І першае, і другое спрыяюць важнай мэце — выхаванню ўмення адчуваць прыгажосць слова, вобраза, знаходзіць глыбіню ў сказаным і паміж радкоў. Прычым важна тое як у дзіцячым, так і ў дарослым узростах. У падтрымку гэтай думкі прапаноўваем звярнуць увагу на чарговыя навінкі Выдавецкага дома «Звязда».
Вандроўка роднымі сцяжынкамі
Кніга «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі» з’явілася ў выніку сумеснай працы нашага выдавецтва і Лідскага райвыканкама. Укладальнікамі яе сталі Вольга Тарасюк, Анжаліка Акуневіч, Алеся Шпалік і інш. Выданне ўбачыла свет напярэдадні Дня беларускага пісьменства і адрасавана першакласнікам. З галоўнымі героямі юныя чытачы адправяцца ў падарожжа па родных мясцінах. Старонка за старонкай яны адкрыюць для сябе таямніцы Лідчыны, даведаюцца пра гісторыю, культуру, прамысловасць і прыроду свайго краю. Кніга дазваляе ў працэсе чытання не проста даведацца пра штосьці новае, але і засвоіць важную інфармацыю, выконваючы розныя інтэрактыўныя заданні. У такім падарожжы ўсім гарантавана шмат адкрыццяў.
Краіна дзяцінства
Кніга з аднайменнай назвай убачыла свет у серыі «Школьная бібліятэка». Яе ўкладальнік Наталля Шчарбакова сабрала пад адной вокладкай творы для пазакласнага чытання ў другім класе.
У зборнік увайшлі беларускія і рускія народныя казкі, творы рускіх пісьменнікаў, якія спрыяюць фарміраванню маральна-духоўных арыенціраў і ўяўленняў аб прыродзе. Так, напрыклад, на старонках выдання знойдзеце любімых казачных герояў, народную мудрасць і прыгожыя ілюстрацыі ад мастака Святланы Стахоўскай. А яшчэ будзе добра, калі кожны з гэтых твораў стане падставай для дыялогу бацькоў са сваімі дзеткамі. Заўсёды ж цікава даведацца, чым спадабаўся герой, яго ўчынкі, а можа, і прыдумаць працяг гісторыі.
Шчасце ў выпрабаваннях
Серыя «Школьная бібліятэка класікі» таксама папоўнілася навінкай. Свет убачыў першы том пенталогіі «Трывожнае шчасце», дзе ў аповесцях «Начныя зарніцы», «Непаўторная вясна», «Агонь і снег» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс цэлага пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край. Кожны твор напоўнены не толькі цікавымі героямі і сюжэтнмі лініямі, але і філасофскай думкай класіка, а галоўнае — прыгожай беларускай мовай.
Алена ДРАПКО