Top.Mail.Ru

Здзіўляць, трэба здзіўляць...

03.09.2025 | 08:00
Мусіць, усе мы з'яўляемся на гэты свет, каб радаваць сваіх родных, сяброў, знаёмцаў. Я вось змалку хацеў што-небудзь зрабіць — ну такое, каб усе здзівіліся... І што-нішто нават атрымалася.

Адзін з першых «подзвігаў» здзейсніў на рачных вірах: пахваліўся там, што ўмею плаваць рознымі стылямі, узяўся паказваць, наколькі спрытна, і не заўважыў, як захапіўся: заплыў у самую варонку віру і пачаў знікаць пад вадой.

Добра, што сябрук быў побач, згледзеў гэта і падаў руку.

У другім выпадку сябрука паблізу не было: дзейнічаў самахоць і з самым добрым намерам.

У сям'і завядзёнка была просьбы-загады старэйшых 

(а мамы і пагатоў) выконваць тут жа, ад слова.

— І што гэта нам з курамі рабіць? — забедавала аднойчы яна. — Так хораша бульбачка ўзышла, так добранька стала кусціцца, а яны дзяруць і дзяруць... Як іх сагнаць?

Мне здалося, што гэта — ну прасцей жа простага!

А таму назаўтра, пакуль чубаткі былі на седалах, я палавіў іх у мяшок, закінуў за плечы і, як ні цяжка было, завалок аж да самай стайні.

Вытрас там... Думаў, што груз жывы, ажно бачу, дзве куркі ну зусім не варушацца. Можа, думаю, лапкі памлелі ці крылцы? Нічога падобнага... Хоць ты штучнае дыханне рабі...

Маме я потым пер'я ў жмені занёс, сказаў, што на нашых курэй каршуны наляцелі. Праўда, падман мой лёгка раскрыўся і перапала мне такога перцу з імберцам...

Курынага булёну — потым таксама... Праўда, есці яго давялося стоячы.

...Былі свае «подзвігі» і ў дарослым жыцці. Здзівіў, помню, жончыных аднавяскоўцаў, калі разам з ёй і цешчай выйшаў жаць пшаніцу. Самыя цікаўныя тады падыходзілі бліжэй, каб увачавідкі ўбачыць, як малады зяць скручвае перавяслы, вяжа снапы, жне, ставіць мэдлікі.

І яшчэ адзін светлы ўспамін. Гадоў колькі таму ў раённую бальніцу трапіў падлетак, якому спатрэбілася тэрміновае пераліванне крыві. Яе (досыць рэдкай групы) дзе толькі не шукалі! І нідзе, на жаль, не знаходзілі.

Я ў тых мясцінах праводзіў водпуск, пра бяду пачуў выпадкова і, ведаючы, што ў мяне якраз тая рэдкая група, тут жа паехаў у бальніцу і прамым пераліваннем аддаў таму хлопцу амаль паўлітра крыві.

Праз колькі часу, зразумела ж, пацікавіўся здароўем свайго «крэўніка» і пачуў, што юнак пайшоў на папраўку, што будзе жыць. А значыць (гэта я сам дадумаў), радаваць сваіх родных і блізкіх, здзіўляць навакольных добрымі справамі.

Аркадзь Жураўлёў, в. Даўжані, Мядзельскі раён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю