Акцэнт — на ружах
Больш пільная ўвага ўдзяляецца кветкаваму афармленню. «Штогод памяншаецца колькасць высадкі аднагадовых раслін, прыкладна — на 7–10 % у пяцігодку. Сёлета пасаджаны 1 мільён 350 тысяч аднагадовых раслін як у плоскасныя кветнікі, так і ў малыя архітэктурныя формы. У рамках 80-годдзя Перамогі былі абноўлены або створаны новыя кветнікі, гэтая ж работа праводзіцца і да Дня горада Мінска. На агароджах раздзяляльных палос магістраляў выстаўлена
21 тысяча скрынь з ампельнымі раслінамі. Пасля завяршэння вегетацыйнага перыяду плануецца высадзіць каля 34 тысяч хрызантэм, якія будуць упрыгожваць горад аж да канца лістапада», — патлумачыла Кацярына Кароткіна.
Асобна яна падкрэсліла, што наўзамен адналеткаў павялічваецца доля шматгадовых раслін. Сёлета плануецца высадзіць каля 100 тысяч кветак. Па стане на пачатак восені такіх раслін ужо больш за 35 тысяч. Асобны акцэнт зроблены на ружах: калі раней іх высаджвалася каля 15 тысяч у год, то сёлета плануецца вырасціць каля 50 тысяч гэтых цудоўных кветак.
У сталіцы праводзіцца актыўная работа па стварэнні новых зон адпачынку. «Штогод у кожным адміністрацыйным раёне ствараюцца не менш за дзве зоны адпачынку. Гэта цяжкадаступныя тэрыторыі, участкі ўздоўж водных роўнядзяў і зямлі, якія не падлягаюць забудове. Работы пачынаюцца зімой з расчысткі зараснікаў, ламачча, сухастойных дрэў. У далейшым ажыццяўляецца добраўпарадкаванне з пракладкай дарожак, пасадкай зялёных насаджэнняў і кветкавым афармленнем. На сённяшні дзень створана больш за 70 такіх зон, і яшчэ дзевяць будуць адкрыты да свята горада», — паведаміла Кацярына Кароткіна.
Як зацугліць «Дракона»?
У кожнага маладога жыхара Мінска парк асацыіруецца з зонай адпачынку і разнастайнымі забавамі, і асаблівае слова — за атракцыёнамі. Сёння ў сталічных парках праводзіцца планамерная работа па абнаўленні атракцыёнаў. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан КАСЕВІЧ.
Усяго на балансе «Мінскзелянбуду» 59 атракцыёнаў.
У Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага іх размяшчаецца 26, у парку імя Чалюскінцаў — 14, у парку імя Уга Чавеса — 11, і дзевяць у парку 900-годдзя горада Мінска.
Як адзначыў Руслан Касевіч, прадпрыемства паслядоўна замяняе састарэлыя і адпрацаваныя механізмы. «Былі спісаныя два атракцыёны: „Лебедзі“ ў парку імя Чалюскінцаў і „Вальс“ у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага. Закуплены шэраг новых атракцыёнаў: „Лебедзі“ — у парку імя Чалюскінцаў, „Драконы“ і „Вальс“ беларускай вытворчасці — у Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага», — паведаміў намеснік дырэктара.
Паводле яго слоў, ужо ў верасні чакаецца пастаўка яшчэ двух атракцыёнаў. «Гэта „Мікс“ — у парк імя Чалюскінцаў і „Пажарная каманда“ ў Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага. Мы разлічваем, што ў верасні яны будуць пастаўлены і пачнуцца работы па іх мантажы», — удакладніў Руслан Касевіч. Ён падкрэсліў, што сезон работы такіх механізмаў сёлета працягнецца да канца верасня. «Далейшае рашэнне будзе прымацца ў залежнасці ад умоў надвор’я: альбо аб працягу сезоннай працы, альбо аб пераходзе ў рэжым кансервацыі», — лічыць кіраўнік.
Таксама вядзецца работа па закупцы новых атракцыёнаў на перспектыву. «Плануецца набыць яшчэ два атракцыёны — „Ладдзя“ і „Матацыклы“. Калі ўсё атрымаецца, іх пастаўка чакаецца ў пачатку наступнага года», — паведаміў ён.
Цяпер на балансе «Мінскзелянбуду» знаходзіцца большасць гарадскіх фантанаў — усяго 39 аб’ектаў. «Для іх абслугоўвання створаны спецыялізаваны ўчастак, работнікі якога выконваюць усе рэгламентныя работы. Традыцыйна сезон працы фантанаў завяршаецца ў апошнюю пятніцу верасня», — сказаў Руслан Касевіч.
Хакейная каробка ў любое надвор’е
Як паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара УП «Мінскзелянбуд» Уладзімір ХМАРА, сталічныя паркі ў найбліжэйшы час атрымаюць новыя спартыўныя аб’екты.
«Мы працягваем будаўніцтва новых паркаў і рэканструкцыю „пажылых“. У мінулым годзе завершана трэцяя чарга будаўніцтва парку імя Уга Чавеса. Там устаноўлены атракцыёны, што робіць яго адной з зон прыцягнення ў Фрунзенскім раёне. Таксама летась завершана рэканструкцыя парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка», — адзначыў Уладзімір Хмара.
Ён дадаў, што будаўніцтва парку Народнага адзінства працягваецца і завяршэнне плануецца ў наступным годзе. «На сённяшні дзень заканчваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ў межах вуліцы Дружбы і вуліцы Ежы Гедройца. Узведзена новая пешаходная сувязь, устаноўлены камфортныя лесвічныя маршы з пандусамі, выканана асвятленне».
Асаблівая ўвага ўдзяляецца спартыўнай тэматыцы новай чаргі парку імя Уга Чавеса. «Будуць абсталяваны веладарожка, пляцоўкі для пляжнага футбола і валейбола, варкаўт-пляцоўка, дзіцячыя гульнявыя комплексы, лыжаролерная траса і хакейная каробка са штучным лёдам. Гэта дазволіць падоўжыць сезон спартыўных заняткаў незалежна ад умоў надвор’я», — сказаў Уладзімір Хмара.
Сяргей КУРКАЧ