Top.Mail.Ru

Пісталет сістэмы Ваяводзіна — рарытэт калекцыі зброі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Просты, дакладны і надзейны

Экспанаты і матэрыялы, сабраныя па гарачых слядах ваенных падзей, з’яўляюцца залатой калекцыяй музея. Вялікі ўнёсак у фарміраванне фондаў зрабіў Панцеляймон Панамарэнка. У гады вайны — сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Дарэчы, менавіта ён у верасні 1943 года падпісаў указ аб стварэнні музея, а ў 1948 годзе перадаў на захоўванне ўнікальны пісталет канструкцыі Ваяводзіна.

Такімі рэдкімі экзэмплярамі пісталета, які не пайшоў у серыйную вытворчасць, Галоўнае артылерыйскае ўпраўленне Чырвонай Арміі ў 1943 годзе ўзнагародзіла савецкіх военачальнікаў. У цяперашні час вядомы літаральна адзінкавыя экзэмпляры гэтай зброі. Ёсць меркаванне, што Панцеляймон Панамарэнка атрымаў пісталет канструкцыі Ваяводзіна адначасова з прысваеннем яму ў 1943 годзе звання генерал-лейтэнанта.

Чаму гэты пісталет з’яўляецца такім рарытэтам сярод мноства іншых відаў зброі? Усё пачалося ў 1938 годзе, калі Павел Васільевіч Ваяводзін узяў удзел у конкурсе па праектаванні і вырабе новага самазараднага аўтаматычнага пісталета. Конкурс быў аб’яўлены народным камісарам абароны і народным камісарам абароннай прамысловасці СССР. Мэта — узбраенне ваеннаслужачых аўтабранятанкавых войскаў. Была пастаўлена задача стварыць пісталет, з якога можна было б весці агонь па варожай пяхоце праз лючкі танка, таму пярэдняя частка пісталета павінна была мець «рэвальверную» форму.

4-3 копия.jpg

У конкурсе ўзялі ўдзел вядучыя зброевыя канструктары Савецкага Саюза. Сваю мадэль пісталета калібру 7,62 мм прадставіў і Павел Ваяводзін, які не ўваходзіў у лік знакамітасцяў. Аднак яго ўзор па тэхнічных характарыстыках не толькі не саступаў найлепшым узорам пісталетаў таго часу, а па шэрагу пунктаў нават пераўзыходзіў іх. Пісталет адрозніваўся прастатой, дакладнасцю, надзейнасцю ўстройства. Высокая скарастрэльнасць дасягалася дзякуючы 18-патроннаму магазіну. Адзіным відавочным недахопам канструкцыі была павышаная маса пісталета.

Аднак савецкія военачальнікі не былі задаволены вынікамі конкурсу, і ён быў працягнуты. У сакавіку 1939 года пасля чарговых выпрабаванняў на палігоне найлепшымі былі прызнаны пісталеты Івана Ракава, Сяргея Каровіна, Паўла Ваяводзіна і Фёдара Токарава. Усе яны былі рэкамендаваны да дапрацоўкі.

4-4 копия.jpg

Прыняць на ўзбраенне новы пісталет перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Канструкцыя Ваяводзіна не была дапрацавана. Цяжкасці ваеннага часу не дазволілі наладзіць яго масавую вытворчасць — усе сілы былі кінуты на выпуск прадукцыі для фронту.

Усяго з 1938-га да 1942 года было выпушчана каля 1,5 тысячы пісталетаў сістэмы Ваяводзіна. Па адным экзэмпляры пісталеты знаходзяцца ў Тульскім дзяржаўным музеі зброі, Цэнтральным музеі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, Ваенна-гістарычным музеі артылерыі ў Санкт-Пецярбургу і Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

4-2 копия.jpg

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю