Top.Mail.Ru

Трывалы давер і цікавасць да рознабаковага супрацоўніцтва

03.09.2025 | 16:09

Вынікам работы ІІІ Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму стала падпісанне камерцыйных дакументаў на агульную суму звыш 260 мільёнаў беларускіх рублёў і 18 дакументаў аб двухбаковым супрацоўніцтве



Прывітальныя адрасы ўдзельнікам форуму накіравалі Прэзідэнты Беларусі і Узбекістана. «Сімвалічна, што сустрэча праходзіць у год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — гаворыцца ў пасланні Аляксандра Лукашэнкі. — У тыя грозныя часы беларусы і ўзбекі плячо ў плячо мужна ваявалі на франтах супраць агульнага ворага. І сёння паміж нашымі народамі няма раздзяляльных ліній, а трывалыя сяброўскія сувязі правераны часам. Сведчанне таму — дынамічнае развіццё Беларусі і Узбекістана ва ўсіх без выключэння сферах: ад эканомікі да гуманітарнага супрацоўніцтва».

Змястоўны дыялог бізнес-супольнасці, жанчын і моладзі

Сёлетні форум, прысвечаны тэме «Беларусь — Узбекістан: супрацоўніцтва як фактар устойлівага развіцця», які 2–3 верасня праходзіў у Віцебску, прадэманстраваў трывалыя давер і цікавасць прадстаўнікоў дзвюх краін да рознабаковага супрацоўніцтва, а таксама станоўчую дынаміку ў паглыбленні дзелавых і братэрскіх сувязяў.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля КАЧАНАВА нагадала, што два папярэднія аналагічныя мерапрыемствы, якія праходзілі ў Мінску і Ташкенце, таксама былі выніковымі. Тады было заключана 

30 кантрактаў на суму 235 мільёнаў беларускіх рублёў і падпісана 36 пагадненняў. Напярэдадні пленарнага пасяджэння плённа працавалі сем тэматычных секцый. Іх удзельнікі разгледзелі перспектыўныя кірункі сумеснай работы ў галінах машынабудавання, лёгкай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, турызму, навукі, адукацыі і аховы здароўя. Упершыню прайшла сустрэча кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання абодвух бакоў. Створана Міжпарламенцкая камісія па супрацоўніцтве Савета Рэспублікі і Сената Олій Мажліса. Адбылося яе першае пасяджэнне.

«Камісія стане эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання шырокага спектра пытанняў, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс, і выканання ключавой задачы, якую паставілі кіраўнікі дзяржаў перад верхнімі палатамі парламентаў, — пастаянны сістэмны маніторынг за ходам рэалізацыі планаў мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам», — упэўнена Старшыня Савета Рэспублікі.

Працягваецца змястоўны дыялог паміж жаночымі арганізацыямі дзвюх краін. У гэтым годзе праграму форуму дапоўніў круглы стол з удзелам іх прадстаўніц. Падпісана пагадненне паміж Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага саюза жанчын і хакіміятам горада Ташкента. Моладзь абмяркоўвала пытанні, якія яе цікавяць, на дыялогавай пляцоўцы. Кіраўнікі маладзёжных структур таксама падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. Прадстаўнікі бізнесу шукалі патэнцыяльныя кропкі росту ўзаемнага тавараабароту і інвестыцый на пасяджэнні дзелавога савета

Наталля Качанава звярнула ўвагу на шырокае прадстаўніцтва на форуме бізнес-лэдзі і адзначыла, што сваім прыкладам, узорнымі адносінамі да справы яны з’яўляюцца якасным арыенцірам для калег і партнёраў. «З іх дасягненняў і поспехаў складаецца агульная карціна дабрабыту нашых грамадзян і перспектывы ўстойлівага развіцця», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Спікер засяродзіла ўвагу на неабходнасці стварэння належных прававых умоў для развіцця бізнесу ва ўсіх галінах і сферах. «Без валакіты і бюракратыі праводзіць работу па выкараненні бар’ераў ва ўзаемным гандлі з мэтай давядзення тавараабароту ў найбліжэйшай перспектыве да 1 мільярда долараў, — канкрэтызавала яна. — Менавіта такая задача сфармулявана ў „дарожнай карце“, зацверджанай прэзідэнтамі нашых краін».

Вытворчы патэнцыял і пашырэнне ўзаемных турыстычных патокаў

Наталля Качанава лічыць прынцыпова важным, каб ініцыятывы, якія агучылі кіраўнікі краін, дасягнутыя дамоўленасці і ўмовы супрацоўніцтва рэалізоўваліся на практыцы. Гэта датычыцца стварэння сумесных вытворчасцяў у галіне дрэваапрацоўкі, кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, кабельна-правадніковай прамысловасці, фармацэўтыкі.

«Вытворчы патэнцыял дзвюх дзяржаў проста вялізны, — канстатавала спікер. — Напрыклад, беларускія аграрыі здольныя накарміць сёння тры Беларусі. І яны гатовыя пастаўляць сваю прадукцыю ва Узбекістан, дзяліцца назапашаным вопытам».

  • Старшыня Савета Рэспублікі выказалася наконт таго, што форум з’яўляецца пляцоўкай для збліжэння не толькі суб’ектаў гаспадарання, але і для ўстанаўлення і развіцця пабрацімскіх сувязяў па прыкладзе Мінска і Ташкента. «Савет Рэспублікі, як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, зацікаўлены ў дыялогу паміж гарадамі і раёнамі, каб павысіць інвестыцыйную і турыстычную прывабнасць малых гарадоў», — адзначыла Наталля Качанава.

Па словах спікера, Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве і пашырэнні ўзаемных турыстычных патокаў. Сёлета ва Узбекістане адбудзецца ІІ Беларуска-ўзбекскі турыстычны форум, і яго трэба скарыстаць як пляцоўку для запрашэння гасцей наведаць нашу краіну.

«Міралюбівая і добрасуседская знешняя палітыка Беларусі выражаецца і ў тым, што грамадзяне 101 дзяржавы могуць да аднаго месяца знаходзіцца на нашай тэрыторыі без візы, — канстатавала Наталля Качанава. — З пачатку года такой магчымасцю скарысталіся больш за 160 тысяч іншаземцаў».

Перспектыўнымі бачацца на толькі гандлёвыя зносіны, але і больш рашучы пераход да ўзаемнага інвесціравання і прамысловай кааперацыі. Цікавыя тэмы — абмен працоўнымі рэсурсамі, сумесныя навуковыя работы, распрацоўка інавацыйнай прадукцыі і тэхналогій. Нельга недаацэньваць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.

Наталля Качанава лічыць, што нашым краінам удалося вывесці свае адносіны на новы ўзровень. «Як адзначыў Аляксандр 

Лукашэнка падчас афіцыйнага візіту ў Ташкент у лютым 2024 года, Узбекістан стаў для Беларусі апорным пунктам у Цэнтральнай Азіі, — нагадала спікер. — Рэгулярны фармат нашых сустрэч з’яўляецца пацвярджэннем гэтых слоў, паказвае ўзаемны інтарэс да пашырэння і ўмацавання дзелавых сувязяў, трансферу найлепшых бізнес-практык».

Старшыня Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Танзіла Нарбаева запрасіла беларускіх сяброў на ІV Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, паабяцаўшы, што ў наступным годзе ён адбудзецца ў адным з найпрыгажэйшых і найстарэйшых гарадоў Узбекістана. А ў першай палове 2026 года афіцыйны візіт у Беларусь здзейсніць Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Сяброўства працягваецца.

Асобныя факты

  • Беларусь і Узбекістан рэалізуюць каля 80 адукацыйных праектаў.

  • У Беларусі вучацца каля 4 тысяч студэнтаў з Узбекістана.

  • Па ўсім Узбекістане ствараецца сетка сэрвісных цэнтраў па рамонце трактароў BELARUS. Адначасова ідзе работа па адкрыцці вучэбных класаў МТЗ для падрыхтоўкі спецыялістаў.

  • Арганізацыі холдынга «Белфарм» вядуць работу па лакалізацыі вытворчасці лекавых сродкаў ва Узбекістане.

  • Плануецца стварыць сумесную спецыялізаваную знешнегандлёвую кампанію з офісамі ў Мінску і Ташкенце, а таксама гандлёвыя дамы з арганізацыяй у іх шоўрумаў, якія будуць дзейнічаць на пастаяннай аснове.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю