Верасень у нашай краіне традыцыйна аб’яўлены месяцам экалагічнага турызму, які асацыіруецца найперш з наведваннем экалагічных сцежак. Самыя папулярныя (хоць бы на адной з іх пабываў, напэўна, кожны беларус) — «Па лясной запаветнай сцежцы» ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, «Блакітныя азёры» (Мядзельскі раён), «Гара Маяк» (Браслаўскія азёры) і «Ельня» (Мёрскі раён). Усяго ж у Беларусі больш за 200 экалагічных сцежак, прычым 24 — у сталіцы. Сярод іх ёсць не самыя «раскручаныя», аднак не менш цікавыя. Расказваем пра «жамчужыны» экалагічнага турызму нашай краіны, якія можна наведаць не адкладваючы.
Перспектыўныя тэрыторыі
Падчас месяца экалагічнага турызму запланавана больш чым 120 тэматычных мерапрыемстваў: семінары, круглыя сталы, экскурсіі, выстаўкі, майстар-класы. Падрабязную інфармацыю аб падзеях можна паглядзець на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. Традыцыйна ўсе рэгіёны прапануюць варыянты цікавага баўлення вольнага часу на выхадныя. Напрыклад, 20 верасня пройдзе штогадовае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю», а 27–28 верасня можна адправіцца ў Белавежскую пушчу на экалагічны фестываль «Грыбныя выхадныя».
Як расказала дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына ВАРАНОВІЧ, летась адбылося 254 мерапрыемствы, прысвечаныя месяцу экалагічнага турызму. У іх прынялі ўдзел каля 12 тысяч чалавек. У дзяржаўную праграму «Беларусь гасцінная» ўключана 12 аб’ектаў экалагічнай накіраванасці. Асобная ўвага Віцебскаму Паазер’ю — рэгіён становіцца надта прывабным у перыяд летняга адпачынку.
Штогод праводзіцца рэспубліканская турыстычная акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», дзе ў тым ліку прадстаўлены экамаршруты. Адна з намінацый рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» — «Аб’ект экатурызму». У 2024 годзе было пададзена 76 заявак (для параўнання: у 2023-м — 27, у 2022-м — 17). Лаўрэатам стаў Бярэзінскі біясферны запаведнік, дыпламантамі — рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры» і рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Асвейскі». Граматамі ўзнагароджаны заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае», экапарк «Акварэль», нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».
- Перспектыўнымі для экалагічнага турызму вызначана 39 тэрыторый. У спіс прапануецца ўключыць такія заказнікі рэспубліканскага значэння, як «Балота Мох» (Мёрскі раён), «Сервеч» (Глыбоцкі і Докшыцкі раёны), «Стары Жадэн» (Жыткавіцкі і Лельчыцкі раёны), «Белая Русь» (Лагойскі раён), «Слаўгарад». У цэлым плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у Беларусі перавышае 1,9 мільёна га (прыкладна 9,2 % ад агульнай плошчы краіны). Сюды ўваходзіць 1355 аб’ектаў: запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага і 280 мясцовага значэння, 321 помнік прыроды рэспубліканскага і 651 — мясцовага значэння.
— Бярэзінскі біясферны запаведнік і нацпаркі з’яўляюцца прыкладам, калі адначасова выконваецца рэжым аховы і развіваецца экалагічны турызм. Высокімі рэсурсамі для арганізацыі экалагічнага турызму валодаюць заказнікі «Спораўскі», «Выганашчанскае», «Альманскія балоты», «Азёры», «Налібоцкі», — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАСЦЮК.
Птушыны рай і «лёгкія» Еўропы
Сапраўднай жамчужынай з’яўляецца бадай самая вядомая экасцежка — «Ельня», размешчаная ў аднайменным рэспубліканскім ландшафтным заказніку, што знаходзіцца на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебшчыны. Заказнік быў утвораны для захавання аднаго з самых вялікіх у Еўропе балот. Яго плошча — каля 20 га, а тэрыторыя — звыш 25 тысяч га. Тут 118 вялікіх і малых азёр, 5 рэчак. Цікава, што сярэдняя частка балота знаходзіцца вышэй за яго крайнія часткі на 7 метраў. У заказніку расце 18 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, уключаючы карлікавую бярозу і марошку.
Ельню называюць птушыным раем — гэта месца гнездавання і прыпынку для больш чым 130 відаў птушак. Восенню, падчас міграцыі, тут спыняюцца дзясяткі тысяч шэрых журавоў і гусей. Адметна, што сёлета іх вельмі шмат і сезон прылёту пачаўся з сярэдзіны жніўня і працягнецца да кастрычніка. А яшчэ Ельню называюць «лёгкімі» Еўропы: адзін гектар балота выпрацоўвае ў 10 разоў больш кіслароду, чым такі ж па плошчы сасновы лес.
З 2012 года на Ельні пракладзена самая працяглая і шырокая ў Еўропе экалагічная сцежка з драўляным насцілам па балоце. Працягласць — 2,5 км, у тым ліку 1 км — па лесе, 1,5 км — па адкрытым балоце. Праходзячы па сцежцы, можна пабачыць усе біятопы, уключаючы пераходнае, верхавое і парушанае балоты. На граніцы знаходзіцца назіральная пляцоўка Азераўкі-Ельня са стацыянарным біноклем, альтанкамі, навесамі, месцамі для вогнішчаў, фотазонай. Найлепшыя краявіды, паводле слоў дырэктара заказніка Віктара РАМАНОЎСКАГА, Ельня дорыць на досвітку і на захадзе сонца. Далучайцеся і праверце!
Алена КРАВЕЦ
Топ-6 малавядомых экасцежак
► «Парк Бельмонт» побач з вёскай Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна, якая знаходзіцца ва ўнікальным прыродным комплексе.
► «Расколаты камень» на тэрыторыі заказніка «Слонімскі», уваход — побач з турыстычным комплексам «Альберцін».
► «Нёманскі поплаў» у заказніку «Ліпічанская пушча», дзе пясчаныя дзюны змяняюцца шыракалістымі лясамі, — сапраўдны наглядны дапаможнік па геаграфіі і біялогіі.
► «У гасцях у Пятровіча» ў Кобрынскім лясніцтве побач з трасай М1 на пад’ездзе да Брэста.
► «Сцежка нашых адкрыццяў» у Копыльскім доследным лясгасе па-майстэрску абыгрывае нават масавыя высечкі лесу.
► «Чароўны свет Завітанскага лесу» — ідэальны варыянт сямейнага адпачынку з дзецьмі непадалёк ад Нясвіжа.