Top.Mail.Ru

Парламенцкая дэлегацыя Узбекістана прыбыла з візітам у Беларусь

02.09.2025 | 15:20

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА і Старшыня Сената Олій Мажліса Танзіла НАРБАЕВА падпісалі пратакол да Мемарандума аб супрацоўніцтве (стварэнні Міжпарламенцкай камісіі) і план сумесных мерапрыемстваў (дарожную карту) на 2026–2027 гады.



Вітаючы ўзбекскіх калег, Наталля Качанава найперш павіншавала іх з Днём незалежнасці Рэспублікі Узбекістан, які адзначаўся напярэдадні ІІІ Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму. «Стала добрай традыцыяй праводзіць такія мерапрыемствы штогод ва Узбекістане і ў Беларусі, — адзначыла спікер. — Гэта важкі ўнёсак у супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і народамі».

Старшыня Савета Рэспублікі засяродзіла ўвагу на тым, што Узбекістан заўжды быў для нас роднай краінай з брацкім народам. «Аб гэтым заўсёды гаворыць наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, — акцэнтавала ўвагу спікер. — І танальнасць у супрацоўніцтве задаюць лідары нашых дзяржаў. Сяброўства паміж нашымі народамі загартоўвалася ў полымі Вялікай Айчыннай вайны, і гэты факт набывае асаблівае гучанне ў 2025-м, калі адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі. Час, калі брацкія народы плячо ў плячо абаранялі агульную Айчыну, — гэта скрэпы, фундамент, якія аб’ядноўваюць беларусаў і ўзбекаў на многія-многія гады».

Па словах Наталлі Качанавай, мерапрыемствы, што праводзяцца паміж дзвюма краінамі, сустрэчы на найвышэйшым узроўні, падпісанне дакументаў аб супрацоўніцтве садзейнічаюць развіццю адносін па розных кірунках.

«У нас ёсць міжпарламенцкая група, а цяпер — першае пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі, — канкрэтызавала спікер. — Эфектыўна працуе міжурадавая рабочая камісія. Паміж краінамі ёсць добрая нарматыўна-прававая база. Пастаўлена задача дасягнуць гадавога тавараабароту паміж нашымі краінамі ў 1 млрд долараў. На сёння ён складае больш за 600 млн долараў, але мы дасягнём зададзенай лічбы».

З асаблівым гонарам Наталля Качанава паведаміла пра міжпарламенцкае ўзаемадзеянне ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва, дзе Беларусь і Узбекістан падтрымліваюць адно аднаго. «Калі ў турбулентным свеце існуюць розныя плыні і нехта нават спрабуе ўмешвацца ва ўнутраныя справы краін, Беларусь і Узбекістан праводзяць сваю ўнутраную палітыку, якая перш за ўсё скіравана на ўмацаванне сяброўства з тымі краінамі, якія хочуць супрацоўнічаць, не пасягаючы на суверэнітэт іншых, — падкрэсліла яна. — Упэўненасць у падтрымцы калег унушае тое, што ў нашых дзяржаў аднолькавыя стратэгічныя мэты. Ва ўнутранай палітыцы — гэта паляпшэнне ўзроўню жыцця народа, яго дабрабыт, у знешняй — мір і згода».

Жаночы бізнес-форум робіць важкі ўнёсак ва ўмацаванне эканамічных сувязяў. Наталля Качанава выказала ўпэўненасць у тым, што дамоўленасці, дасягнутыя падчас гэтага мерапрыемства, будуць эфектыўна рэалізаваны.

Не змяншаючы значнасці эканамічных пагадненняў, кіраўнік Савета Рэспублікі нагадала пра важнасць гуманітарнага кірунку ўзаемадзеяння. Яна запэўніла гасцей у гатоўнасці да ўзаемадзеяння па любых вектарах і анансавала, што ў рамках форуму падпісваюцца пагадненні паміж жаночымі і маладзёжнымі арганізацыямі. Наталля Качанава нагадала, што ў навучальных установах Беларусі вучацца каля 4 тысяч маладых людзей з Узбекістана, і хутка адбудзецца вучэбны форум. Сёлета ва Узбекістане пройдуць Дні беларускай культуры.

Святлана ЯКАЎЛЕВА. 

Фота БелТА.

Працяг тэмы ў МС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю