Top.Mail.Ru

Чым быў адметны юбілейны Мінскі паўмарафон

Шчаслівыя ўсмешкі, 5 дыстанцый, 25 тысяч удзельнікаў. На вуліцы Кірава каля Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» ў нядзелю стартавала маштабная бегавая падзея — 10-ы Мінскі паўмарафон.



Спаборніцтвы па традыцыі стартавалі з забегаў на самыя доўгія дыстанцыі 10,5 і 21,097 кіламетра. Амаль усе медалі (за выключэннем «бронзы» на 10,5 кіламетра) забралі беларускія спартсмены, а адначасна з імі львіную долю прызавога фонду. На гэтых трасах было нямала аматараў бегу. Усяго на Мінскім паўмарафоне — 2025 выступалі прадстаўнікі 15 краін, у тым ліку В’етнама, Філіпін, Ізраіля, Польшчы, Расіі і іншых. На розных дыстанцыях спрабавалі сілы блогеры, шоўмены, тытулаваныя спартсмены, кіраўнікі.

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей КАВАЛЬЧУК — пастаянны ўдзельнік Мінскага паўмарафону. Ён спаборнічаў на дыстанцыі ў 5 кіламетраў. Кіраўнік спартыўнага ведамства расказаў, што сёлета шмат юбілейных дат: 80-годдзе Вялікай Перамогі, 30-годдзе Міністэрства спорту і турызму Беларусі, 20-годдзе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, 10-годдзе Мінскага паўмарафону. «Яшчэ адзін важны момант: з гэтай бегавой падзеі пачынаецца святкаванне Дня Мінска. Забегі — гэта яднанне спартыўнае, інфармацыйнае. Аматараў бегу ў краіне становіцца больш, і гэта падстава для гонару. Што датычыцца асабістых эмоцый, то не спяшаючыся пераадолеў 5 кіламетраў. Але зрабіў гэта хутчэй, чым летась», — прызнаўся Сяргей Кавальчук.

Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы Эдуард ТАМІЛЬЧЫК адзначыў, што не прапусціў ніводнага паўмарафону з 2015-га (за выключэннем адмененага ў 2020-м). Паводле яго слоў, такія старты дораць мноства станоўчых эмоцый. «Бег — гэта не толькі здароўе, але і зарад пазітыву, які дае жаданне актыўна працаваць на карысць Радзімы, развівацца ва ўсіх адносінах. Сам атрымліваю шчырае задавальненне ад удзелу ў паўмарафоне. Каб камфортна адчуваць сябе на дыстанцыі, бегаю кожную суботу па 5 кіламетраў», — адзначыў ён.

Маршрут Мінскага паўмарафону быў пракладзены па цэнтры сталіцы ўздоўж галоўных славутасцяў горада. Фінішавалі ўдзельнікі на бегавой дарожцы стадыёна «Дынама». Усяго на забег заявілася больш за 25 тысяч чалавек, рэгістрацыя на дыстанцыі завяршылася датэрмінова. «Мы маглі прыняць і большую колькасць аматараў бегу, але па даных мінулага года ўстанавілі ліміт, каб кожны адчуваў сябе камфортна. Самаму малодшаму ўдзельніку няма і года, а самаму старэйшаму — 95. Сёлета ў праграму быў дададзены фан-забег на 3 кіламетры для тых, хто толькі пачынае займацца бегам, — сказаў кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван ЦІХАН. — На фінішы ўсе ўдзельнікі атрымалі медалі, а найбольш крэатыўныя бегуны ў яркіх вобразах былі ўзнагароджаны спецыяльнымі падарункамі. Самым цікавым новаўвядзеннем стаў праект „Палавінка на паўмарафоне“: свабодныя мужчыны і жанчыны маглі надзець спецыяльны бранзалет блакітнага ці ружовага колеру, які паказваў адкрытасць да знаёмства. Можа быць, ужо ў найбліжэйшай будучыні паўмарафон стане пляцоўкай для прызнанняў у каханні і стварэння сем’яў».

Навацыя — забег на 3 кіламетры для школьнікаў, студэнтаў, пенсіянераў і асоб з абмежаванымі магчымасцямі, які стаў самым масавым, сабраўшы 7 тысяч удзельнікаў. Эфектным атрымаўся і турнір, дзе людзі выступалі з сабакамі. «Самым эмацыянальным па традыцыі выйшаў дзіцячы забег. Колькі жадання ў дзяцей хутчэй завяршыць дыстанцыю, радасці за тое, што сам выйграў медаль. Гэты від праграмы — на перспектыву. Спачатку бацькі прыводзяць дзетак, а праз некаторы час яны ўжо будуць цягнуць мам і тат, рыхтавацца выступіць на большай дыстанцыі», — пракаментаваў Іван Ціхан.

Такім чынам, Мінскі паўмарафон — не проста вераснёўская нядзеля. Гэта час, калі сталіца жыла бегам і яго прадчуваннем. Сустрэчы і абдымкі, хваляванне і азарт каля стартавай аркі, мэтанакіраванасць і пераадоленне дыстанцый, эйфарыя на фінішы. Адчуванне свята і еднасці. І гонару за сваю краіну.

***

Пераможцамі самай масавай дыстанцыі — 10,5 метра — сталі беларусы Мікіта Кацянёў і Ніна Савіна, а Уладзіслаў Прамаў і Таццяна Шабанава першымі фінішавалі на дыстанцыі 21,097 кіламетра.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю