Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенку. Галоўная тэма — падрыхтоўка да трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 16 верасня. Разгледзелі і іншыя пытанні дзейнасці ніжняй палаты парламента.
«Перадайце дэпутатам маю падзяку і вам за тое, што вы даяце зрэз настрою нашага грамадства. Гэта вельмі важна для мяне, усё ж такі дэпутаты — гэта людзі незалежныя і аб’ектыўныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што азнаёміўся ў абагульненым выглядзе з пытаннямі, якія ставяць перад дэпутатамі іх выбаршчыкі. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што для яго гэта вельмі важна. Таму ён даручыў ураду разабрацца дэталёва ў кожным пытанні, прыняць меры і дэпутатам далажыць. «Гэтую працу трэба працягваць. Яна для дзяржавы і для мяне вельмі важная», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.
Сесія Палаты прадстаўнікоў адкрываецца толькі праз тыдзень, дэпутаты ўжо актыўна працуюць над законапраектамі. Прэзідэнт спытаў, як ідзе гэтая работа, ці патрэбная дапамога. Аляксандр Лукашэнка спытаўся, якія прынцыповыя законы, будуць разглядацца на сесіі.
«Дзякуй, што парламент спакойна, ціха працуе. Усе ўвайшлі ў каляіну. Праца цікавая, хоць і няпростая, таму што дэпутат — велічыня сам па сабе, яго абіраюць выбаршчыкі канкрэтныя. Я быў дэпутатам і ведаю, што гэта такое», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна кіраўнік дзяржавы вылучыў работу на міжнародным трэку. «Як раз тое, чаго не хапае сёння і нават членам урада. Калі ты паехаў у камандзіроўку, значыць, адтуль трэба нешта прывезці канкрэтнае», — адзначыў ён.
Па словах беларускага лідара, няхай патрохі, але трэба заходзіць на рынкі іншых краін і адказваць за гэта павінны ўсе вышэйшыя службовыя асобы. «У нас няма такіх людзей, якія не маюць дачынення да эканомікі, асабліва сёння да знешняга гандлю. Вы адчуваеце і ведаеце, што гэта самая вялікая праблема сёння ў Беларусі — замясціць той аб’ём, які мы не можам прадаць з-за пэўных аб’ектыўных прычын. У Расійскай Федэрацыі і на трэку далёкай дугі мы павінны ў гэтым плане працаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
На мінулым тыдні Ігар Сергяенка па даручэнні Прэзідэнта з візітам наведаў В’етнам. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтая краіна, якая сёння актыўнае развіваецца, нацэлена на супрацоўніцтва з Беларуссю і гэта ўзаемна. «З гэтай краінай трэба супрацоўнічаць, змагаліся калісьці разам, ваявалі. У нас ёсць добрая аснова для супрацоўніцтва», — упэўнены беларускі лідар.
Падсумоўваючы, кіраўнік дзяржавы ацаніў работуніжняй палаты парламента: «Палата прадстаўнікоў працуе ціха, спакойна. Але я бачу, малайцы, што з людзьмі працуеце. Гэта для нас галоўнае. Усе павінны ведаць, што ёсць у нас парламент, які займаецца ціха-спакойна сваімі справамі».
Ігар Сергяенка далажыў аб падрыхтоўцы да трэцяй сесіі. «Падчас падрыхтоўкі да гэтай сесіі мы абапіраемся на той багаж, які ў нас быў летась.
Даслоўна
Падрыхтоўка да трэцяй сесіі, міжнародная дзейнасць, праца з насельніцтвам
Некаторыя падрабязнасці свайго дакладу кіраўніку дзяржавы Ігар Сергяенка раскрыў і журналістам. «Сёння ў парламенцкім партфелі знаходзіцца 21 законапраект, асобныя з іх будуць разгледжаны ў другім чытанні, значная частка — у першым чытанні», — расказаў ён. Законапраекты, якія будуць разглядацца на трэцяй сесіі, датычацца пытанняў абароны, праваахоўнай дзейнасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, міжнароднай дзейнасці. «Усе пытанні разглядаюцца ў профільных камісіях з запрашэннем спецыялістаў, прадстаўнікоў міністэрстваў. У большасці ўсе законапраекты гатовыя да разгляду. Хацеў бы звярнуць увагу, што асноўная работа вядзецца на стадыі разгляду законапраектаў у Авальнай зале — тое, чым сёння займаюцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў», — удакладніў Ігар Сергяенка.
Што тычыцца міжнароднай дзейнасці, то, па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў, акцэнт робіцца на пашырэнні прысутнасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у міждзяржаўных парламенцкіх аб’яднаннях. «Мы атрымалі статус назіральніка ў Панафрыканскім парламенце, у Парламенцкай Азіяцкай Асамблеі. Рыхтуемся атрымаць такі ж статус назіральніка (ёсць адпаведнае запрашэнне) у арабскім парламенце. Актуалізавана работа на новых напрамках. З’явіліся такія краіны як Інданезія, Бразілія, Алжыр. Акцэнт робім не толькі на паездках, але і на сустрэчах у Мінску, каб пашырыць кола нашых сяброў шляхам фарміравання груп дружбы. Мы працуем на пляцоўцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Адзін з найважнейшых кірункаў — праца Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Гэта - работа па мадэльных законах з акцэнтам на выраўноўванне правоў грамадзян па асобных напрамках, правядзенне розных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці», — расказаў Ігар Сергяенка.
Прэзідэнт ацаніў работу Палаты прадстаўнікоў з насельніцтвам. Ігар Сергяенка адзначыў, што ў працэсе работы над законапраектамі вывучаецца не толькі правапрымяняльная практыка, але і грамадскае меркаванне. «За папярэдні год намі праведзена 20 семінараў па канкрэтных напрамках, па канкрэтных тэмах. Мэта гэтых семінараў — прыйсці да адзінай высновы з улікам розных пунктаў гледжання па тым ці іншым законапраекце. Гэта першае. А другое — узбагаціць дэпутатаў інфармацыяй па канкрэтнай праблеме», — расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. У прыклад ён прывёў пытанні, звязаныя з электрыфікацыяй прыватных домаўладанняў, якія часта ўзнімаюцца на прыёме грамадзян. Каб разумець гэтую праблему ў разрэзе кожнага раёна ў Авальнай зале быў праведзены семінар з кіраўніцтвам Міністэрства энергетыкі, абласных структур, якія ўзброілі дэпутатаў ведамі, неабходнымі для работы з выбаршчыкамі.
Яшчэ адзін прыклад — змяненні, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі. Па словах Ігара Сергяенкі, многія змяненні ішлі менавіта ад зносін з педагагічнай грамадскасцю.
Пункты гледжання спецыялістаў на месцах вывучаліся і, напрыклад, перад прыняццем закона аб рэгістрацыі нерухомай маёмасці. «Улічваецца меркаванне спецыялістаў, улічваецца меркаванне грамадзян. І там, дзе мы бачым, што гэта мае права на жыццё, вядома, мы гэта ўлічваем», — рэзюмаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Валерыя СЦЯЦКО