Top.Mail.Ru

Сёлета на Віцебшчыне рэалізуюць 15 праектаў, якія прапанавалі жыхары рэгіёна

02.09.2025 | 14:18

Самым важным і каштоўным у такіх праектах з’яўляецца тое, што іх аўтары — грамадзяне, зацікаўленыя ў пераўтварэнні да лепшага сваіх мясцін. Запыты ідуць ад жыцця, патрэб насельніцтва і маюць грамадскую значнасць.



Калі летась у выканаўчую дырэкцыю абласной Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў на разгляданне паступілі 23 праекты, то ў гэтым годзе насельніцтва праявіла большую актыўнасць. Прадстаўлена 72 праекты, 11 з якіх па рашэнні Віцебскага аблвыканкама атрымалі фінансаванне ў суме каля 400 тысяч рублёў. Дарэчы, прадугледжваецца, што 10 % ад кошту рэалізацыі кожнага праекта ўносяць грамадзяне шляхам прыцягнення спонсарскай дапамогі або збору дабравольных ахвяраванняў. Важна, што ў Год добраўпарадкавання 90 % ініцыятыў накіравана менавіта на вырашэнне пытанняў навядзення парадку на зямлі, азелянення, уладкавання месцаў масавага адпачынку, устаноўцы памятных знакаў.

Так, прыняты да рэалізацыі праекты па добраўпарадкаванні дзіцячага парку ў Гарадку і спартыўнай пляцоўкі ў Талачыне, устаноўцы ў Оршы памятнага знака ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і рэстаўрацыі скульптуры салдата на воінскім пахаванні ў аграгарадку Вароны Віцебскага раёна, крыніцы ў вёсцы Заветнае Сенненскага раёна і пляжу ў Бароўцы Лепельскага раёна...

— Магчымасць выступіць са сваёй прапановай — яскравы прыклад, як зрабіць уласны ўнёсак у развіццё сваёй малой радзімы, а значыць, і ўсёй краіны, — лічыць аўтар праекта «Гульнявая планета дзяцінства», жыхарка пасёлка Асінторф Дубровенскага раёна Галіна БЛАГАДЗЁРАВА. — У нашым пасёлку звыш сотні дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, а вось месца, дзе яны маглі б збірацца, каб бяспечна бавіць вольны час, не было. Таму і ўзнікла ідэя ўладкаваць тэрыторыю для іх цікавага і бяспечнага адпачынку.

Пляцоўку ў цэнтры Асінторфа, побач са школай, адкрылі ў пачатку лета. Яна ўмоўна падзелена на рознаўзроставыя зоны, дзе ўладкаваны пясочніцы, горкі, арэлі, гімнастычныя турнікі. Атмасфера тут дружалюбная, дзеці і падлеткі беражліва адносяцца да свайго комплексу.

Кошт абсталявання і работ — 27 тысяч рублёў, 2,7 тысячы рублёў з якіх — грошы месцічаў. Асноўную частку работ выконвалі спецыялісты камунгаса, але і жыхары пасёлка не сядзелі ўбаку. У іх далейшых планах — азеляненне пляцоўкі, догляд за ёй.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю