Як расказала прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДУ Ганна БАКУН, ва ўніверсітэце «Месяц першакурсніка» пачаўся з урачыстай лінейкі ў гонар Дня ведаў. Ужо ў першыя дні для больш чым дзвюх тысяч студэнтаў першага курса куратары правялі інфармацыйныя гадзіны: разбіралі Статут універсітэта, яго Этычны кодэкс, тлумачылі правілы пражывання ў інтэрнатах. На асобных сустрэчах, прысвечаных размовам аб праве і парадку, нядаўнім школьнікам расказалі, што значыць быць паўналетнім і адказваць за свае ўчынкі. А паспрыяць згуртаванню маладых людзей, дапамагчы ім хутчэй адаптавацца ў новым калектыве закліканы спецыяльныя трэнінгі ад сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў ВНУ.
Дарэчы, сёлета першакурснікаў БДУ чакае яшчэ больш насычаны на падзеі верасень. Калі раней асноўная тэматыка мерапрыемстваў зводзілася да побыту і навучальнага працэсу, адаптацыі, то цяпер значна пашырылася. На лекцыях і дыскусіях спікеры гавораць аб грамадзянскай адказнасці, бяспецы і ўстойлівым развіцці. Першую лекцыю «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню» правёў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Слухачамі сталі тыя першакурснікі, якія набралі максімальную колькасць балаў па ЦЭ і ЦТ, а таксама пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і конкурсаў.
Па словах прарэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, студэнты лепш за ўсё адгукаюцца на падзеі, дзе спалучаюцца нефармальная абстаноўка і магчымасць прамога дыялогу. «Маладыя людзі шануюць парады „з першых рук“, а таму сустрэчы з кіраўніцтвам універсітэта нязменна збіраюць поўныя залы і спрыяюць больш хуткай адаптацыі да новых умоў», — адзначыла Ганна Бакун. Падобны цыкл адкрытых дыялогаў з адміністрацыяй універсітэта ўжо запушчаны. Гучаць ідэі Года добраўпарадкавання: наваспечаным студэнтам расказваюць, які ўнёсак яны могуць зрабіць у жыццё горада і ўніверсітэта, як стаць удзельнікамі валанцёрскіх праектаў па добраўпарадкаванні і экаакцый. Асаблівая ўвага — прафілактыцы кіберзлачынстваў, экстрэмізму і асацыяльных паводзін.
Сапраўднай прыгодай для першага курса становіцца і знаёмства з карпусамі навучальнай установы. Замест сумных экскурсій — інтэрактыўныя квэсты з загадкамі і маршрутамі па факультэце. У гульнявым фармаце хлопцы і дзяўчаты даведваюцца пра месцазнаходжанне неабходных кожнаму студэнту аўдыторый і арганізацый: бібліятэкі, лабараторыі, студэнцкага савета і не толькі. Не менш цікавасці выклікае «Кірмаш актыўнага студэнта»: прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый збіраюцца, каб прэзентаваць вынікі сваёй дзейнасці і дапамагчы новенькім ужо на першым тыдні стаць актыўнымі ўдзельнікамі студэнцкага жыцця.
Паводле звестак БДУ, у першыя дні «Месяца першакурсніка» ў яго мерапрыемствы былі ўцягнуты амаль 7 тысяч чалавек. Да канца месяца абяцаюць новыя круглыя сталы, прафілактычныя лекцыі, майстар-класы і сустрэчы ў фармаце адкрытага дыялогу — сумаваць першакурснікам не давядзецца.
Аміна НАЗАРАВА.
Фота прэс-службы БДУ.