Лідар нацыянальнай зборнай Антон СМОЛЬСКІ выйграў гонку пераследу. На дыстанцыю 12,5 кіламетра беларускі біятланіст выходзіў трэцім з адставаннем ад лідара ў 17 секунд. Антон Смольскі адзін раз памыліўся на агнявым рубяжы, а па выніках другой стральбы лежачы вырваўся наперад. З дзесяці стрэлаў на стойцы Антон сапсаваў адзін, што не перашкодзіла яму захаваць першае месца. На фінішы ён амаль на хвіліну апярэдзіў расіяніна Мікіту Поршнева, тройку прызёраў замкнуў Алег Дамічак.
З перамогай славутага біятланіста павіншаваў кіраўнік дзяржавы. «Антон, дзякуй! Было прыгожа і годна», — гаворыцца ў віншаванні.
Таксама Антон Смольскі заняў трэцяе месца ў мужчынскім спрынце. На першым агнявым рубяжы ён дапусціў дзве памылкі, але ідэальна правёў стральбу на стойцы.
Трэці вынік паказалі Ксенія Варабей і Ірына Шаклеіна, якія выступалі ў жаночай адзіночнай эстафеце. Дзяўчаты большую частку гонкі трымаліся ў топ-5, на апошнюю перадачу эстафеты Варабей прыйшла чацвёртай, а на заключным этапе Шаклеіна падняла дуэт на трэцяе месца.
Бронзавыя медалі ў мужчынскай эстафеце заваявалі Сцяпан Данілаў і Максім Варабей. Біятланісты адразу захапілі лідарства ў гонцы і трымаліся яго аж да апошняга этапу. Але па выніках заключнай стральбы Данілаў апусціўся на трэці радок, на гэтай жа пазіцыі Сцяпан і фінішаваў.
Гэты сезон для біятланістаў — асаблівы. Алімпійскі. Праўда, ці выступяць нашы спартсмены на Алімпійскіх гульнях, дагэтуль невядома. Аднак апускаць рукі яны не прывыклі, таму працуюць на максімуме, каб у выпадку станоўчага рашэння быць падрыхтаванымі на выдатна. І першы старт сезона — не паказчык падрыхтоўкі каманды. Тым больш што старты летнія, усе спартсмены падыходзяць да іх у рознай форме. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Алег Рыжанкоў расказваў парталу Sport5by, што ў Сочы наўмысна ўзялі і маладых спартсменаў — так званы «Састаў Б», — каб яны набраліся вопыту і праверылі свае сілы.
«Спартсмены па-рознаму рэагуюць на пачатак сезона. Зразумелая справа, першы старт, заўсёды ёсць нейкае чаканне, хочацца праверыць свой стан, якая форма ў спартсмена. Цяпер усе знаходзяцца ў рознай форме. Спаборніцтвы на лыжаролерах усё ж такі адрозніваюцца ад лыж, прычым глабальна. У плане экстрэмалізму, назавём гэта так, на ролерах любы нялоўкі рух на спуску можа прывесці да сур’ёзных траўм. Спартсмены, асабліва спартсменкі, больш педантычна падыходзяць да гэтага пытання і дзесьці, можа быць, перастрахоўваюцца», — адзначыў Алег Рыжанкоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц