Top.Mail.Ru

Героі жніва з Баранавіцкага раёна аб рэкордах, планах і мары

02.09.2025 | 14:26

Хлебная ніва ў Беларусі ў асноўным убрана. У рэгіёнах напоўніцу рыхтуюцца да галоўнага свята хлебаробаў — «Дажынак». Знайшоўшы момант, калі ў перадавікоў жніва з’явілася крыху часу пагутарыць з журналістамі, карэспандэнты БелТА адправіліся ў адну з найлепшых гаспадарак Брэсцкай вобласці — ААТ «Крошын» Баранавіцкага раёна. Тут атрымалі шчодры ўраджай, своечасова і якасна ўбралі. Аб рэкордах, планах і любімай справе пагутарылі з героямі цяперашняй гарачай пары.



Работа кіпіць круглы год

З камбайнерам Ігарам ГАЎРЫКАМ сустракаемся на мехдвары. Свой GS-2124 ён ласкава заве «працавіком». На ім намалаціў больш за 5 тысяч тон збожжа. Механізатар прызнаецца, што работа ў гаспадарцы кіпіць круглы год. Зімой ён даводзіць да розуму тэхніку, рыхтуючыся да палявых работ, вясной уключаецца ў пасяўную. Уносіць мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, падкормлівае азімыя. На самаходным апырсквальніку праводзіць хімпраполкі.

S_SH5084.JPG

Падчас жніва Ігар у полі зранку і дацямна. «Настройваешся на інтэнсіўную работу. Трэба выкласціся на 100 працэнтаў, бо шмат працы ўкладзена ва ўраджай», — адзначае камбайнер.

Дома з разуменнем ставяцца да такога рытму. Камбайнер — з сямейнай дынастыі хлебаробаў. Пайшоў па шляху бацькі. У гаспадарцы працавалі і бабуля, і дзядуля. Жонка — аграном. Выхоўваюць 12-гадовую Варвару, хлопчыкаў Макара і Елісея: аднаму ў лістападзе будзе 11 гадоў, другому споўнілася 3 гады. Дзеці ганарацца бацькам, калі бачаць, якой махінай ён кіруе. Сын загарэўся ідэяй таксама стаць камбайнерам.

Ігар атрымаў спецыяльнасць агранома, скончыў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, завочна — Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Працаваў па спецыяльнасці, а потым вырашыў, што тэхніка яму бліжэй. Старшым камбайнерам працуе 15-ы сезон, да гэтага шмат гадоў быў памочнікам, у тым ліку тры гады ўбіраў хлеб разам з бацькам.

Ігара Гаўрыка неаднойчы прызнавалі адным з найлепшых на рэспубліканскіх (у складзе маладзёжных экіпажаў), абласных «Дажынках». У гаспадарцы ён на добрым рахунку: адказны, заўсёды можна на яго разлічваць. У мінулым сезоне атрымаў новы камбайн.

«На старым камбайне адпрацаваў 13 сезонаў. Было шкада аддаваць, але захацеў больш магутны. Летась больш як 5 тысяч намалаціў, сёлета таксама. Яшчэ кукурузу на ім трэба будзе ўбраць», — адзначыў механізатар.

Захапленне тэхнікай у яго з дзяцінства. Аб сабе кажа так: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Сакрэтам поспеху называе любоў да сваёй справы, цярпенне. Высокая канкурэнцыя і годная ўзнагарода таксама матывуюць.

На вынік працуе дружная каманда прафесіяналаў. Аператыўна арганізаваны адвоз збожжа. У тандэме з Ігарам памочнікам камбайнера ў гэтым сезоне працаваў студэнт Аляксей Малейка. Пасля ВНУ ён прыйдзе ў «Крошын» па размеркаванні. На камбайне была яго першая гарачая пара, да гэтага ў складзе студатрада працаваў на зернесушыльным комплексе.

S_SH5259.JPG

Мара дзяцінства — сустрэцца з Прэзідэнтам

Перадавіком у перавозцы ўраджаю стаў Вячаслаў ТРУС. На яго рахунку каля 8,9 тысяч тон дастаўленага збожжа. Вадзіцель пабіў свой леташні максімум — амаль 7,5 тыс. тон.

«У наступным годзе будзем спрабаваць узяць планку 9 тысяч тон, калі вырасце дастойны ўраджай», — падзяліўся планамі Вячаслаў.

У жніве ён бярэ ўдзел з 2009 года. Яшчэ калі вучыўся ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, працаваў памочнікам камбайнера. Па размеркаванні трапіў у гаспадарку, спрабаваў руліць камбайнам, але выбраў іншы кірунак.

МАЗ, на якім перавёз рэкордныя амаль 9 тысяч тон, атрымаў у жніўні 2023 года. З тэхнікай на «ты» Вячаслаў з малых гадоў. Бацька, дзядзька працавалі кіроўцамі. Жыццё на сяле вадзіцелю па душы. «Горад — не маё. У вёсцы весялей. Для ўборачнай надвор’е сёлета неспрыяльнае — не давала нармальна ўвайсці ў тэмп. Калі ўвайшлі ў каляіну, ужо было позна. І цяжка: стомленасць давала аб сабе знаць. Ужо з 3 тысяч тон адлічваў, калі ж фініш!» — падзяліўся эмоцыямі аграрый.

Вячаслаў пакуль не жанаты. Сваю прафесію любіць, гаворыць, што праца для яго — хобі. У вольны час можа скласці кампанію калегам-рыбакам, але ў цэлым рыбалка не моцна прыцягвае. Ёсць мара дзяцінства — сустрэцца з Прэзідэнтам краіны.

Асабісты рэкорд

S_SH5050.JPG

Яшчэ аднаго камбайнера-перадавіка Аляксандра Яраша заспелі ў полі, дзе ён працаваў на прасаванні саломы.

«Уборачная на новым камбайне GS-2124 прайшла добра. Намалацілі амаль 4,5 тысячы тон. Нядрэнны вынік. Мой мінулы рэкорд — 2,5 тысячы. Буду імкнуцца, каб больш было», — расказаў Аляксандр.

Для яго, як камбайнера, гэта трэцяе жніво. Яшчэ два сезоны працаваў памочнікам. На колькіх палях працаваў, ужо і не палічыць. «Далі заданне — трэба выканаць без страт. Галоўнае — не нервавацца, працаваць на пазітыве. І будзе ўсё добра», — упэўнены Аляксандр.

Сам ён жыве ў Баранавічах. Яшчэ ў школе вызначыўся, што будзе аграрыем. «Дзед быў трактарыстам, перадавіком. З ім пастаянна катаўся. Мне гэта падабаецца. Адвучыўся — і адразу за руль трактара, камбайна. Ніякіх складанасцяў. Сучасная тэхніка дазваляе хутка ўбіраць. Гэта раней малацілі 300 тон і станавіліся перадавікамі. Цяпер амаль столькі за дзень атрымліваем. Камбайны намнога сталі лепш», — падзяліўся ён.

Сёлета дапамагаў на ўборцы дырэктар Мірнаўскай сярэдняй школы Аляксей Ждановіч. «Спрацаваліся. У наступным годзе зноў будзем разам працаваць», — расказаў Аляксандр.

Апора і падтрымка для Аляксандра — сям’я. Камбайнер выхоўвае дачок Веру і Варвару: малодшай — 7 гадоў, старэйшай — 12. Дзяўчаты любяць бавіць час, катаючыся на веласіпедах. Падабаюцца ім таксама танцы, лёгкая атлетыка. Малодшая яшчэ хоча займацца каратэ.

Сам Аляксандр адным са сваіх захапленняў назваў байдаркі. «Хадзілі сёлета некалькі разоў. Спадабалася», — расказаў камбайнер. Таксама з сям’ёй імкнецца ў вольны час выбірацца на прагулкі, бываюць на «Белагра».

S_SH5222.JPG

Аляксандр два сезоны ў Брэсцкай вобласці займаў на ўборачнай першыя месцы ў складзе маладзёжнага экіпажа.

«Матывуюць азарт і, вядома, зарплата. Чым больш намалаціў, тым больш атрымаеш», — адзначыў камбайнер.

Тым часам

У гаспадарках і арганізацыях краіны актыўна ідзе ўборка цукровых буракоў — адной з ключавых тэхнічных культур.

Уборачная кампанія праходзіць у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, якія ствараюць надзейную сыравінную базу для цукровай галіны краіны.

Аграрыям сёлета трэба ўбраць ураджай з плошчы 107 тыс. га. Паводле даных на 2 жніўня, ужо ўбрана 6 % пасяўных плошчаў, або 6 тыс. га. Валавы збор цукровых буракоў перасягнуў 304 тыс. тон.

Сярэдняя ўраджайнасць культуры значна перавышае паказчыкі мінулага года і складае 476 ц/га, што на 57,7 ц/га вышэй за ўзровень мінулага года.

Надзея МАТВЕЕВА,

Фота Сяргея ШЭЛЕГА, БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю