Top.Mail.Ru

Як Гродна адзначыў Дзень горада

Сёлета гораду над Нёманам споўнілася 897 гадоў. Па традыцыі Дзень горада адзначалі ярка і маштабна. Усе мінулыя выхадныя тут панавала атмасфера сапраўднага свята, прайшлі канцэрты беларускіх зорак, ладзіліся інтэрактывы, фестывалі і выставы.



У пятніцу — напярэдадні святкавання — прайшло ўрачыстае ўскладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля на знакамітай «Алеі кіно» адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнай пліты, прысвечанай фільму «Годны да нестраявой». Гэта ўжо чатырнаццаты аб’ект на ўнікальнай алеі, якая стала папулярным месцам як для гараджан, так і для турыстаў.

Яркім працягам свята стаў урачысты канцэрт, дзе найлепшыя кіраўнікі і супрацоўнікі гродзенскіх прадпрыемстваў і арганізацый атрымалі ганаровыя ўзнагароды і падзякі за ўнёсак у развіццё горада. Таксама былі абвешчаны тыя, чые імёны занесены ў Кнігу Славы. «Мы адзначаем выдатнае свята — Дзень горада. Я хачу павіншаваць усіх жыхароў з гэтым цудоўным днём і выказаць ім сваю падзяку за любоў да нашага агульнага дома, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ. — Для мяне, як для чалавека, які прыехаў сюды 

5 гадоў таму і ўжо пачаў адчуваць спакойную любоў да горада, гэты дзень асабліва значны. Я быў правяраючым, памочнікам, інспектарам, а цяпер я — жыхар Гродна. І мне вельмі прыемна бачыць, як горад мяняецца і развіваецца. Я хачу выказаць асаблівую ўдзячнасць усім, хто працаваў на яго, хто аднаўляў яго пасля разбурэнняў Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўпэўнена ідзём да юбілею і паляпшаем гэта цудоўнае месца».

Да віншаванняў далучыўся і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй ХМЕЛЬ: «Кожны з нас робіць свой унёсак у развіццё Гродна. Ці то новы дом, ці то зялёная алея, ці то зручны грамадскі транспарт або памятны знак — усё гэта вынік нашай агульнай працы. Я ганаруся нашымі грамадзянамі і іх стаўленнем да таго, што мы маем. Мы не толькі ствараем матэрыяльныя каштоўнасці, але і захоўваем традыцыі. Гэта тое, чым мы па праве можам ганарыцца і што перадаём нашым дзецям. Мы думаем не толькі пра сённяшні дзень, але і пра будучыню. Разам ствараем горад, у якім хочацца жыць і гадаваць дзяцей. Дзякуй вам за вашу працу і адданасць гораду».

Завяршылася насычаная пятніца фестывалем водных ліхтарыкаў. Праграма святкавання ў выхадныя была таксама вельмі багатая. 

У суботу на плошчы Леніна адбылося ўрачыстае адкрыццё самага смачнага свята краіны — фестывалю сыру. 

На цырымоніі адкрыцця намеснік Прэм’ер-міністра Юрый ШУЛЕЙКА падкрэсліў, што харчовая бяспека краіны — неад’емная частка дзяржаўнай бяспекі: «Менавіта таму свята горада Гродна шмат гадоў крочыць побач з фестывалем сыру, які знайшоў прызнанне ў людзей. Сведчанне таму — вялікая колькасць гродзенцаў, гасцей горада і прадстаўнікоў прадпрыемстваў краіны, якія сабраліся тут сёння». 

На вядомых усёй краіне прадпрыемствах-флагманах фарміруецца львіная доля высакаякаснай прадукцыі, якая выраб-ляецца ў Беларусі, лічыць Юрый Шулейка: «У кожнага жыхара Беларусі ёсць свой густ, свае любімыя прадукты. Сам фестываль — гэта ўжо конкурс беларускіх сыраробаў, сыравараў, іх імя, іх гонар». 

Таксама намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў велізарны турыстычны патэнцыял Гродна і Гродзеншчыны. Такія святы, фестывалі ў разы павялічваюць цікавасць да рэгіёна, ствараюць асаблівы імідж, прыцягваюць усё больш гасцей.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю