Найбольш халодным сезон быў у цэнтральным рэгіёне
Кліматолагі Белгідрамета адзначаюць, што чэрвень у Беларусі быў даволі вільготным, а сярэдняя тэмпература паветра за ліпень была вышэй за кліматычную норму. Але не гэта галоўнае. Характэрна, што такім чынам перарываецца тэндэнцыя глабальнага пацяплення ў цёплы сезон. «Такіх і больш нізкіх сярэдніх тэмператур летняга сезона не назіралася з 2017 года», — паведамілі спецыялісты.
У цэлым за 90 дзён на большай частцы тэрыторыі краіны адзначалася адмоўная анамалія тэмпературы паветра, яна знаходзіцца ў межах 0,1–0,5 °С. На некаторых станцыях Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей назіралася невялікая станоўчая анамалія. У абласным разрэзе найбольшыя значэнні адмоўных анамалій зафіксаваны ў Мінскай вобласці (0,4 °С), найменшыя — на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей (у сярэднім па 0,1 °С), у Гродзенскай вобласці тэмпературны фон адпавядаў норме.
Кліматолагі падлічылі, што за мінулае лета адзначана ад 17 да 46 гарачых дзён (з тэмпературай паветра 25 °С і вышэй) пры норме 29–59 дзён і ад 1 да 10 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай паветра 30 °С і вышэй) пры норме 1–13 дзён.
У гэтым сезоне максімальнага значэння (плюс 34,6 °С) тэмпература паветра дасягнула 3 ліпеня на станцыі Брэст, а мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Клічаў 28 жніўня, калі яна апускалася да 2,1 °С.
Асобна спецыялісты адзначаюць, што тэмпературны рэжым летняга сезона быў неаднародным: сярэдняя тэмпература чэрвеня і жніўня была ніжэй за норму на 0,4 і 0,9 °С адпаведна. Другі месяц лета быў са станоўчай анамаліяй, роўнай 0,9 °С.
Ліпень быў і сапраўды гарачым, але толькі ён
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень склала плюс 16,6 °С, што ніжэй за кліматычную норму на 0,4 °С. Надвор’е адрознівалася няўстойлівасцю і кантрастамі. Максімальнага значэння (плюс 31,7 °С) тэмпература паветра дасягнула 6 чэрвеня на станцыях Лельчыцы і Брагін. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Маларыта 23 чэрвеня — 3,9 °С.
Паводле інфармацыі кліматолагаў, сярэдняя тэмпература за ліпень склала 19,8 °С, што вышэй за кліматычную норму на 0,9 °С. Такі і больш цёплы ліпень бывае прыкладна раз у 7 гадоў. Максімальнага значэння (плюс 34,6 °С) тэмпература паветра дасягнула 3 ліпеня на станцыі Брэст. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Палеская 6 ліпеня — 6,9 °С. У асобныя суткі месцамі па краіне былі зарэгістраваныя трапічныя ночы (калі мінімальная тэмпература паветра складала 20 °С і больш).
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за жнівень склала 17,1 °С вышэй за нуль, што ніжэй за кліматычную норму на 0,9 градуса. Такіх і больш нізкіх сярэдніх месячных тэмператур у жніўні не адзначалася з 2009 года. Максімальнага значэння (плюс 33,3 °С) тэмпература паветра дасягнула днём 31 жніўня на станцыях Салігорск і Кастрычнік. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Клічаў 28 жніўня — 2,1 °С.
Першыя два месяцы — дажджы
Сёлета за летні сезон у сярэднім па Беларусі выпала 259 міліметраў ападкаў, што складае 115 % кліматычнай нормы. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала 100–130 % сезоннай нормы ападкаў. У абласным разрэзе найбольшая за сезон колькасць ападкаў выпала ў Мінскай вобласці — 295 міліметраў, або 127 % кліматычнай нормы. Найменшая колькасць ападкаў — у Брэсцкай вобласці: 219 міліметраў, або 100 % кліматычнай нормы.
На працягу сезона ападкі былі вельмі нераўнамерныя. У чэрвені і ліпені выпала 129 % і 144 % кліматычнай нормы адпаведна. У жніўні назіраўся недабор ападкаў (58 %).
За сезон было адзначана ад 27 да 43 дажджлівых дзён (з сумай ападкаў за суткі больш за 2 міліметры і больш) пры норме 24–32 дні. Кліматолагі канстатавалі, што чэрвень быў вільготны. У сярэднім па краіне выпала 93 міліметры ападкаў, што склала 129 % кліматычнай нормы. Па краіне ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. На большай частцы тэрыторыі выпала 100–180 % ад нормы. У ліпені ў сярэднім выпала 129 міліметраў ападкаў, што склала 144 % кліматычнай нормы. Лішак адзначаўся на большай частцы тэрыторыі краіны. У жніўні ў сярэднім выпала 37 міліметраў ападкаў, што склала 58 % кліматычнай нормы. На ўсёй тэрыторыі, за выключэннем асобных пунктаў назірання Віцебскай і Гомельскай абласцей, адзначаўся недабор ападкаў.
На працягу сезона назіраліся туманы, навальніцы, адзначалася выпадзенне граду. Так, на станцыі Мар’іна Горка 5 чэрвеня быў зафіксаваны град дыяметрам 20 міліметраў. Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, месцамі дасягалі крытэрыю небяспечнай з’явы. Адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру з парывамі да 15 м/с і больш, у тым ліку шквалістае. Максімальная хуткасць ветру за летні сезон зарэгістравана на станцыі Магілёў 10 ліпеня — 26 метраў за секунду.
Сяргей КУРКАЧ