Top.Mail.Ru

Любанскі раён уражвае шматлікіх гасцей сваімі непаўторнымі краявідамі

03.09.2025 | 14:00
Дом паляўнічага прыцягвае гасцей

Густыя косы хваёвых лясоў, якія абрамляюць азёры і рака, нікога не пакідаюць раўнадушным. Для таго каб адпачыць, атрымаць зарад бадзёрасці і новых сіл, сюды прыязджаюць не толькі жыхары Беларусі, а і расіяне, жыхары іншых краін. Гасцінная Любаншчына надоўга застаецца ў памяці кожнага. Захаванне гэтай лясной прыгажосці, ахова зялёных багаццяў ад пажараў — адны з кірункаў дзейнасці Любанскага лясгаса. Пра тое, чым сёння можа па праве ганарыцца ўстанова, мы папрасілі расказаць дырэктара Любанскага лясгаса Сяргея ШУЛЯКОЎСКАГА.

«Галоўнае багацце Любанскага лясгаса — гэта людзі, адказныя работнікі, многія з якіх аддалі рабоце ў арганізацыі не адзін дзясятак год і сталі прадаўжальнікамі працоўных дынастый. Працоўны калектыў лясгаса складае каля 400 чалавек. У склад арганізацыі ўваходзяць дзевяць падраздзяленняў, восем лясніцтваў, а таксама дрэваапрацоўчы цэх, гадавальнік, паляўнічая гаспадарка і лесапункт. Вядома, высокія паказчыкі працы кожнага падраздзялення — гэта вынік адказнай работы спецыялістаў. Таму Любанскі лясгас ганарыцца сапраўднымі прафесіяналамі.

  • Штогод у нас праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню работніка лясной гаспадаркі, падчас якіх мы ўручаем узнагароды нашым перадавым работнікам. Гэта і аператары харвестэраў, фарвардэраў, ляснічыя, якія ўзначальваюць найлепшыя калектывы, вальшчыкі лесу, кіроўцы... Прыемна адзначыць, што наш начальнік гадавальніка Валянціна Скрыган мае званне «Ганаровы лесавод».

— Сяргей Аляксандравіч, многія жыхары краіны добра ведаюць пра паляўнічую гаспадарку Любанскага лясгаса. Яна прыцягвае ўвагу шматлікіх гасцей. Чым жа адметная ваша паляўнічая гаспадарка?

— Яна невялікая па памерах, знаходзіцца ў паўднёвай частцы Мінскай вобласці, яе плошча складае каля 40 тысяч гектараў. Угоддзі размешчаны кампактна. За належным парадкам на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі сочаць двое егераў. Яны забяспечаны ўсім неабходным і для правядзення рэйдавых і біятэхнічных мерапрыемстваў, маюць арэндную зброю. Узначальвае калектыў егераў паляўніцтвазнавец Мікалай Гінько.

Наша паляўнічая гаспадарка адметная тым, што каля дзесяці гадоў таму мы пачалі ўдзельнічаць у Дзяржаўнай праграме «Беларускі лес» на 2021—2025 гады. Праграма ажыццяўляецца з мэтай садзеяння развіццю лесагаспадарчай галіны, эфектыўнага выкарыстання лясных рэсурсаў, захавання экалагічнай і сацыяльнай ролі лясоў. 

Акрамя таго, некалькі гадоў таму мы завезлі адну папуляцыю лані еўрапейскай. Гэта вельмі прыгожая жывёла, самцы якой маюць добрыя трафейныя якасці. Значных вынікаў у правядзенні палявання на іх пакуль няма, але гэта робіць нашу паляўнічую фаўну яшчэ больш разна-стайнай.

Паляўнічая гаспадарка можа развівацца толькі пры наяўнасці добрай інфраструктуры. Адным з яе важных складнікаў з'яўляецца наяўнасць Дома паляўнічага — месца, дзе створаны выдатныя ўмовы для адпачынку. Дом паляўнічага Любанскага лясгаса знаходзіцца ў найпрыгажэйшым месцы, непадалёк ад санаторыя «Світанак-Любань». Будынак разлічаны на 19 ложка-месцаў. Для гасцей створаны камфортныя ўмовы пражывання. Тут ёсць лазня, альтанка з комплексам для гатавання барбекю, якім можна скарыстацца і ў летні, і ў зімовы час. Для прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця створаны вяровачны гарадок, нядаўна тут з'явілася экасцежка. У Доме паляўнічага ёсць і маразільная камера для здабытых трафеяў

Кожны з гасцей тут будзе адчуваць сябе ўтульна і камфортна. 

Планамерную работу па развіцці інфраструктуры паляўнічай гаспадаркі мы будзем працягваць і далей. Мы заўсёды рады бачыць гасцей, якія змогуць цудоўна правесці вольны час на ўлонні прыроды і атрымаць шмат прыемных уражанняў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю