Top.Mail.Ru

Мінінфарм і Беларуская Праваслаўная царква падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой падпісалі міністр Марат Маркаў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас распачатай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».



Духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», што традыцыйна адбываецца напярэдадні Дня беларускага пісьменства, чарговы раз стартавала ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. Гэта адзін з тых вялікіх і значных праектаў нацыянальнага маштабу, якія дзяржава ажыццяўляе пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. А сёлета гэтае супрацоўніцтва было замацавана пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой, якое падпісалі Марат Маркаў і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

З агнём у душы

Менавіта з Мінска выправіліся ў доўгі шлях (прайсці давядзецца 777 кіламетраў) удзельнікі экспедыцыі «Дарога да святыняў», якія праз розныя населеныя пункты нясуць Жыватворны агонь у Ліду. У звароце да іх уладыка адзначыў важнасць сустрэч з мясцовымі жыхарамі: ідуць размовы пра духоўнасць і мараль, любоў да Айчыны, гісторыі і культуры, павагу да роднай мовы. А пасля такіх сустрэч у мясцінах, аб’яднаных маршрутам экспедыцыі, высаджваюць дрэвы — і там вырастае Малітоўны сад...

Адметнасць гэтай духоўнай місіі адзначыў і міністр інфармацыі Беларусі Марат МАРКАЎ. Дзеля таго каб праца па ўмацаванні маральных каштоўнасцяў і папулярызацыі духоўнай спадчыны краіны ішла яшчэ больш плённа, у сценах Мінскай духоўнай акадэміі было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой, замацаванае подпісамі Марата Маркава і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Падпісаны дакумент абнаўляе ўмовы таго, які дзейнічаў раней, паколькі за гады адбыліся змены і фармат зносін. У ім пазначаны задачы цяперашняга часу па выхаванні новага пакалення ў духу патрыятызму, падтрыманні міжканфесійнага дыялогу і стварэнні пляцовак для абмену вопытам паміж СМІ ў духоўна-асветніцкай і культурнай сферах. Што гэта значыць на практыцы? Дзяржава бачыць у царкве партнёра і спадзяецца на падтрымку ў барацьбе за розумы людзей і ўплыве на іх жыццёвы выбар — з улікам вялікага досведу, які быў набыты за часы існавання хрысціянства на нашых землях, якое стагоддзямі даводзіла неабходнасць змагацца за душы людзей. Вядома, рабіць гэта можна па-рознаму. Але звыш 500 гадоў адным з найбольш дзейсных сродкаў была кніга.

Якая гэта можа быць кніга? Свой варыянт прапанаваў Францыск Скарына з Полацка, які выдаваў кнігі духоўнага зместу, што спрыялі ўдасканаленню чалавечай асобы менавіта праз слова Божае. Адна са знакавых для беларускай культуры дат — 500 гадоў з дня першага на беларускіх землях выдання Скарынам кнігі «Апостала». Яна змяшчала 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў самога першадрукара, дзе былі дадзены тлумачэнні тэксту і ўздымаліся пытанні маралі.

  • Гэтая тэма пройдзе чырвонай ніткай па большасці пляцовак у Лідзе, але варта звярнуць увагу на выстаўку, падрыхтаваную Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі «Код Скарыны: кніга „Апостал“ 1525 года і беларуская ідэнтычнасць». У Беларусі няма ніводнага асобніка той старажытнай кнігі, але можна зразумець, чым ён асаблівы, дзякуючы ілюстрацыйнаму матэрыялу, структуры, пабудове тэкстаў, іх мове і аздабленню. У экспазіцыі прадставяць і першае факсіміле «Апостала», выдадзенае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў рамках праекта «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», які рэалізоўваўся з 2013 да 2017 года. Можна будзе пабачыць рэдкія выданні з першымі згадваннямі і навуковымі апісаннямі «Апостала». Перанесціся ў тыя далёкія часы таксама з’явіцца магчымасць — дзякуючы інтэрактыўнай друкарскай майстэрні «Падарожжа літары „А“: ад Скарыны да тваёй гравюры». Вось так, паводле прыкладу першадрукара, і задумаешся пра тое, што значыць быць патрыётам сваёй Радзімы: умацоўваць яе інтэлектуальны і духоўны патэнцыял.

Аднак адказ на гэтае пытанне насамрэч больш шырокі, згодна з беларускай гісторыяй: каб на радзіме жыло слова, яе даводзілася абараняць. Пра гэта нагадаюць шмат — і праз спецыяльныя праекты Нацыянальнай бібліятэкі, і праз адметныя выданні, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: значная дата таксама адлюстравана ў канцэпцыі свята. Розныя выдавецтвы Беларусі сёлета маюць, што прапанаваць па гэтай тэме. У Лідзе будуць прадстаўлены навінкі, анансаваныя напярэдадні свята. Напрыклад, у выдавецтве «Беларусь» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі выйшла кніга «Нашчадкі Перамогі», дзе ўкладальнікі сабралі сведчанні людзей, дзяцей вайны. Яшчэ адна адметная кніга — «Мінск памятае» Алены Харашэвіч, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне». У выданні пазначаны ўсе помнікі, мемарыяльныя дошкі сталіцы. Такім чынам, з яе дапамогай можна падарожнічаць па канкрэтных адрасах, якія дапамагаюць зразумець, што перажылі жыхары горада.

Словам і справамі

І тут варта звярнуцца менавіта да гістарычнай Ліды. Шэраг выданняў, прысвечаных гораду і раёну, — гэта таксама пра турыстычны патэнцыял краіны. Як і само свята. Столькі гасцей адразу трэба ўмець зацікавіць. Ліда збіраецца ўразіць дагледжанасцю і ўбраннем — увасабленне Года добраўпарадкавання. І на адметных мясцовых турыстычных маршрутах, шляхі якіх, напэўна, вядуць да замка. Але свята пісьменства — гэта не проста дзень у календары. Гэта шэраг імпрэз, якія ўжо адбыліся ці адбываюцца ў рамках падрыхтоўкі, а 6 і 7 верасня мы ўбачым іх вынік, у тым ліку на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы.

У межах свята 26 жніўня адбыліся фінал і запіс відэаверсіі Рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Упершыню, згодна з ініцыятывай арганізацыйнага камітэта, яго гала-канцэрт пройдзе на цэнтральнай сцэне 6 верасня, падчас якога можна будзе ўбачыць пераможцаў розных гадоў. Гэтае мерапрыемства адбываецца ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі.

— Хочацца адзначыць прафесіяналізм настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама ўсёй каманды, якая працуе над «Жывой класікай», і тэлеканала «Беларусь-3», які рыхтуе відэаверсію, — расказаў старшыня журы конкурсу, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр БАДАК. — Упершыню конкурс прайшоў у 2017 годзе і быў прымеркаваны да Дня роднай мовы. Штогод ён адбываецца сярод дзяцей школьнага ўзросту і ўключае пяць этапаў. Першы — непасрэдна у школах, другі — раённы, трэці — абласны і мінскі гарадскі. Далей — паўфінал, а летам, бліжэй да Дня беларускага пісьменства, праходзіць фінал. Сёлета ў «Жывой класіцы» ўдзельнічалі больш чым 15 тысяч школьнікаў. Для журы конкурс не самы лёгкі, таму што дзяцей ацэньваць даволі цяжка, асабліва маленькіх. Яны вельмі чуллівыя, старанныя, моцна перажываюць. Мяне заўсёды ўражвае, як дзеці на памяць чытаюць вялікія ўрыўкі з паэм, з прозы і не збіваюцца. У фінале не бывае выпадковых дэкламатараў. Сёлета пераможцы конкурсаў розных гадоў маюць магчымасць выступіць у Лідзе. Таксама ўнікальны выпадак: адзін з пераможцаў мінулых гадоў выйдзе сярод акцёраў тэатралізаванай пастаноўкі ў рамках адкрыцця Дня беларускага пісьменства.

Звычайна адкрыццё і закрыццё свята адбываюцца ўрачыста: гэта тэатралізаваная праграма, у якой бяруць удзел не толькі знакамітыя і заслужаныя артысты, але і прадстаўнікі новага пакалення, маладыя асобы, якія імкнуцца прасоўваць беларускую культуру. Адметнасць: згадваюцца не толькі класікі беларускай літаратуры, але і аўтары, якія пішуць у наш час, былі лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў мінулым і тыя, што стануць пераможцамі ў гэтым годзе.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ выказаў удзячнасць дзяржаве за такую падтрымку сучасных творцаў: уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі стала важным складнікам Дня беларускага пісьменства. Сёлета будуць названы імёны тых, хто стаў аўтарамі найбольш яркіх твораў паэзіі, прозы, драматургіі, вызначаць найлепшых у публіцыстыцы, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўстве, накіруюць увагу настаўнікаў і бацькоў да адметнай кнігі для дзяцей і юнацтва. І яшчэ адна важная задача прэміі — падтрымаць маладых аўтараў праз намінацыю «Найлепшы дэбют». І, можа быць, такім чынам нашы чытачы адкрыюць для сябе новыя імёны і зразумеюць: літаратура — не толькі ў кнігах па школьнай праграме. Насамрэч гэта працэс, які адлюстроўвае час і клопаты сучаснага пакалення.

— Праграма свята ўражальная, актыўны ўдзел у ёй бярэ грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», — адзначыў Аляксандр Карлюкевіч. — У вялікую дэлегацыю літаратараў са 116 чалавек увайшлі прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны. З нашага вялікага атрада (амаль 700 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі) даволі шмат паэтаў і празаікаў, якія прыедуць самастойна і будуць удзельнічаць у мерапрыемствах на розных пляцоўках — ад навуковых «Лідскіх чытанняў» да прэзентацый каля асобных стэндаў, сустрэч з чытачамі. Хацелася б звярнуць увагу на вялікую праграму, падрыхтаваную літаратарамі Гродзеншчыны на чале з Людмілай Кебіч, старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Для нас гэта важна, бо нават тыя, хто не прыедзе на свята, не толькі члены Саюза пісьменнікаў, але і ўвогуле творчыя людзі нашай краіны, уключаны ў розныя паэтычныя і мастацкія імпрэзы. На розных лакацыях, якія прадстаўляюць рэгіёны, паэты і празаікі выступяць і прадставяць свае новыя кнігі, у тым ліку выдадзеныя апошнім часам.

Пабачыць і паслухаць сапраўднага пісьменніка, пазнаёміцца, набыць кнігу, магчымасць узяць аўтограф аўтара — тое, што прыцягвае патэнцыяльных чытачоў, для якіх свята пісьменства не скончыцца. Паколькі пасля будзе магчымасць асэнсаваць вартасць і вагу слоў — з часоў Скарыны і цяпер.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю