткі тут ціхія...» Тэатральнага аб’яднання Рэспублікі Адыгея (Майскоп, Расія, Рэспубліка Адыгея) зможаце паглядзець 12 верасня. У выкананні Смаленскага абласнога тэатра лялек імя Д. М. Свяцільнікава (Расія) 7 верасня пройдзе паказ спектакля «Бах-Бах-Бах» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Усяго ў праграме «Белай вежы» сёлета гледачам прапаноўваюць 19 пастановак у жанры драмы.

Наша краіна будзе прадстаўлена шэрагам пастановак беларускіх калектываў. Акрамя ўжо згаданага Горкаўскага тэатра сваю творчасць прадставяць Магілёўскі абласны драматычны тэатр у спектаклі «Ігракі», Гомельскі абласны драматычны тэатр з пастаноўкай «Шлюб па-італьянску», таксама ўбачым «Камедыю» Новага драматычнага тэатра з Мінска, «Моцарт і Сальеры» ад Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, «Верабей і Анёл. Гісторыя сяброўства Эдзіт Піяф і Марлен Дзітрых» у выкананні Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

Прыхільнікам лялечных спектакляў варта звярнуць увагу на расійскія пастаноўкі «Байкі Крылова» Стаўрапольскага краявога тэатра, «Гуляем у Алонха» ад Тэатра лялек Рэспублікі Саха, «Па шчупаковай волі» Маскоўскага дзіцячага тэатра марыянетак, «Каля Лукамор’я» Краснадарскага краявога тэатра лялек і «Канёк-гарбунок» Брэсцкага тэатра лялек (Беларусь). Яшчэ можна выбраць пастаноўку музычнага і музычна-пластычнага кірунку, які прадстаўлены музычнай драмай «Улпан» Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва імя Г. Мусперава (Алматы, Казахстан), музычна-пластычным спектаклем «Казкі Пушкіна» Омскага абласнога тэатра юных гледачоў імя ХХ-годдзя Ленінскага камсамолу (Расія). У афішы форуму таксама ёсць і монаспектаклі. Словам, кожны адшукае тое, што яму бліжэй.

А 12 верасня ў вялікай зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы адбудзецца закрыццё фестывалю. «Белая вежа» развітаецца з гледачамі пасля паказу электра-вулічнага нуару па матывах аповесці Пушкіна «Капітанская дачка» ў выкананні Северадзвінскага драматычнага тэатра.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю