Top.Mail.Ru

Асаблівасці працоўнага тыдня сенатараў

02.09.2025 | 15:36

У рамках дабрачыннай акцыі «Збяром партфель першакласніку» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, намеснік дырэктара па развіцці СТАА «Контэ Спа» Валянцін Байко наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу, размешчаны ў Гродне. Сенатар пазнаёміўся з выхавальнікамі дзіцячага дома і дзецьмі, якія тут пражываюць. 



Муж і жонка Аляксандр і Таццяна Нікіціны выхоўваюць адзінаццаць дзяцей рознага ўзросту, восем з якіх перададзены ім з дзіцячых дамоў і нядобранадзейных сем’яў, а яшчэ трое — родныя. Па словах Таццяны Нікіцінай, да пачатку работы ў дзіцячым доме яны з мужам на працягу двух гадоў былі прыёмнай сям’ёй, аднак хацелася аказаць пасільную дапамогу большай колькасці дзетак, і вось ужо сем гадоў як жанчына з’яўляецца выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу. Сужэнцы Нікіціны лічаць, што сацыяльна арыентаваная палітыка нашай дзяржавы дае дзецям вялікую магчымасць развівацца, вучыцца, займацца спортам, любіць іх і ствараць пачуццё бяспекі і ўпэўненасці. «Наша краіна паказвае прыклад, калі ўсе могуць мець роўныя ўмовы для жыцця, для развіцця, для творчасці, і складана пераацаніць дзяржаўную падтрымку шматдзетным сем’ям і дамам сямейнага тыпу. Ствараецца спрыяльная сямейная атмасфера для развіцця дзяцей, падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця і захавання сваяцкіх сувязяў», — адзначыў Валянцін Байко.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па г. Наваполацку Алена Фурс правяла асабісты прыём грамадзян у аграгарадку Краснаполле. Грамадзянін, які звярнуўся да парламентарыя па садзейнічанне, прасіў растлумачыць нюансы працэдуры куплі пустога жылога дома ў сельскай мясцовасці. Сенатар падрабязна расказала аб парадку набыцця такой нерухомасці, нагадаўшы аб тым, што са з’яўленнем Указа Прэзідэнта № 116 гэты працэс максімальна спрошчаны. «Уцягванне ў гаспадарчы абарот пустых дамоў і земляў — адна з прыярытэтных задач нашай дзяржавы, асабліва ў Год добраўпарадкавання, — падкрэсліла сенатар.

— У Беларусі дзейнічае простая і даступная сістэма набыцця нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца, дзякуючы чаму ўсё больш пустых дамоў у вёсках і сёлах знаходзяць новае жыццё. Гэта не можа не радаваць, бо за развіццём малых населеных пунктаў стаіць дабрабыт усёй краіны». Алена Фурс таксама наведала Краснапольскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі і аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Забор’е. Сенатар азнаёмілася з дзейнасцю сацыяльна значных аб’ектаў, вывучыла матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў і пацікавілася ў кіраўніцтва праблемамі. «Зносіны з людзьмі — гэта компас у нашай працы: вызначае болевыя кропкі і падказвае кірунак далейшай дзейнасці дзеля аказання ўсебаковай дапамогі грамадзянам, вырашэння іх праблем», — звярнула ўвагу парламентарый.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Ала Смаляк сумесна з архіепіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам наведала падлеткаў, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары Гомеля. Непаўналетнія ў СІЗА, якія парушылі закон, маюць магчымасць атрымліваць веды — у следчым ізалятары ёсць вучэбны клас. Сенатар уручыла дзецям падарункі, неабходныя для вучобы прылады, пажадала ім стараннасці ў навучанні, поспехаў і ўсяго самага найлепшага. «Імкніцеся добра вучыцца — атрыманы багаж ведаў дапаможа ў будучыні стварыць аснову для прафесійнага станаўлення. І надалей не здзяйсняйце неабдуманых учынкаў, за якія цана часам занадта высокая», — сказала Ала Смаляк.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю