Сельская гаспадарка Любанскага раёна дэманструе стабільную дынаміку развіцця. Аб гэтым, а таксама аб вектарах далейшай работы мы пагаварылі з першым намеснікам старшыні-начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Любанскага райвыканкама Жаннай АЛІШЭВІЧ.
— У раёне пад збожжавыя, каласавыя без грэчкі і проса выдзелена 15 322 гектары. 28 жніўня работы па ўборцы былі поўнасцю завершаны. Сярэдняя ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю на 8,7 %. Для нас гэта вялікае дасягненне, асабліва ўлічваючы ўмовы надвор’я, — падзялілася яна.
У раёне таксама ідзе зладжаная работа па нарыхтоўцы кармоў. Ужо нарыхтавана 19 кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Для параўнання: летась гэты паказчык склаў 18.
Жанна Леанідаўна падзялілася і амбіцыйнымі планамі на будучыню:
— Стараемся зрабіць усё магчымае, каб выканаць прэзідэнцкую праграму і перавесці да 2030 года буйную рагатую жывёлу з прывязнога ўтрымання на тэхналагічныя комплексы. На жаль, сёння прывязное ўтрыманне складае 32 %. У такіх умовах вельмі складана стабільна даваць высокія тэмпы росту малака.
Тым не менш работа вядзецца і ўжо ў лютым 2025 года ў раёне адкрылі першую чаргу МТК «Дупелка» ў ААТ «БВА».
— На сённяшні момант там доіцца 560 кароў асноўнага статка. Увогуле праектная магутнасць пасля завяршэння ўсіх работ складзе 1000 жывёл. Работы ідуць дастаткова высокімі тэмпамі.
Добра, што дзяржава падтрымлівае і дае фінансы на гэта, — адзначыла намеснік старшыні.
Больш за тое, у раёне будуецца комплекс «Сарачы» на 800 галоў у ААТ «Імя К. І. Шаплыка». У наступным годзе ён ужо будзе функцыянаваць.
— У найбліжэйшай будучыні таксама плануецца будаўніцтва ў КСУП «Таліца-агра» агракомплексу на 800 галоў і будаўніцтва ў ААТ «Забалоцкі» комплексу па дойным пагалоўі на 2400 галоў, — дадала Жанна Алішэвіч.
Адным словам, аграрная галіна Любаншчыны ідзе ў нагу з часам, тут імкнуцца падтрымліваць гаспадаркі і рабіць усё магчымае для атрымання найлепшых вынікаў, што ў будучым абавязкова адкрые новыя цікавыя перспектывы.
Лізавета ГОЛАД
фота аўтара