— У цешчы дзень нараджэння, — паведаміў сябру. — Трэба ж яе парадаваць... Дый жонка ласкавей на мяне паглядзіць...
— Хм-м, цікава, — азваўся Анатоль. — Ты пра цешчыны імяніны помніш, а я — не паверыш — нават пра жончыны магу забыць... Далібог, не помню, калі ёй кветкі дарыў!
— Дык сёння купі... Проста так, — усхадзіўся Дзіма. — Калі грошай няма, я пазычу.
— Ды ёсць, толькі няёмка неяк, — прабубніў сябрук. — Адвык я ад гэтых цырымоній.
Але ж дастаў з кашалька грошы, купіў букет, з форсам данёс дадому — і ўжо ў кухні ўрачыста (наколькі змог) яго ўручыў.
Жонка ад нечаканасці аж мову страціла.
Потым, калі голас прарэзаўся, насцярожана спытала:
— Што гэта?
— Як што? — усміхнуўся Анатоль. — Хіба не бачыш?.. Кветкі.
— Ды бачу... Але з чаго б? Хочаш нечага папрасіць?
— Не, ну што ты? — засмяяўся Анатоль. — Проста хацеў парадаваць.
— Парадаваць? — насцярожылася жонка. — А ў нас што, лішнія грошы з’явіліся?.. А-а-а, я ўсё зразумела: ты, мусіць, нешта адмачыў? І цяпер паддобрыцца хочаш? Прызнавайся!
— Дык няма ж у чым прызнавацца, — абурыўся Анатоль. — Тут звычайны сардэчны парыў.
— І да каго ж тваё сэрца рвалася? Нябось, да нейкай маладой лахудры? І што — хтосьці са знаёмых убачыў? Баішся, што «данясе»? Прызнавайся, нягоднік! — не сунімалася жонка.
Мужу нічога не заставалася, як выскачыць за дзверы, мімаходам прыхапіўшы вядро са смеццем. Жонка заўсёды рада была, калі ён дапамагаў па гаспадарцы. Хоць па драбязе.
Міхась СЛІВА,
г. Рагачоў.