У адной з аўдыторый Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна раз на тыдзень збіраецца больш за дзесяць пажылых людзей. Камусьці ўжо за шэсцьдзясят, некаторым — даўно за восемдзесят. Нягледзячы на ўзрост, яны прыходзяць сюды вучыцца. Мэта ўдзельнікаў гуртка «Смарцік» простая і нялёгкая адначасова — стаць упэўненымі карыстальнікамі смартфонаў.
Навучыць не баяцца кнопак
Кіраўнік гуртка Юрый КРАСНОЎ дапамагае пенсіянерам асвоіць камп’ютар з 2017 года, але педагогіцы прысвяціў усё сваё жыццё. За плячыма — вышэйшая адукацыя педагагічнага псіхолага і вопыт работы ў міждысцыплінарнай групе па канцэптуальных распрацоўках у сферы адукацыі. «Я заўсёды захапляўся камп’ютарнымі тэхналогіямі, любіў вывучаць розныя праграмы, іх „фішкі“, — прызнаецца Юрый. — Гады праз два маёй працы ў ТЦСАН, зразумеў: трэба выкладаць пажылым людзям яшчэ і смартфоны. Тады гэта тэма была новая, ды і цяпер у Мінску складана знайсці нешта падобнае».
Спачатку групы былі зусім невялікія — на заняткі прыходзіла ўсяго 2-3 чалавекі. Але з часам пра гурток даведаліся як зацікаўленыя ў навучанні пенсіянеры, так і іх сваякі. Дапамаглі ў папулярызацыі і сацсеткі: гэтым летам відэаролікі Юрыя Краснова сталі віруснымі ў TіkTok, набраўшы ў суме каля трох мільёнаў праглядаў. «Спачатку акаўнт быў створаны выключна для навучальных патрэб, — расказвае выкладчык. — На занятках з адной з груп я прапанаваў разгледзець сацыяльныя сеткі: „Аднакласнікі“, „Укантакце“, Facebook, Іnstagram. Дайшла чарга і да TіkTok. Зняў 17-секундны відэаролік, як праходзіць занятак, і ён нечакана пачаў набіраць прагляды. На сёння іх ужо больш за 888 тысяч, а відэа пра нюансы навучання мае больш чым 2 мільёны праглядаў».
У каментарыях — здзіўленая і нават шакіраваная моладзь: няўжо ўмудроныя вопытам людзі не могуць самі зразумець, як карыстацца смартфонам? Выкладчык тлумачыць: хоць мабільны і заўсёды пад рукой, навучацца — і вучыць — яму значна складаней. Няма мышкі, усё даводзіцца рабіць пальцам. Нават тым пажылым, хто нядрэнна валодае камп’ютарам, спачатку цяжка асвоіцца. Варта ўлічваць: запіс на падобныя гурткі ў ТЦСАН вядзецца з красавіка, і ахвотных шмат. На курс па навучанні смартфону ўжо запісалася больш за 40 чалавек, хоць вучоба новай групы пачнецца толькі ў кастрычніку.
Галоўнае — нікуды не спяшацца
У групах звычайна па 15–20 чалавек. За паўтары гадзіны трэба паспець удзяліць увагу кожнаму, асабліва тым, хто толькі купіў гаджэт і не ведае, з якога боку да яго падступіцца. І няхай такія пенсіянеры, па словах Юрыя Краснова, прыходзяць нячаста, асаблівы падыход усё роўна патрабуецца. Па-першае, прылады ва ўсіх розныя, па-другое — выкладанне старэйшаму пакаленню патрабуе пэўных навыкаў, галоўныя з якіх — цярпенне і метадычнасць: «Трэба запавольвацца, паўтараць шмат разоў, працаваць па канспекце, які павінен быць дакладным і зразумелым, каб не было „кашы“. Толькі пакрокавыя і пранумараваныя дзеянні. І, вядома, трэба памятаць: калі ў пажылога чалавека не атрымліваецца нешта пад наглядам, адзін ён з гэтым тым больш не справіцца».
- Заняткі праходзяць раз на тыдзень, кожны каштуе крыху больш за рубель, таму даступны любому пенсіянеру. За курс даўжынёю ў 5-7 месяцаў атрымаецца асвоіць як самыя базавыя рэчы — уключэнне, перазагрузка, работа з экранам, рэгуліроўка яркасці і гучнасці, — так і перайсці да тэм больш складаных. Паступова на гуртку расказваюць, як карыстацца рознымі праграмамі, ствараць кантакты, пісаць нататкі. А далей — прамы шлях да месенджараў, інтэрнэту, пошуку ў ім. Вывучаецца нават акаўнт Google і ўсе дадаткі, з ім звязаныя.
Аднак у прыярытэце заўсёды застаюцца практычныя навыкі. Выкладчык на канкрэтных прыкладах тлумачыць, які тарыф мабільнай сувязі больш выгадны пенсіянерам, як спалучаць дзве SІM-карты, падключаць тэлефон да Wі-Fі. «Больш за ўсё пенсіянераў цікавіць, дзе знайсці карты, як пабудаваць маршрут, даведацца пра расклад грамадскага транспарту. Многія хочуць навучыцца заказваць талон да ўрача, купляць лекі танней і бліжэй да дома. Патрэбна паказаць усё тое, што рэальна палегчыць жыццё», — дадае Юрый Красноў.
Узрост не перашкода
У кожнага свая прычына зноў апынуцца за партай. 69-гадовая пенсіянерка Тамара ПРУДНІК з усмешкай расказвае, што прыйшла на заняткі дзеля сямейнай гісторыі. «Хачу аформіць радавод. Шмат
інфармацыі ляжыць у архівах і інтэрнэце, а працаваць з усім гэтым амаль не ўмею. Функцый так шмат, што галава ідзе кругам, але крок за крокам, дзякуючы гуртку, усё становіцца больш зразумелым. Дзеці, унукі кажуць: чым бы бабуля ні цешылася, абы не плакала. Але ў душы яны, вядома, паважаюць маё імкненне. Кожная засвоеная функцыя або дадатак — ужо дасягненне».
Уладзімір КРЫЛЕЎСКІ сам некалі быў праграмістам. У свае 83 гады ён прызнаецца: «Камп’ютар разумею, а інструментарый карыстальніка смартфона не вельмі. Купіў новы і хачу зноў усё наладзіць, каб выкласці ў інтэрнэт свае навуковыя працы па фізіцы. Цікава даведацца пра меркаванне кампетэнтных людзей». Альбіна АГАФОНАВА прыйшла, каб не адставаць ад дачкі і ўнучкі: «Мне ўжо за 80, але хачу ўпраўляцца са смартфонам гэтак жа, як яны. А яшчэ мне важна сацыялізацыя. Калі бачыш, што і іншыя імкнуцца асвоіць новае, гэта натхняе. Пажылым людзям таксама важна самавыяўленне».
Мабыць, лепш і не скажаш. Так, падобныя курсы каштуюць сімвалічных грошай, але сапраўдная іх каштоўнасць заключана ў іншым. Гэта крок у новы этап жыцця, нагода зноў паверыць у сябе і даказаць: вучыцца ніколі не позна. А ўзрост — не перашкода ні новым пачынанням, ні даўнім амбіцыям.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД