У першы дзень форуму — 2 верасня — на розных прадпрыемствах прайшлі 7 тэматычных секцый: ад узаемадзеяння ў рэальным сектары эканомікі да маладзёжнага супрацоўніцтва і мясцовага самакіравання. Завяршыла праграму пасяджэнне беларуска-ўзбекскага дзелавога савета.
У гутарцы з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК асабліва падкрэсліў:
— Я б вылучыў, вядома, наша супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, якая паспяхова развіваецца і мае значны патэнцыял для далейшага нарошчвання. Наша супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі, наша ўзаемадзеянне ў галіне аховы здароўя і фармакалогіі, якое таксама паспяхова развіваецца.
Акцэнт — на прамысловасці
Машынабудаванне для абедзвюх краін мае вялікае значэнне, і яго развіццю, усталяванню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы на форуме была прысвечана дзейнасць асобнай секцыі. Месцам яе правядзення стала ПУП «Вітбудтэхмаш», якое вырабляе запатрабаваную ў Беларусі і за мяжой прадукцыю — пад’ёмнікаў, кранаў.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй СІДАРАЎ распавёў, што, акрамя спецыяльнай тэхнікі, завод пачаў выпускаць новую прадукцыю — абсталяванне для партоў, аэрадромаў, пад’ёмныя краны для марскіх партоў.
— На форуме нам будзе цікава пагутарыць з прадстаўнікамі машынабудаўнічага комплексу Узбекістана, распрацаваць новыя дарожныя карты. У нас на прадпрыемстве — максімальная лакалізацыя. Мы раскрылі і павялічылі аб’ёмы лакалізацыі нават той вытворчасці, якая існуе. У нас імпарту практычна няма, — распавёў ён журналістам.

Гаворачы аб машынабудаванні, удзельнікі секцыі адзначылі, што гэта стратэгічная галіна, якая ляжыць у аснове тэхналагічнага развіцця, мадэрнізацыі прамысловасці, аграрнага сектара.
— Машынабудаўнічы комплекс становіцца адным з драйвераў узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ.

Ён падкрэсліў, што эфектыўнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы можна наладзіць у рэгіянальным разрэзе і прадметна — з канкрэтнымі прадпрыемствамі.
Старшыня Камітэта Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан па бюджэце і эканамічных пытаннях Эркін ГАДОЕЎ падкрэсліў, што развіццё ўсіх галін эканомікі ў любой краіне залежыць ад паспяховай працы машынабудаўнічага комплексу.
— У нас цэняць вашу прадукцыю, якую выкарыстоўваюць у асноўным на буйных нашых прадпрыемствах, напрыклад, грузавыя машыны БЕЛАЗ, а таксама ўжываюць фермеры і вытворцы сельскагаспадарчых тавараў — гаворка пра трактары і іншую сельгастэхніку, якая з’яўляецца вельмі якаснай. Гэтая сустрэча на форуме адкрывае вялікія магчымасці для далейшага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, — сказаў ён.
Першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Андрэй КАНЮШКА падзяліўся з журналістамі, як паглыбляецца беларуска-ўзбекскае ўзаемадзеянне ў сферы машынабудавання.
— Мы абмеркавалі з нашымі калегамі далейшае супрацоўніцтва з машынабудаўнічым комплексам Узбекістана. У нас ёсць сумеснае прадпрыемства, якое гатова працаваць і з МАЗам, і з МТЗ, ёсць пытанне сертыфікацыі і лакалізацыі на мясцовым узроўні. Сёння ўсе папярэднія дамоўленасці замацаваны, падпісаны мемарандум, каб атрымаць беларуска-узбекскі прадукт, які будзе прадстаўлены на рынку. Гэта наша лакалізацыя асобных відаў трактароў, аўтамабіляў МАЗ і БЕЛАЗ. Узаемасувязь і сінэргетычная ўзаемадзеянне двух машынабудаўнічых комплексаў павінны даць вынік — гэта павелічэнне продажаў на рынках Узбекістана і бліжэйшых краін Цэнтральнай Азіі, — растлумачыў ён.
Госці з Узбекістана прадставілі на секцыі і інвестыцыйны патэнцыял сваёй краіны.
— Узбекістан раскрыў вялікія перспектывы для бізнесу. Нам цікава наладзіць кантакты з беларускімі кампаніямі, знайсці агульныя падыходы, таму што мы для сябе вылучылі некалькі асноўных напрамкаў для супрацоўніцтва — гэта фармацэўтычная галіна, харчовая прамысловасць, аграрны сектар, таму што ў Беларусі дастаткова вялікі вопыт у гэтым кірунку, а таксама машынабудаванне, — распавяла намеснік дырэктара Агенцтва па прыцягненні замежных інвестыцый пры міністэрстве інвестыцый, прамысловасці і гандлю Узбекістана Раксана НЕСОР.
Каштоўны вопыт для развіцця мясцовага самакіравання
Абмеркаванню ролі мясцовага самакіравання ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана прысвечана адна з секцый ІІІ Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму з удзелам прадстаўнікоў гэтых краін.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ звярнуў увагу на тое, што роля заканатворцаў у разрэзе рэалізацыі дамоўленасцяў, заключаных прадстаўнікамі палітычных, дзелавых, гуманітарных колаў дзвюх краін, заключаецца ў забеспячэння прававога фундамента.
— А Савет Рэспублікі — рэгіянальны прадстаўнічы орган, выбраны ў тым ліку мясцовымі Саветамі, таму важна мець сувязь і трывалыя кантакты з рэгіёнамі, каб вырашаць іх праблемы, — лічыць сенатар.
Намеснік старшыні Камісіі Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан па садзейнічанні ўзмацненню дзейнасці прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады на месцах Гулнора МАРУФАВА адзначыла, што такая секцыя працуе ўпершыню і госці спадзяюцца скарыстацца вопытам беларускіх калег.
— Цяпер ва Узбекістане ідзе рэформа мясцовай улады, падзел яе на прадстаўнічыя і выканаўчыя органы, — праінфармавала яна. — Кенгашам, як прадстаўнічым органам, належыць выконваць раней не ўласцівыя ім функцыі. У той жа час у Беларусі такое раздзяленне адбылося даўно, і Саветы дэпутатаў маюць цікавыя практычныя напрацоўкі, аб якіх яны расказалі падчас работы секцыі. Яны тычацца добраўпарадкавання, занятасці, узаемадзеяння з насельніцтвам, вырашэння камунальных, бытавых і іншых пытанняў, а таксама рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў.
Даючы ацэнку зробленаму ў рэгіёнах, Леанід Заяц падкрэсліў, што іх вопыт бясцэнны, і яго немагчыма цалкам паўтарыць. Кожнае выступленне было змястоўным і карысным і для гасцей, і для калег з іншых рэгіёнаў Беларусі. Мадэратары прыйшлі да высновы, што органы мясцовага самакіравання таксама могуць і павінны ўплываць на станоўчае вырашэнне задач, якія ставяць прэзідэнты абедзвюх краін. Галоўныя сярод іх — паляпшэнне жыцця грамадзян, павышэнне ўзроўню іх дабрабыту.
У тэму
У рамках форуму ў Віцебску адбылося пасяджэнне беларуска-узбекскага дзелавога савета
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл МЯТЛІКАЎ адзначыў актыўнае развіццё гандлёвых адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам. Вялікае значэнне ў інтэграцыйных працэсах гуляе супрацоўніцтва гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін.
Саветнік старшыні гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Узбекістан Іслам БАБАДЖАНАЎ падкрэсліў:
— Жыхары Узбекістана давяраюць беларускай прадукцыі, якая цэніцца сваёй якасцю. У сваю чаргу беларускі рынак цікавы узбекскім вытворцам. Існуюць усе неабходныя перадумовы для далейшага павелічэння тавараабароту.
У ходзе мерапрыемства адбылася цырымонія падпісання пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж прадстаўнікамі бізнесу Беларусі і Узбекістана.
Дарэчы
На палях трэцяга беларуска-узбекскага жаночага бізнес-форуму, прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын (БСЖ) і Камітэта сям’і і жанчын Узбекістана падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні
Прадстаўніцы БСЖ ужо трэці раз удзельнічаюць у такім маштабным мерапрыемстве, і на форуме ў Віцебску абмяркоўваюць не толькі новыя дамоўленасці, але і дасягнутыя вынікі.
— Мы рады, што нас Віцебск сустракае гэтым разам. Два форумы праходзілі раней у Мінску і Ташкенце, і вось цяпер у Віцебску, мне здаецца, усё сімвалічна, таму што гэта жаночы горад і тут жывуць, без перабольшання, самыя прыгожыя дзяўчыны Беларусі. Прыемна, што нашы ўзбекскія госці таксама ўбачаць і нацешацца гэтым выдатным горадам, яго гісторыяй, горадам Шагала. Я ўпэўнена, што яны атрымаюць прыемныя ўражанні ад Віцебска. Гэты трэці форум — гэта працяг тых адносін, якія былі закладзены два гады таму яшчэ на першым форуме. За гэты час зроблена вельмі многае, і мы гаворым не толькі пра эканоміку, таму што не толькі ў сферы эканомікі жанчыны — прадпрымальнікі перасякаюцца. Наогул, жанчыны—прадпрымальнікі — гэта не толькі пра грошы, гэта яшчэ пра сацыяльную сферу, дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Гэта пра агульныя праекты, якія накіраваны на здароўе жанчыны, дзяцей, і пра гэта будзем сёння гаварыць на секцыях. Вельмі шмат сумесных адукацыйных праграм, якія мы хочам рэалізаваць, шмат і сумесных медыцынскіх праграм. Ёсць чаму вучыцца. Нават у плане арганізацыі працы жаночых арганізацый таксама ёсць дзе пераймаць вопыт, таму што ў нас БСЖ — гэта грамадская арганізацыя, а там (ва Узбекістане, — заўв. аўт.) гэта ўрадавая арганізацыя, і ў іх асаблівая ўвага надаецца ўсім так, каб дайсці да кожнай жанчыны, — распавяла журналістам старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ.
На сустрэчы, якая прайшла ў Мастацкім музеі, прадстаўніцы дзвюх краін абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва, абмяняліся вопытам у сферы адукацыі, прадпрымальніцтва, культуры і сацыяльнай падтрымкі, а таксама паднялі тэму сумесных праектаў і ініцыятыў, вызначылі прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння.
Удзельніцы круглага стала падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне развіцця двухбаковых адносін паміж клубам дзелавых жанчын пры Сенаце Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан і Саюзам «жанчыны-прадпрымальнікі і дзелавыя жанчыны» Узбекістана і аб’яднанай арганізацыяй суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці Беларускага саюза жанчын.
Першы намеснік старшыні Камітэта сям’і і жанчын Рэспублікі Узбекістан Уміда АБДУЛАЕВА распавяла журналістам, што жанчын з яе радзімы цікавіць, як у Беларусі займаюцца выхаваннем падрастаючага пакалення і захаваннем інстытута сям’і.
Між іншым— Нам цікава, чым займаюцца беларускія жанчыны на карысць сваёй сям’і, як яны выхоўваюць сваіх дзяцей, чым яны ў першую займаюцца, калі ідзе гаворка пра маральнае выхаванне, калі мы кажам, што ў эпоху глабалізацыі ідзе вельмі вялікі паток інфармацыі, і мы павінны прышчапіць нашым дзецям імунітэт да гэтага патоку, прышчапіць ім нашы маральныя каштоўнасці, і самае галоўнае — сямейныя каштоўнасці.
Прадпрыемствы Мінпрама прадстаўляюць прадукцыю на беларуска-узбекскім жаночым бізнес-форуме ў Віцебску.
Прадукцыя прадпрыемстваў Мінпрама, у прыватнасці, прадстаўлена каля канцэртнай залы «Віцебск», таксама працуе выстава тэхнікі на плошчы Свабоды. Міністэрства прамысловасці прапануе партнёрам з Узбекістана ўнікальную магчымасць азнаёміцца з інавацыйнымі распрацоўкамі і прадукцыяй айчынных вытворцаў.
На думку арганізатараў, правядзенне выставы будзе садзейнічаць усталяванню дзелавых кантактаў і абмену вопытам паміж партнёрамі дзвюх краін, умацаванню ўзаемавыгадных сувязяў і стварэнню новых перспектыўных напрамкаў бізнесу.
Мерапрыемства дазволіць удзельнікам пашырыць рынкі збыту, наладзіць доўгатэрміновыя гандлёвыя адносіны і рэалізаваць сумесныя праекты з мэтай развіцця эканомік абедзвюх рэспублік.

У прыватнасці, сваю прадукцыю прадстаўляюць 6 арганізацый Мінпрама. ААТ «Інтэграл» дэманструе вырабы электроннай тэхнікі і тавары медыцынскага прызначэння, «БКМ-холдынг» прэзентуе макеты нізкапольнага трамвая мадэлі Т811 і электробуса мадэлі Е321, а таксама інтэрактыўную панэль, ЗАТ «Атлант» прадстаўляе інавацыйную бытавую тэхніку ATLANT, ААТ «БМЗ»- узоры металапрадукцыі, Мінскі маторны завод — дызельныя рухавікі, кампрэсарныя станцыі і дызель-генератарныя ўстаноўкі, а ААТ «МЗШ» — рэкламную прадукцыю.
Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў, паводле Белта і прэс-службы Савета Рэспублікі.