У прыватнасці, прынята пастанова Урада аб абавязковай праверцы ведання дзяржаўнай мовы для працоўных мігрантаў па асобных прафесіях (іх 11). Нюансы гэтага новаўвядзення растлумачыла першы намеснік міністра працы і сацабароны Таццяна АСТРЭЙКА.
— Урад прыняў рашэнне, якое вызначае пералік прафесій рабочых і служачых, для заняцця якімі замежным грамадзянам давядзецца прайсці ацэнку ведання і валодання адной з дзяржаўных моў — беларускай ці рускай. Гэта вельмі важнае і адначасова простае рашэнне. У пералік уключаны такія рабочыя прафесіі, як вадзіцель аўтамабіля, прадавец, цырульнік, афіцыянт, адміністратар і шэраг прафесій медыцынскага профілю, сярод іх урач, памочнік урача, фельчар, акушэрка, медыцынская сястра, санітар. Усе яны прадугледжваюць непасрэдны кантакт з насельніцтвам. Гэта зроблена, каб павысіць якасць паслуг. Калі мы прыходзім у магазін, цырульню, садзімся ў таксі, мы выказваем свае пажаданні і павінны быць пачутымі. Патрабаванні да ацэнкі ведаў вызначаюцца з пункту гледжання аб’ёму, неабходнага для адносін, — не больш за тое, — падкрэсліла Таццяна Астрэйка, дадаўшы, што практыка моўнага экзамену для працоўных мігрантаў існуе ў шэрагу суседніх краін, у прыватнасці, у Расіі.
Трэба адзначыць, што названыя прафесіі з’яўляюцца запатрабаванымі як у наймальнікаў (па іх маецца 24 тысячы вакансій), так і ў замежных мігрантаў (па іх працуе каля 4 тысяч замежных работнікаў). Пры гэтым наша краіна зацікаўлена ў абароне нацыянальнага рынку працы, таму для замежнікаў адкрываюцца толькі тыя прафесіі, якія не запатрабаваны ў беларусаў.
Адметна, што апошнім часам Беларусь стала больш цікавай для працаўладкавання замежных работнікаў.
— Аднымі з важных фактараў з’яўляюцца рост узроўню аплаты працы, умовы працы, а таксама незадаволеная патрэба наймальнікаў з пункту гледжання працоўных рэсурсаў. За паўгоддзе колькасць замежных мігрантаў, якія прыехалі да нас у краіну, павялічылася ў 1,8 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Як краіна — пастаўшчык замежнай працоўнай сілы лідзіруе Туркменістан. Напрыклад, у нас занята шмат вадзіцеляў з гэтай краіны, — расказала першы намеснік міністра.
Міністэрства адукацыі вызначыла пералік пунктаў ацэнкі ведаў, яны будуць у кожным абласным цэнтры і Мінску. Ацэнка ведаў будзе праводзіцца да заключэння працоўнага дагавора, і ён можа быць заключаны толькі ў тым выпадку, калі замежны мігрант станоўча прайшоў тэст на веданне мовы. Апошні праходзіць у пісьмовай форме, на яго здачу даецца 30 хвілін. Вынік будзе лічыцца станоўчым пры 50 % і больш правільных адказаў. Пры гэтым колькасць спроб можа быць неабмежаваная. Праводзіцца тэсты будуць двойчы на месяц: 15-га чысла і ў апошні дзень месяца.
Неабходная для наймальнікаў і замежных мігрантаў інфармацыя размешчана на партале службы занятасці. Там жа спецыялісты будуць тлумачыць усе паступаючыя пытанні.
Варта памятаць, што патрабаванні да ацэнкі ведання адной з дзяржаўных моў не распаўсюджваюцца на грамадзян ЕАЭС, гэта значыць Расіі, Арменіі, Кыргызстана і Казахстана.
Алена КРАВЕЦ