Па добрай традыцыі сёння ў Лідзе збяруцца ўсе, хто любіць, стварае, захоўвае нашу літаратуру, культуру, традыцыі і перадае іх з пакалення ў пакаленне, — тут стартуе ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства. На працягу двух дзён, 6 і 7 верасня, у горадзе ў рамках свята для мясцовых жыхароў і гасцей падрыхтавана цікавая і насычаная праграма. Раскажам вам пра самае адметнае.
Гісторыі і лёсы ў канве эпохі
Галоўнымі акцэнтамі мерапрыемстваў сёлета сталі 500-годдзе з моманту выдання першай кнігі на беларускай зямлі — славутага «Апостала» Францыска Скарыны, 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Год добраўпарадкавання, а таксама юбілейныя даты знаных дзеячаў беларускай літаратуры. Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца сёння вечарам на галоўнай сцэне каля Палаца культуры. «Канцэрт адкрыцця ўяўляе сабой тэатралізаванае прадстаўленне — своеасаблівае падарожжа па беларускай гісторыі, па беларускай зямлі праз канву лёсу асобы, якая прайшла разам з нашай краінай усе галоўныя этапы яе станаўлення.
У праграме прагучаць імёны і творы не толькі вядомых беларускіх літаратараў, але і сучасных аўтараў, членаў Саюза пісьменнікаў — паэтычныя творы і песні, напісаныя на іх вершы. Возьмуць удзел як знакамітыя і заслужаныя артысты, так і прадстаўнікі новага пакалення, маладыя асобы, якія імкнуцца папулярызаваць беларускую культуру», — распавяла галоўны рэжысёр Дня беларускага пісьменства Бажэна НЮШКОВА. Асаблівую танальнасць мерапрыемству надасць цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Аднак ужо з раніцы ў гарадской прасторы пачнуць працаваць самыя розныя лакацыі свята.
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі пройдзе Рэспубліканская навукова практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні». Там жа можна наведаць выстаўкі «Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі» і «ШАХ у гісторыю». На працягу дня будуць працаваць экспазіцыі і ў вежах Лідскага замка. А ў доме Валянціна Таўлая — выстаўкі «Пераступіўшы парог», «Гісторыя ў прадметах», «Ад Арэсы да Лідзейкі». Усе выставачныя праекты можна наведаць і ў суботу, і ў нядзелю.
Скарбы, інтэрактыў ці гастрафэст?
Жыхароў і гасцей запрашаюць наведаць розныя інтэрактыўныя зоны ад Беларускага саюза жанчын, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, бібліятэк і СМІ Гродзенскай вобласці. Па традыцыі Міністэрства інфармацыі арганізуе Фестываль кнігі і прэсы, дзе любы ахвотны зможа пазнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку.
- У сямі тэматычных павільёнах наведвальнікі не толькі знойдуць кнігі, але і сустрэнуцца з аўтарамі, трапяць на выстаўкі і інтэрактыўныя пляцоўкі. Усё гэта, а таксама горад майстроў, экспазіцыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны размесцяцца на вуліцы Мітрапаліта Філарэта. А за помнікам Францыску Скарыну на вуліцы Савецкай — інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей і моладзі. Так, там знойдзеце выставачны праект «Мой дом» ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, пляцоўку публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці «Гродзеншчына: скарбы бібліятэк і традыцыі роднага краю» і шмат іншага.
На вуліцы Замкавай можаце наведаць пляцоўку «Турыстычны патэнцыял Гродзенскай вобласці і Лідскага раёна». Днём там прэзентуюць новы турыстычны маршрут, а каля помніка Гедыміну — культурны марафон талентаў «Ліда мову ўслаўляе і гасцей усіх вітае». Альбо завітайце ў арт-квартал, дзе размяшчаецца Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Вядома ж, раім не абмінуць горад майстроў і майстар-класы на Ленінскай вуліцы.
А яшчэ можна завітаць на гастранамічны фестываль «Літаратура&Страва» на Янкі Купалы, 1.
Днём адбудзецца адкрыццё адноўленага магазіна «Кніжны свет», тэматычнага мурала на будынку раённай бібліятэкі.
А калі любіце музыку і слова, то не прапусціце Адкрыты харавы фестываль-конкурс «Лідскі ХОР-ФЭСТ» альбо гала-канцэрт рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які сёлета мае назву «Каляндар часу і лёсу», ці творчую сустрэчу з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом.
Арт-лаўка, старадрукі і шчаслівы чытач
Што датычыцца класікаў, то з Лідай звязаны лёс паэта Валянціна Таўлая. І да Дня беларускага пісьменства з’явіцца прысвечаны яму помнік. Побач з домам, у якім ён некалі жыў, усталююць манументальна-дэкаратыўную скульптуру «Верабейкі». Цэнтр кампазіцыі — кніга, на старонках якой напісаны верш паэта. Адметнасць і ў тым, што на адной са старонак тэкст адлюстраваны шрыфтам Брайля. Добры прыклад, як мастацтва яднае творцаў і аўдыторыю.
Цікавымі мерапрыемствамі другога дня стануць прэзентацыі кніг у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, дзе прадставяць выданні «Лідскі край: з любоўю і назаўжды», «Край наш вольны, край любімы», «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі». Там жа падвядуць вынікі конкурсу «Арт-лаўка». А вось у Лідскім замку 7 верасня будзе працаваць анімацыйная праграма «Скрозь прызму часу». Таксама можаце паўдзельнічаць у святочным раённым велапрабегу. Вядома, будуць працаваць фудкорты, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, рэкламна-інфармацыйны тур па славутых мясцінах горада і рэгіёна.
У Лідскай гарадской бібліятэцы № 4 размесціцца выстаўка старадрукаваных царкоўных кніг і пройдзе прэзентацыя богаслужэбнага выдання «Мінея 1724 г.». А на закрыцці Дня беларускага пісьменства падарункам для ўсіх стане канцэртная праграма Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Не прапусціце падзею на галоўнай сцэне каля Палаца культуры.
Мы прапануем
Будзе чакаць сваіх наведвальнікаў і Выдавецкі дом «Звязда». Як расказала намеснік дырэктара Святлана ГАНЦАРЭВІЧ, на Дні беларускага пісьменства нашы мерапрыемствы пройдуць на шэрагу лакацый. Так, 6 верасня на Фестывалі кнігі ўсіх чакаем на выстаўцы-продажы кніг нашага выдавецтва.
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ў 14.30 запланавана творчая сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом. А ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў 15.00 адбудзецца прэзентацыя выдання Максіма Осіпава і Вольгі Ануфрыевай «Час выбраў». Таксама ўсіх будзем рады бачыць на прэзентацыях кніг і аўтограф-сесіях нашых аўтараў Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Людмілы Кебіч, Віктара Шніпа, Міхаіла Пазнякова, Алены Стэльмах і іншых. Не пакінем і без інтэрактыву: за ўдзел у віктарыне і правільныя адказы наведвальнікі атрымаюць сувеніры.
А 7 верасня можна паўдзельнічаць у латарэі «Шчаслівы чытач», прыйсці на сустрэчу з любімым аўтарам (Дзмітрыем Нікалаевым, Уладзімірам Мазго, Інай Фраловай, Ірынай Карнаухавай) і, вядома, набыць упадабаныя кнігі са зніжкай.
Алена ДРАПКО
Фота Лізаветы Голад і БелТА