Top.Mail.Ru

Прэзідэнт агучыў задачы дзяржавы ў развіцці «крыпты»

Новы этап у развіцці фінансавай сістэмы краіны абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях развіцця сферы лічбавых знакаў. 



Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у ліку першых у свеце на дзяржаўным узроўні прыняла рашэнне аб стварэнні ўмоў для развіцця лічбавых тэхналогій па грамадзянскім абароце лічбавых знакаў. Ці як іх яшчэ называюць — токенаў, крыптавалюты. «Тады, у 2017 годзе, многія, мякка кажучы, скептычна ўспрымалі рашэнне, паколькі мы сапраўды ступалі на цаліну. На большасць пытанняў адказаў не было ад слова „зусім“. Асцярогі экспертаў тлумачыліся перш за ўсё тым, што крыптавалюта ствараецца і знаходзіцца ў абароце на стыку двух складаных сфер — фінансаў і найноўшых тэхналогій. Няпроста было прадугледзець усе магчымыя рызыкі і пагрозы», — нагадаў, як развіваліся падзеі кіраўнік дзяржавы. 

Аднак рызыка была апраўданай. Тады ж у 2017 годзе быў падпісаны Дэкрэт № 8. Прэзідэнт звярнуў увагі, што з моманту прыняцця знакавага рашэння прайшло 8 гадоў, але тэма не страціла сваёй актуальнасці. «Наадварот. Сёння ідэя развіцця лічбавых знакаў актыўна прасоўваецца ў многіх вядучых краінах свету».

Пры гэтым, звярнуў увагу беларускі лідар, праявіліся асноўныя функцыі крыптавалют. І пералічыў ключавыя: 

GOR_1152_1.jpg

Першая — лічбавыя знакі сталі выкарыстоўвацца як альтэрнатыва традыцыйным сродках плацяжу, хоць часцяком і для злачынных мэт.

Другая — «крыпта» стала крыніцай інвестыцый і нядрэннага даходу грамадзян і кампаній ва ўсім свеце.

Трэцяя — краіны пачалі ствараць дзяржрэзервы ў крыптавалютах.

«Паралельна ідзе стварэнне і развіццё адпаведнай інфраструктуры з прыстаўкай „крыпта-“ - біржы, брокеры, кансультанты і гэтак далей, — адзначыў Прэзідэнт. — У нас у ПВТ у канцы 2024 года было 14 такіх кампаній, а цяпер іх 18. Летась яны абслужылі амаль 260 тысяч кліентаў па ўсім свеце, а ў гэтым — ужо больш за 300 тысяч. Што ж малайцы. Што ад гэтага атрымалі?»

Гаворачы аб аб’ёме знешнегандлёвых аперацый у сферы лічбавых знакаў, Аляксандр Лукашэнка гэтак жа звярнуўся да лічбаў: за 2024 год ён перавысіў 1,2 мільярды долараў. За сем месяцаў 2025 года абарот дасягнуў 1,7 мільярдаў долараў, а па выніках года можа скласці 3 мільярды долараў. 

«Гэта значыць і кампетэнцыі ёсць, і патэнцыял. Нам жа важна, як лічаць некаторыя, не выпусціць трэнды з-пад увагі і не страціць наша тэхналагічнае лідарства. Натуральна, хто задае трэнды, той і атрымлівае максімальную выгаду. Дай божа, каб у нас атрымалася гэты трэнд задаць і ў гэтым плане не паставіць воз наперадзе каня. Задача дзяржавы ў такіх умовах — вызначыць зразумелыя і празрыстыя правілы гульні і механізмы кантролю ў гэтай сферы. Гэта важна, паколькі гэта новыя для краіны напрамкі. Хоць празрыстыя правілы і правілы гульні, трэба вызначаць усюды», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт нагадаў, што менавіта таму ў 2023 годзе ім дадзены шэраг даручэнняў па забеспячэнні комплекснага рэгулявання сферы лічбавых знакаў, крыптавалют. «Аднак дагэтуль узгодненых дакументаў у мяне на стале няма», — заўважыў Прэзідэнт.

Лічбавае жыццё пачынае апярэджваць права

«Папярэджваю на будучыню — любое невыкананне скончыцца катастрофай для кагосьці. Асабліва пасля маіх перагавораў у Кітаі, калі я дамаўляюся канкрэтна, у людзей гараць вочы і ў тых, і ў іншых, а на выхадзе вынік праз пяць гадоў (гэта добра), а то і наогул няма», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. 

Сёння дзейнасць па стварэнні, эмісіі і продажы-куплі токенаў шмат у чым рэгулюецца Паркам высокіх тэхналогій. «Зразумела, што гэта адбываецца, мабыць, у рамках Дэкрэта Nº 8. Але тым не менш. Камітэт дзяржкантролю і ўрад дакладваюць, што там, прабачце, бардак поўны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Камітэт дзяржаўнага кантролю дакладвае, што вынікі пазапланавай праверкі аператараў крыптаплатформ сведчаць аб неабходнасці надбудоў такой дзейнасці. У прыватнасці, устаноўлены парушэнні пры рэгістрацыі фінансавых аперацый.

Махлярства недапушчальна! 

«Грашовыя сродкі беларускіх інвестараў, выведзеныя за мяжу, у палове выпадкаў не вяртаюцца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. І спытаўся, як могуць вярнуцца грошы, калі інвесціравалі за межы краіны. 

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын прывёў адзін прыклад: грошы інвесціраваліся як раз у токены і так атрымалася, што кампаніі, якія гэтым займаліся, аб’явілі дэфолт па сваіх аблігацыях. Грошы пайшлі за межы краіны, а нашы грамадзяне, якія інвесціравалі засталіся без грошай. «Грошы, якія інвесціраваліся, ці сышлі, ці скрадзены і праз крыптавалюту выведзены за межы краіны. Чаго іх выводзілі туды?», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Старшыня КДК Васіль Герасімаў дадаў, што нашы грамадзяне куплялі токены ў арганізацый, якія іх выпускалі. А гэтыя арганізацыі пералічылі грошы, у прыватнасці 13 мільёнаў, за мяжу. Гэта першы выпадак. 

«Ёсць 6 арганізацый, якія выпускалі токены, у прыватнасці, кампанія «ДФС». З гэтых арганізацый тры «лопнулі», — расказаў Васіль Герасімаў. 

Да аповеду падключыўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. «У беларусаў былі свабодныя грошы. Казахскія інвестары стварылі кампанію, выпусцілі токены (гэта як аблігацыя папяровая, толькі ў лічбавым выглядзе), даходнасць па якіх 5,5%. Было 16 выпускаў гэтых токенаў, па чатырох вярнулі гэты даход, астатнія вывезлі ў Казахстан. І ўсё. У выніку пацярпела 1600 чалавек, якія хацелі на гэтым рызыкоўным, безумоўна рызыкоўным, рынку зарабіць дадаткова», — распавёў ён. 

Прэзідэнт пацікавіўся, хто за гэта адказаў. Дзмітрый Крутой распавёў, што супраць казахаў распачатая крымінальная справа паводле артыкула «махлярства», ідзе следства. «У нас хто за гэта адказаў. У нас жа гэтыя аперацыі выконваліся?», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

Васіль Герасімаў далажыў, што скончана праверка кампаніі ДФС, будзе давацца прававая ацэнка. «Праблема ў тым, што тыя арганізацыі, якія да нас прыходзяць, ніхто не правярае з пункту гледжання плацежаздольнасці,» — удакладніў старшыня КДК. 

  • Прэзідэнт на гэта заявіў аб неабходнасці кантролю арганізацый, якія працуюць з крыптавалютамі. Зараз гэтыя функцыі ўскладзены на кіраўніцтва крыптабіржы, якая працуе ў Парку высокіх тэхналогій. «Не глядзяць — у турму. Не на нараду да Прэзідэнта, а ў турму. Тады ўсё будзе добра. Мяне завалілі дакументамі на сёння. Адныя супраць, другія — за і гэтак далей. Страшна чытаць гэтыя дакументы. Калі сёння не прымем рашэнне, заўтра абвалімся, ні бульбы, ні збожжа — нічога не будзе, мне так пішуць. Нехта ж за гэта павінен адказваць. Мы стварылі ў Парку высокіх тэхналогій крыптабіржу. Ёсць там адказны кіраўнік гэтага? Ёсць. Дзе ён? На свабодзе... Груба кажу: можа, не саджаць у турму, можа павесіць трэба, можа застрэліць? Публічна аб гэтым кажу. Дзе вы былі да гэтага часу? Чаму з іх не спыталі? Чаму генеральны пракурор, спецслужбы нашы, міністэрства ўнутраных спраў павінны кагосьці шукаць, выдаткоўваць грошы? У нас што няма чым займацца», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. 

Васіль Герасімаў дадаў, што на сёння спынена 6200 транзакцый і ўзбуджана 160 крымінальных спраў. «Навошта нам такая крыптабіржа і людзі, якія вакол гэтай крыптабіржы сядзяць і мяне пераконваюць у тым, што трэба рабіць наступны крок. Незалежна ад Турчына і Галоўчанкі — яны там непатрэбныя, шкоднікі, а ты ўвогуле вораг народа, прадстаўнік „Смерш“. Як мне гэта разумець? Я што павінен там стварыць нейкі афшор ці ён ужо там створаны і сёння ўвогуле вывесці іх з-пад законаў», — іранічна спытаў беларускі лідар. 

Прэзідэнт папярэдзіў: так справа не пойдзе. Гэта тычыцца крыптабіржы і ўсіх структур.

«Фактычна сёння лічбавае жыццё пачынае апярэджваць права, а дакладней, ініцыіруе стварэнне яго новых галін, можна і так сказаць. Таму па выніках нарады мы павінны дакладна вызначыць задачы дзяржаўных органаў і Парку высокіх тэхналогій у сферы крыптатэхнологій з улікам наяўнага вопыту і кампетэнцый. А таксама вызначыць ключавыя, прынцыповыя моманты ў новым прававым рэгуляванні, якое дазволіць добрасумленным суб’ектам гаспадарання з Беларусі і замежным інвестарам і далей спакойна працаваць у нашай „лічбавай гавані“, калі мы прымем такое рашэнне. І, што не менш важна, гарантуе фінансавую стабільнасць і бяспеку для дзяржавы, грамадзян і бізнесу. Галоўнае — для дзяржавы», — паставіў задачы Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне архіважнае, найважнейшае. «Фінансы, банкаўская сфера — крывяносныя сасуды ў любым арганізме, перш за ўсё, дзяржаўным», — заявіў ён. Таму, паводле слоў беларускага лідара, трэба дзейнічаць акуратна, каб не дапусціць хаосу. 

Гэта можа стаць унікальным інстытутам

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў у сваім дакладзе адзначыў, што работа па ўдасканаленні рэгулявання і развіцця сферы лічбавых знакаў вялася Нацыянальным банкам у рамках выканання двух даручэнняў Прэзідэнта. Першае — аб стварэнні крыптабанкаў. Другое — падрыхтоўцы комплекснага прававога акта ў сферы рэгулявання лічбавых знакаў. 

Першы намеснік праўлення Нацбанка распавёў, што ў плане адкрыцця крыптабанка, падрыхтаваны праект Указа, які прадугледжвае правядзенне ў краіне эксперыменту па стварэнні крыптабанка. «Паводле нашых ацэнак, з пункту гледжання сусветнай фінансавай сістэмы гэта можа ў нейкай ступені стаць унікальным інстытутам. На дадзены момант падобныя інструменты ёсць толькі ў трох краінах: Швейцарыя, Сінгапур, адзін са штатаў ЗША. У Швейцарыі і Сінгапуры гэта былі звычайныя банкі, якім дазволілі на баланс купляць крыптавалюты. У ЗША дазволілі крыптавалютам быць нароўні са звычайнымі грашыма. Трэба забяспечыць захаванасць грошай грамадзян. Другая складанасць у тым, што крыптавалюты — гэта вельмі валацільны рынак, кожны дзень высокая валацільнасць коштаў на токены, на крыптавалюты. Гэта адбываецца таму што рынак пакуль яшчэ не такі глыбокі, як рынак звычайных грошай і таму вельмі вялікія рызыкі». 

GOR_3955_1.jpg

Аляксандр Ягораў адзначыў, што зразумелага выбудаванага заканадаўства ў гэтай сферы ў свеце практычна няма. Таму сёння стаіць задача — стварыць пэўную заканадаўчую базу, у рамках якой разам з інвестарамі, з пункту гледжання празрыстасці і бяспекі працы гэтых інстытутаў, развівацца.

  • Гэтая прапанова Нацыянальнага банка выклікала бурнае абмеркаванне падчас нарады. Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантроля Васіль Герасімаў заўважыў, што КДК не адмаўляе ідэю стварэння крыптабанкаў, але, на яго думку, Указ аб яго стварэнні павінен ісці пакетным прынцыпам і ўтрымліваць механізмы функцыянавання такіх банкаў, па якіх прынцыпах, якая будзе сістэма кантролю. Васіль Герасімаў растлумачыў, што гэта важна для таго, каб можна было ацаніць усе патэнцыйныя рызыкі і патэнцыйны ўплыў на эканоміку краіны, на бюджэт, як будуць забяспечаны гарантыі інвестарам.

Аляксандр Ягораў растлумачыў, што ўсе гэтыя фактары ўлічваліся пры падрыхтоўцы праекта ўказа і будуць дашліфаваныя на этапе яго дапрацоўкі. «Крыптабанк прапануецца ў форме нябанкаўскай камерцыйнай фінансавай арганізацыі (НКФА). Гэтая форма ўжо існуе ў Беларусі, па ёй ёсць зразумелае заканадаўства: якія аперацыі яны могуць здзяйсняць, які павінен быць мінімальны статутны фонд і гэтак далей. Заканадаўчым рэгуляваннем дзейнасці НКФА займаецца Нацбанк. Яны знаходзяцца пад наглядам Нацыянальнага банка, прадастаўляюць справаздачнасць у адпаведнасці з нашымі патрабаваннямі, і наша задача будзе выбудаваць сістэму прудэнцыяльных паказчыкаў, якія будуць дакладна казаць — яны (крыптабанкі) займаюцца добрым і карысным бізнесам для краіны або яны займаюцца нейкімі махінацыямі», — адзначыў Аляксандр Ягораў. 

Адзінае, па яго словах, у параўнанні з іншымі НКФА крыптабанкі павінны мець больш абмежаванняў. Напрыклад, у частцы, якая тычыцца прыцягнення сродкаў фізічных асоб. «Наша сённяшняя пазіцыя: грошы грамадзян Беларусі крыптабанк прыцягваць не павінен, таму што ёсць рызыка таго, што гэтыя грошы могуць быць выведзеныя за мяжу, скрадзеныя або іх кошт знізіцца, таму што знізіцца кошт крыптавалют», — патлумачыў першы намеснік старшыні Нацбанка.

Даслоўна

Пасля нарады ў Прэзідэнта, якая працягвалася амаль тры гадзіны, яе ўдзельнікі расказалі журналістам пра прынятыя рашэнніГэта будзе пэўны прарыў

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў распавёў, што Прэзідэнтам было падтрымана прапанова аб стварэнні ў краіне крыптабанка. Пры гэтым, была звернута ўвага, што на ўзроўні Прэзідэнта павінны быць прыняты ўсе рашэнні, каб патэнцыйным інвестарам было зразумела, як гэта будзе функцыянаваць. Па сутнасці, ім прадастаўляюцца гарантыі на ўзроўні дзяржавы і падпісаны непасрэдна Прэзідэнтам у форме ўказа. «На працягу месяца Нацыянальным банкам і Урадам будзе падрыхтаваны адпаведны праект указа, — удакладніў Аляксандр Ягораў. — Прэзідэнтам выразна пастаўлена задача, што белых плям ва ўказе быць не павінна і сфармулявана ўсё павінна быць такім чынам, каб патэнцыйныя інвестары, прыходзячы сюды, разумелі правілы гульні. Гэта тычыцца як функцыянавання асобных аперацый, так у цэлым функцыянавання інстытутаў, уключаючы пытанні падаткаабкладання, пытанні захавання правілаў і падыходаў».

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра беларускіх інвестараў. «Мы адкрытыя да таго, каб нашу краіну прыходзілі інвестары з усіх краін», — адзначыў ён. 

Аляксандр Ягораў упэўнены, рэгуляванне ў гэтай сферы будзе прыцягваць інвестараў з іншых краін. «Па росце лічбаў абароту нашых крыптабірж і па расце попыту на такі інстытут як крыптабанк мы бачым, што і існуючая рэгуляцыя вельмі цікавая інвестарам. І патэнцыйная рэгуляцыя, якую мы хочам ўвесці, гэта будзе пэўны прарыў на ўзроўні ўсіх краін», — патлумачыў ён.

Выпадковым людзям тут не месца

Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі назваў сферу лічбавых знакаў складанай, новай і самае галоўнае — высокарызыкоўнай. «Сёння кожны чалавек павінен разумець што сфера крыптавалюты яна для тых, хто ў гэтым разбіраецца, разумее і ведае, што рабіць. На самай справе негатыўныя гісторыі пра невыкананне эмітэнтамі токенаў сваіх абавязацельстваў — гэты тая рызыка, на якую свядома ідзе інвестар, калі купляе токен, і якую ён павінен пралічваць самастойна. Першапачаткова ўся наша рэгуляторыка менавіта з гэтага зыходзіць. Выпадковым людзям, якія хочуць выпадкова зарабіць тут, натуральна, не месца. Неабходна дакладна ўзважваць свае дзеянні, неабходна валодаць прафесійнымі ведамі ў гэтай сферы, для таго каб свядома ўкладваць уласныя зберажэнні ў гэту высокарызыковую сферу, якая за кошт сваёй высокай рызыкі і прадугледжвае больш высокі ў параўнанні з астатнімі фінансавымі інструментамі даход», — звярнуў увагу міністр. 

Па словах Кірыла Залескага, рэгуляторыка ў гэтай сферы развіваецца зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі. Акты назіральнага савета Парку высокіх тэхналогій з’яўляюцца рэгулярна па меры таго як з’яўляецца неабходнасць адрэгуляваць той ці іншы аспект. «Гэта пастаянная праца ўсіх уцягнутых сюды дзяржаўных органаў. Рэгуляванне не спыняецца, гэтыя правілы будуць дапісвацца, будуць дашліфоўвацца. І пры любых спробах злоўжыванняў дзяржава будзе ставіць надзейны бар’ер», — распавёў міністр.

Ён нагадаў, што падобны вопыт ужо быў у пачатку развіцця крыптасферы ў 2018 годзе. Сёння, абапіраючыся на напрацаваны вопыт, пастаўлены заслон шэрагу ашуканскіх схем і магчымасці выкарыстання токенаў ў розных супрацьпраўных дзеяннях. «Сёння мы вызначыліся з аперацыямі фізічных асоб для таго, каб навесці тут парадак і для таго каб мінімізаваць магчымыя страты для добрапрыстойных інвестараў», — працягнуў міністр сувязі і інфарматызацыі.

Усё, што спрыяе руху краіны наперад, трэба ажыццяўляць

Кіраўнік кіруючай кампаніі Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі назваў Дэкрэт № 8 сапраўды рэвалюцыйным. З яго прыняццем Беларусь стала першай краінай у свеце, якая на заканадаўчым узроўні настолькі, наколькі гэта было магчыма ў той час, адрэгулявала гэтую сферу. «Зразумела што за гэты час вельмі многае ў свеце памянялася. Але яно не проста памянялася, сфера змянялася, мяняецца і будзе мяняцца. Прычым хуткасць пастаянна расце. Сёння прыйшоў час для перазагрузкі. І сёння кіраўнік дзяржавы вельмі выразна, вельмі справядліва вызначыў некалькі прыярытэтаў. Першы — поўная свабодная дарога прагрэсу, тэхналогіям, інавацыям і гэтак далей. Усё што спрыяе руху краіны наперад, трэба ажыццяўляць. Прэзідэнт заўсёды падтрымліваўся такой палітыкі. 

Другі — абараніць беларуса, абараніць кожнага грамадзяніна, каб ні адзін махляр, ні „левая“ структура не магла залезці ў кішэню беларусу, абрабаваць, падмануць», — распавёў Усевалад Янчэўскі. 

Ён удакладніў, што гэта важна для народа, для краіны. Таксама як і для Парку высокіх тэхналогій, для галіны, паколькі гэта рэпутацыя. Калі ўсё сумленна і празрыста, то ў галіну прыходзяць вялікія капіталы і сур’ёзныя інвестары. 

«Прэзідэнт таксама казаў, што мы павінны абапірацца на сусветны вопыт, што ўсё павінна быць законна. Але пры гэтым важна паспрабаваць апярэдзіць сусветны вопыт, каб як і раней Беларусь і беларускае заканадаўства з’яўляліся прыкладам для іншых краін», — дадаў кіраўнік кіруючай кампаніі ПВТ. 

Па словах Усевалада Янчэўскага, у сувязі з прыняццем дадзеных рашэнняў варта чакаць перазагрузку ў працы Парку высокіх тэхналогій.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю