Top.Mail.Ru

Як не прагледзець блізарукасць у дзяцей

Навесці фокус

Хваробы вачэй займаюць трэцяе месца ў структуры ўсёй дзіцячай захваральнасці і колькасць школьнікаў, якія маюць праблемы са зрокам, год ад году расце. Больш за палову ўсіх паталогій прыпадае на міяпію. Блізарукасць выяўлена ў больш чым 30 тысяч дзяцей, і штогод колькасць новых выпадкаў перавышае 5,7 тысячы. Пры гэтым не стаіць на месцы і медыцына. У сучаснай дзіцячай афтальмалогіі выкарыстоўваюцца ўсе апошнія дасягненні — тэлемедыцына, аналіз і рэдагаванне геному, тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, прылады і пратэзы, якія імплантуюцца, і, безумоўна, штучны інтэлект.

Стандарты дыягностыкі — на сусветным узроўні

Выявіць праблемы са зрокам у дзяцей сёння нескладана. Як паведаміла прафесар кафедры афтальмалогіі факультэта дадатковай адукацыі работнікаў аховы здароўя Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, доктар медыцынскіх навук Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА, у Беларусі колькасць дзіцячых урачоў-афтальмолагаў дастатковая і рэгіёны ўкамплектаваны адпаведнымі спецыялістамі. Часам яны прымаюць як дзіцячае, так і дарослае насельніцтва. Дастаткова і амбулаторных устаноў, прычым гэта не толькі паліклінікі, але і санаторыі, школы-інтэрнаты для дзяцей з парушэннямі зроку, міжраённыя цэнтры, дзе можна атрымаць больш кваліфікаваную дапамогу. У стацыянарах аказваюць дзецям увесь спектр сучасных паслуг, у тым ліку хірургічных.

  • На базе 10-й клінічнай бальніцы ў Мінску нядаўна створана аддзяленне высокатэхналагічнай спецыялізаванай дапамогі дзецям з афтальмалагічнай паталогіяй. Сюды шпіталізуюцца не толькі юныя мінчане, але і малыя з усіх рэгіёнаў. Менавіта тут аказваецца ўвесь спектр высокатэхналагічнай хірургічнай дапамогі. А сёлета на базе бальніцы адкрылася дзіцячае кансультацыйнае мікрахірургічнае аддзяленне, дзякуючы чаму такі запатрабаваны від дыягностыкі, як агляды з фундуслінзай, сталі больш даступнымі — па накіраванні з паліклінікі чакаць абследавання давядзецца не больш за тыдзень.

Самымі распаўсюджанымі захворваннямі органа зроку ў дзяцей з’яўляюцца анамаліі рэфракцыі і яе ўскладненні (66,2 %). А вось прыроджаныя парокі зроку складаюць усяго каля 1,7 %. Міяпічная рэфракцыя (папросту блізарукасць) выяўлена ў больш чым 30 тысяч дзяцей, пры гэтым дзеці школьнага ўзросту ад 7 да 18 гадоў складаюць 89 %. Прычым назіраецца характэрная тэндэнцыя павелічэння дзяцей з блізарукасцю — штогод у краіне выяўляецца больш за 5,7 новага выпадка.

Як падкрэсліла Вікторыя Красільнікава, стандарты дыягностыкі адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. Прымяняюцца ўсе сучасныя метады — ад аўтарэфрактометраў да фундускамер. Выкарыстоўваюцца і ўсе інавацыйныя варыянты лячэння.

  • — Цяпер найбольш актуальнай праблемай стала спадчыннае захворванне вачэй, а менавіта дыстрафія сятчаткі. На сёння адбыўся прарыў у лячэнні гэтых захворванняў — прымяняецца генна-замяшчальная тэрапія. Мы імкнёмся ўкараніць гэты метад у краіне, і на дадзеным этапе ствараецца база пацыентаў з такой паталогіяй, пры якой будзе прыменена генназамяшчальная тэрапія, — падзялілася прафесар.

Укараняюцца і тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Гэта хірургія ў 3D-візуалізацыі: калі хірург бачыць вока пацыента не праз мікраскоп, а на вялікім экране. Сярод пераваг такой тэхналогіі — выкарыстанне яе для навучання афтальмолагаў.

Апошнім часам значны крок наперад зрабіла хірургія арбіты вока, прымяняюцца новыя імплантацыйныя тэхналогіі. Сёння ўрачы атрымалі магчымасць ствараць віртуальную мадэль чэрапа, што дазваляе ўбачыць дэфект у натуральны памер і ствараць па ім індывідуальны імплант. І гэта аказалася вельмі дарэчы, бо ў стацыянар паступае вялікая колькасць дзяцей з пераломамі вачніцы пасля падзенняў з мабільных сродкаў перасоўвання. Новая тэхналогія дазваляе выправіць атрыманы дэфект, аднавіць сумесна з сківічна-тварнымі недахопы не толькі чэрапа твару, але і мазгавога чэрапа. Сустракаюцца выпадкі, калі ў дзяцей па розных прычынах адсутнічае вочны яблык. Сёння тэхналогіі дазваляюць ліквідаваць і гэты недахоп дзякуючы 3D-мадэляванню і прататыпіраванню на базе штучнага інтэлекту.

Блізарукасць не баліць

Што ж датычыцца самай распаўсюджанай паталогіі — блізарукасці, яе важна своечасова заўважыць. Часам гэта можа быць няпроста, бо страта вастрыні зроку «не баліць». Але звярнуць увагу на праблему могуць і бацькі, і настаўнікі. Адна з найбольш характэрных прыкмет — калі дзіця пачынае жмурыцца ці расцягваць вока, каб нешта ўбачыць. Вось тут неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача.

— Блізарукасць — не проста касметычны дэфект, але і змяненне анатоміі. Найчасцей гэта расцяжэнне вочнага яблыка, якое не праходзіць бясследна і нярэдка праяўляе сябе ўскладненнямі. А сёння яны сустракаюцца часта і ва ўсё больш маладым узросце. Калі раней лічылася, што ўскладненні блізарукасці пачынаюцца з мінус 6 дыоптрый, то цяпер яны слабай ступені нават і ў дзяцей, якія не носяць акуляры. Ускладненні часцей за ўсё ўзнікаюць на сятчатцы, і важна своечасова іх выявіць. У сталічных і абласных бальніцах даступна такое абследаванне, як агляд вочнага дна з фундуслінзай. Гэта дазваляе выявіць на ранняй стадыі такія ўскладненні, як дыстрафія сятчаткі, разрывы, якія могуць прыводзіць да адслаення сятчаткі. У такім выпадку вока перастае бачыць, і дапамагчы можа толькі вялікая хірургічная аперацыя са складанай рэабілітацыяй, — папярэджвае ўрач-афтальмолаг аддзялення лазернай мікрахірургіі вока 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, кандыдат медыцынскіх навук Алена ГЕРАСІМЕНКА, дадаючы, што кожнаму — нават пры адсутнасці сімптомаў — варта хоць раз на год наведваць афтальмолага.

Акуляры — не ліха, лазерная карэкцыя — не панацэя

Алена Герасіменка расказала пра самыя распаўсюджаныя міфы, якія датычацца блізарукасці. Першы і галоўны — некаторыя бацькі лічаць акуляры чымсьці шкодным, да чаго дзіця прызвычаіцца і ніколі ад іх не пазбавіцца. І яны просяць урача рабіць не поўную карэкцыю, а падабраць акуляры з лёгкай блізарукасцю, каб вока «дапрацоўвала». Рабіць гэта ні ў якім разе нельга, вока павінна бачыць на 100 % — без акуляраў ці з іх дапамогай.

Яшчэ адзін міф — мяккая кантактная карэкцыя (лінзы) не падыходзіць для дзяцей. Аднак не ўсе праблемы са зрокам могуць выправіць акуляры, таму, калі ўрач прапануе лінзы, не трэба ад іх адмаўляцца. Ну і яшчэ адна памылковая думка — дзіця вырасце і зробіць лазерную карэкцыю, тым самым вырашыўшы праблему. Тут трэба ўсведамляць, што такая аперацыя — касметычная, яна дазваляе палепшыць зрок, аднак вока так і застанецца блізарукім. Адпаведна нават пасля такога ўмяшання варта пільна сачыць за здароўем органа зроку.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю