Top.Mail.Ru

Арына Сабаленка абараніла тытул чэмпіёнкі US Open

08.09.2025 | 12:46

Адна перамога на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе — добра, а дзве — лепш. Гэта даказала беларуская тэнісістка, першая ракетка планеты Арына Сабаленка. Другі год запар яна выйграла жаночы фінал аднаго з чатырох турніраў Вялікага шлема — US Open. Вырашальны матч у Нью-Ёрку яна правяла супраць амерыканскай тэнісісткі, дзявятай ракеткі свету Аманды Анісімавай. Адна гадзіна і 36 хвілін спатрэбіліся Арыне, каб разабрацца з саперніцай і заваяваць тытул. Вынік сустрэчы — 6:3, 7:6.



Свае віншаванні першай ракетцы свету накіраваў Прэзідэнт. «Дарагая Арына! Віншую з чарговай яркай перамогай на US Open. Дзякуючы сапраўднаму чэмпіёнскаму характару заваяваная яшчэ адна вялікая вяршыня. Перакананы, што на ўсіх кантынентах і ў любой краіне ты заўсёды адчуваеш гарачую падтрымку землякоў. Ганарымся табой і жадаем новых дасягненняў», — гаворыцца ў віншаванні.

Цяпер у кар’еры Арыны Сабаленкі — чатыры вялікіх шлема. У 2023 і 2024 гадах яна выйграла Australіan Open, а ў 2024 і 2025 гадах — US Open. Гэта перамога ў Нью-Ёрку трывала замацавала тэнісістку на пазіцыі першай ракеткі свету. Цяпер у яе актыве больш за 11 тысяч ачкоў, а ў польскай тэнісісткі Ігі Швёнтак, якая займае другі радок, — больш за сем тысяч.

Перамога Арыны Сабаленкі паказала ўсяму свету, на што здольная беларуская школа тэніса. З тэнісісткай ужо даўно працуе беларускі трэнер Антон Дуброў, прадстаўнік беларускай трэнерскай дынастыі (яго дзед — Эдуард Дуброў — адзін з найлепшых трэнераў савецкага часу). Падчас падрыхтоўкі да фіналу US Open да трэнерскага штабу далучыўся і легенда айчыннага тэнісу — Максім Мірны. «Макс — новы голас у нашай камандзе, ён шмат аналізуе, дае свае парады. Ён вельмі моцна дапамог з многімі момантамі. Гэта была камандная праца. Пасля Уімблдона я ўзяла невялікую паўзу, а потым мы вярнуліся і шмат працавалі над памылкамі, над тэнісам, каб падысці ў лепшай форме. Узяць Макса было адным з правільных рашэнняў», — адзначала Арына Сабаленка на прэс-канферэнцыі.

Днём перад фіналам добрыя пажаданні тэнісістцы накіравалі выхаванцы СДЮШАР па тэнісе «Змена», дзе пачынала свой спартыўны шлях Арына Сабаленка. У сваё прамове на ўзнагароджанні Арына падзякавала роднай школе і прызналася, што гэта пажаданне надало ёй сіл. Беларускі тэніс, сапраўды, гучыць на ўвесь свет.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю