Top.Mail.Ru

Чаму хлопцы адной сям’і выбіраюць Спецыялізаваны ліцэй МУС

Ужо дзясяты год запар учарашнія школьнікі з усёй краіны напаўняюць сваімі звонкімі галасамі сцены ведамаснай установы адукацыі, якая на працяглы час становіцца для іх альма-матар, домам, пляцоўкай для рэалізацыі спартыўных і творчых магчымасцяў і, вядома, пуцёўкай у дарослае жыццё. Не сакрэт, што Спецыялізаваны ліцэй МУС карыстаецца папулярнасцю ў юных жыхароў Беларусі, якія мараць аб афіцэрскіх пагонах.



Працэнт паступлення выхаванцаў установы ў сілавыя ВНУ краіны традыцыйна высокі. Сёлета з 45 выпускнікоў 39 ліцэістаў паступілі ў Акадэмію МУС, пяцёра папоўнілі курсанцкія шэрагі Ваеннай акадэміі, адзін малады чалавек у інтарэсах міліцэйскага ведамства будзе вучыцца ў БНТУ. Усяго за 10 гадоў існавання ліцэя падрыхтавана звыш 2 тысяч сапраўдных патрыётаў, большасць з якіх нясе службу ў розных ведамствах ва ўсіх рэгіёнах краіны. Сёлета вялікую сям’ю ліцэістаў папоўнілі 50 сямікласнікаў, якія разам са старэйшымі таварышамі будуць паступова рухацца да сваёй мары. 

Упор на вучобу і фізічную падрыхтоўку

Для родных братоў Ягора і Мацвея Крывульцаў арыенцірам стаў іх старэйшы брат, які вучыўся ў ведамаснай установе. Першым па яго шляху пайшоў Ягор, затым паступіў у ліцэй і Мацвей. Як кажуць браты, настала чарга самага малодшага члена шматдзетнай сям’і. Тым больш што сямігадовы Гардзей ужо даўно вызначыўся са сваім прафесійным выбарам.

Ягор перайшоў на пяты курс, Мацвей працягне вучобу ў ліцэі на трэцім. Напярэдадні новага навучальнага года браты Крывульцы распавялі аб асаблівасцях вучобы і побыту ў ліцэі, падзяліліся планамі на будучыню.

Найперш — пра тое, з чаго ўсё пачалося. Хутчэй, з каго. «Мы на той момант жылі ў вёсцы Сянкевічы Лунінецкага раёна, калі старэйшы брат Міша паступіў у Спецыялізаваны ліцэй МУС, — расказвае Ягор. — Калі ён прыязджаў дадому ў форме, я захапляўся ім: такі прыгожы, мужны, моцны. Вырашыў таксама паступаць у ліцэй. Паколькі не вельмі добра вучыўся ў школе, пачаў падцягваць вучобу, больш актыўна займацца фізічнай падрыхтоўкай».

У выніку ў 2021 годзе Ягор Крывулец папоўніў шэрагі выхаванцаў ведамаснай установы. Праз два гады ў ліцэй паступіў і малодшы Мацвей. Для таго каб сыны маглі часцей бываць дома (а гэта магчыма толькі пры добрай вучобе), бацькі пераехалі ў аграгарадок Сеніца, што побач са сталіцай.

«Пасля таго як пабываў у ліцэі, на першым званку Ягора зразумеў, што гэта тое месца, дзе павінен вучыцца малады чалавек, які марыць аб добрай будучыні, хоча стаць ваеннаслужачым або абаронцам правапарадку», — кажа Мацвей.

Cтымул добрай вучобы

Дарэчы, у Спецыялізаваны ліцэй МУС можна паступіць пасля шостага класа. Пры наяўнасці свабодных месцаў прымаюць у ведамасную ўстанову і пасля сёмага, восьмага, дзявятага класаў. Набор у 11 класы не ажыццяўляецца нават пры наяўнасці вакантных месцаў: асвоіць спецыфіку навучальнай установы за адзін год немагчыма.

Пры паступленні здаюцца экзамены па матэматыцы і мове (рускай ці беларускай). У абавязковым парадку абітурыенты праходзяць сур’ёзную медыцынскую камісію і псіхалагічнае тэсціраванне. Каб навучацца ў ліцэі, трэба мець добрую спартыўную падрыхтоўку, але пры паступленні фізічныя даныя не правяраюць. Удасканаліць спартыўныя навыкі выхаванцам хопіць часу: фізкультура ў ліцэі выкладаецца не тры разы на тыдзень як у звычайнай школе, а чатыры. Акрамя таго, наладжана ўзаемадзеянне са спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву Партызанскага раёна сталіцы, на базе якой ліцэісты займаюцца боксам, настольным тэнісам, барацьбой, іншымі відамі спорту. Браты Крывульцы, напрыклад, наведваюць секцыю па хакеі і футболе.

«Калі хочаш, каб цябе адпускалі ў звальненні, дрэнна вучыцца не будзеш, — заўважаюць Ягор і Мацвей. — Жаданне сустрэцца на выхадных з роднымі — найлепшы стымул атрымліваць добрыя ацэнкі».

Разам лягчэй

Што датычыцца адаптацыі маладых людзей да іншага ўкладу жыцця, у кожнага яна праходзіць па-рознаму. Адным дастаткова і тыдня, каб прызвычаіцца да новага распарадку дня, іншым — крыху больш. Прафесійная матывацыя, уласцівая ўсім выхаванцам, пераважае, а таму ўсе цяжкасці, якія ўзнікаюць на першапачатковым этапе, пераадольваюцца проста.

Братам Крывульцам у гэтым плане пашанцавала. «Па першым часе я вельмі сумаваў па бацьках, — расказвае Мацвей. — Але калі разумееш, што на верхнім паверсе знаходзіцца твой брат, становіцца лягчэй, бо гэты шлях мы праходзім разам. Калі Ягор паступіць у ВНУ, мне яго будзе не хапаць. Аднак доўга сумаваць не атрымаецца, бо ліцэй — гэта адна вялікая сям’я, якая падтрымае ў любой сітуацыі».

Ні дня не праходзіць, каб браты не сустрэліся. Бачацца яны паміж урокамі, падчас спартыўных мерапрыемстваў на вуліцы. Вечарам збіраюцца ў адным з пакояў і гутараць на розныя тэмы, разам тэлефануюць бацькам. Дарэчы, як ні дзіўна, але малодшы Мацвей нярэдка дапамагае старэйшаму з урокамі, асабліва калі тэмы паўтараюцца. Ягор жа адказвае брату своечасовымі і важнымі парадамі. Па-за сценамі ліцэя яны таксама найлепшыя сябры. Нават кампанія ў іх — адна на дваіх.

З першага курса Ягор Крывулец — камандзір аддзялення. У зоне яго адказнасці — сямёра аднакласнікаў. У выпадку неабходнасці дапамагае ім з урокамі, кантралюе, ці забяспечаны парадак у пакоях, дзе хлопцы жывуць. Сочыць за іх форменным абмундзіраваннем, для кожнага з’яўляецца сябрам, з якім можна пагутарыць ці звярнуцца за парадай. Па розных пытаннях Ягор нярэдка раіцца са сваім старэйшым братам, які ўжо служыць у воінскай часці 3214. Дарэчы, ёсць у хлопцаў яшчэ і сястра, якая таксама носіць пагоны: дзяўчына — баец атрада спецыяльнага прызначэння «Беркут» унутраных войскаў МУС Беларусі. Па іх шляху мяркуюць пайсці і Ягор з Мацвеем.

Бацькі ганарацца сваімі дзецьмі, якія вырашылі прысвяціць жыццё служэнню Радзіме. «Кожныя выхадныя мы прыязджаем дадому, — расказваюць хлопцы. — Дапамагаем маці з прыборкай, закупляем патрэбныя на тыдзень прадукты, выконваем іншыя яе даручэнні. Свае абавязкі ёсць ужо і ў самага малодшага брата».

Як адзначаюць выкладчыкі ліцэя, за пяць гадоў, праведзеных у навучальнай установе, хлопцы кардынальна мяняюцца. Яны становяцца самастойнымі, адказнымі, гатовымі прыйсці адзін аднаму на дапамогу. У сілавых ВНУ, дзе маладыя людзі працягваюць навучанне, заўважаюць, што выпускнікі ліцэя МУС на галаву вышэйшыя за ўчарашніх школьнікаў: і ў вучобе, і ў фізічнай падрыхтоўцы. Ды і прызвычайвацца да строгага распарадку дня і дысцыпліны ім ужо не трэба. Яны ўпэўнена крочаць да сваёй мары — служыць краіне і яе народу.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю